Вы тут

«Студзеньскія музычныя вечары» распачынаюць святкаванне 1000-годдзя Брэста


Першага студзеня 2019 года ўжо назвалі сімвалічным пачаткам тысячагоддзя Брэста. Бо 1019 год, які лічыцца годам заснавання старажытнага Берасця, даволі ўмоўная дата, не кажучы ўжо пра месяц і дзень. Таму ўяўляецца лагічным і зразумелым пачынаць святкаваць тысячагадовы юбілей горада ўжо зараз. Што і робіць прагрэсіўная музычная брэсцкая грамадскасць разам з усімі прыхільнікамі класічнай музыкі пачынаючы з 9 студзеня. Менавіта ў гэты дзень адкрываецца міжнародны фестываль «Студзеньскія музычныя вечары», ХХХІ па ліку.


Прафесар Антоніа Амендуні

На гэты раз у Брэст прыедзе больш за 200 музыкантаў і выканаўцаў з дзесяці краін свету. І што цікава, большасць з іх стануць удзельнікамі «Вечароў» упершыню. Таму фэст атрымаўся вельмі новым — так яго сутнасць вызначыла нязменны арганізатар, заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь, ганаровы грамадзянін Брэста Лілія БАТЫРАВА. Але «новы» ў дадзеным кантэксце не азначае, што яго ўдзельнікі — малавядомыя пачаткоўцы. Многія з іх ужо лічацца сусветнымі знакамітасцямі. Напрыклад, скрыпачка Ганна Саўкіна выступала ледзь не з усімі знакавымі аркестрамі свету. Ды і іншыя музыканты заявілі аб сабе на самых лепшых сцэнах розных кантынентаў.

Адкрыецца фестываль гала-канцэртам салістаў італьянскага опернага тэатра Lа Skаlа Джані Манджардзіна і Альда Капута. Запрасіць іх у Брэст дапамог даўні сябар фэсту «Студзеньскія музычныя вечары», улюбёнец брэсцкай публікі, чароўная флейта міланскай оперы — Антоніа Амендуні. Сам флейтыст выступаў на «Вечарах» сем разоў, гэтым разам ён не едзе на фестываль, але парэкамендаваў таленавітых салістаў — падзялілася сакрэтамі фестывальнай кухні Лілія Батырава. І паведаміла, што ў першы вечар на сцэну Брэсцкага тэатра драмы таксама выйдуць салісты опернай праграмы Вялікага тэатра Расіі Тамуна Гочашвілі, Вікторыя Каркачава, Алуда Тодуа. Оперныя зоркі будуць спяваць у суправаджэнні Нацыянальнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра Белтэлерадыёкампаніі пад кіраўніцтвам Аляксандра Сасноўскага.

Яшчэ адной цікавінкай сёлетняга фестывалю стане прыезд Тома Сінатры, пляменніка легендарнага амерыканскага спевака, акцёра, кінарэжысёра і шоўмена Фрэнка Сінатры. Том — ураджэнец Сіцыліі, па папулярнасці не саступае знакамітаму дзядзьку, уваходзіць у пяцёрку найлепшых гітарыстаў свету.

— Некалі я планавала запрасіць на наш фэст Фрэнка Сінатру — расказвае Лілія Батырава. — Але не атрымалася. Не паспела. І вось нечаканасць: са мной звязалася па тэлефоне менеджар Тома, ураджэнка Беларусі, якая ведае наш фестываль. Тады я сказала, што, калі б нават ён не іграў і не спяваў, з-за аднаго імені я запрасіла б яго ў Брэст хаця б у якасці гледача. А нам прапанавалі віртуознага музыканта, які выконвае хіты Фрэнка Сінатры. Гэта для нас, безумоўна, знаходка.

І такіх знаходак ды адкрыццяў Лілія Рыгораўна абяцае шмат на сёлетніх «Вечарах». Чаго варты лірычнае сапрана Яанны Наўрот з Польшчы і бас-саліста Марыінскага тэатра Вадзіма Краўца!

Том Сінатра будзе выступаць у другім аддзяленні другога вечара 10 студзеня. А першае аддзяленне адкрые вядомы расійскі піяніст, дацэнт Маскоўскай кансерваторыі Міхаіл Лідскі. На трэцім музычным вечары выступяць піяніст-віртуоз, выпускнік парыжскай кансерваторыі Джонатан Бенішу з Манака, а таксама вядомы кларнетыст, выкладчык Акадэміі музыкі ў Гданьску Анджэй Вайцэхоўскі, выпускнік Музычнай акадэміі пры тэатры Lа Skаlа Чжан Цзын Вэй з Кітая.

Арганізатары падкрэслілі, што кошт білетаў на «Вечары» не мяняецца ўжо тры гады, але для тых, каму і гэтая цана ўяўляецца значнай, прадугледжаны бясплатныя альбо зусім бюджэтныя канцэрты. Адзін з іх пройдзе 10 студзеня ў музычным каледжы. А ў царкве па вуліцы Машэнскага выступіць сімфанічна-духавы аркестр Харальда Хепнера з горада-пабраціма Брэста Равенсбурга. Выступіць бясплатна для публікі дзякуючы спонсару — брэсцкаму прадпрыемству «Компа».

А вось з маладымі брэсцкімі музыкантамі і спевакамі будуць сустракацца ўдзельнікі кіеўскага маладзёжнага камернага хору «Сафія». У іх вельмі насычаны графік на гэтыя калядныя дні, але маладыя, лёгкія на пад'ём спевакі згадзіліся прыехаць менш чым на суткі. Яны выступаюць і з'язджаюць у той жа дзень. І ўпрыгожаць сабой апошні вечар фэсту — перакананая яго арганізатар.

На прэс-канферэнцыі з нагоды адкрыцця «Студзеньскіх музычных вечароў» начальнік упраўлення культуры Брэсцкага аблвыканкама Сяргей ПАНАСЮК падкрэсліў, што фестываль стане яркім пачаткам святкавання тысячагадовага юбілею Брэста.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Загаловак у газеце: Салісты Lа Skаlа і пляменнік Фрэнка Сінатры

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».