Вы тут

Я.Алейнік і Ю.Быкава пра атрыманне прэміі: Прыемна і нечакана


Адным з чатырох уладальнікаў прэміі «За духоўнае адраджэнне» сёлета стаў сямейны і творчы дуэт Яўгена Алейніка і Юліі Быкавай — аўтараў музыкі і тэкстаў песень, што ўвайшлі ў вялікі творчы праект, прысвечаны тэме малой радзімы.


Афіцыйнае абгрунтаванне высокай дзяржаўнай узнагароды гучыць так: «за ўвасабленне тэмы малой радзімы ў сучасным эстрадным мастацтве, стварэнне цыкла высокамастацкіх вакальных твораў патрыятычнага кірунку». Калі ж гаварыць простымі словамі, то кампазітар і паэтка здолелі спалучыць тонкую лірыку — душэўнасць і трапяткую цеплыню, што суправаджаюць успаміны кожнага чалавека пра дзяцінства, бацькоў, родны дом, незалежна ад таго, маленькая гэта вёска ці вялікі горад, і разам з тым правільны выхаваўчы пасыл, калі хочаце, грамадзянскі пафас. А песні, якія ў выніку атрымаліся, не проста сучасныя і запатрабаваныя — яны здольныя ўпрыгожыць канцэрт любога ўзроўню, ад школьнага вечара да маштабнага дзяржаўнага свята.

Нагадаем, у творчым багажы Яўгена Алейніка ўжо медаль Францыска Скарыны, атрыманы ў пачатку 2017-га як прызнанне многіх заслуг — у іх спісе можна згадаць дзіцячы і дарослы конкурс «Еўрабачанне», нацыянальную музычную прэмію «Ліра», у распрацоўцы канцэпцыі якой удзельнічаў кампазітар і прадзюсар, і загалоўную музычную тэму чэмпіянату свету па хакеі — 2014... Ды што паглыбляцца ў мінулае: толькі летась песня «Brіght year, brіght you» на музыку Яўгена Алейніка (словы Святланы Гераськовай) заняла другое месца ў конкурсе песень для цырымоніі адкрыцця і закрыцця ІІ Еўрапейскіх гульняў, а пад канец 2018 года Яўген і Юлія прэзентавалі новы альбом «Куточак Беларусі», удзел у якім узялі як маладыя беларускія артысты, так і вядомыя дзеячы эстрады — Іна Афанасьева, Анатоль Ярмоленка, Алена Ланская, Іскуі Абалян, Аляксандр Саладуха.

Словам, цяперашняя ўзнагарода стала, з аднаго боку, лагічна прадказальнай, а з другога — усё ж прыемна нечаканай. «Звязда» павіншавала дуэт з прызнаннем заслуг і спытала пра ўражанні.

— Такія рэчы заўжды адбываюцца прыемна і нечакана — калі ты заўзята працуеш, творчы працэс распісаны літаральна па днях, і, здаецца, няма месца для сюрпрызу. А потым у адзін цудоўны момант раздаюцца дзясяткі тэлефанаванняў, сябры і журналісты віншуюць з прэміяй, — адказалі лаўрэаты. — Насамрэч усе атрыманыя ўзнагароды — і падзяка Прэзідэнта за перамогу Лёшы Жыгалковіча ў дзіцячым «Еўрабачанні-2007», і медаль Францыска Скарыны, і прэмія «За духоўнае адраджэнне», — як мы лічым, атрыманыя намі ўдваіх. І вельмі радасна, што нас перастаюць штучна раздзяляць і дапытвацца, хто галоўны ў дуэце Алейнік—Быкава, дзе чыя заслуга, а пачынаюць разумець, што творчасць у нас заўжды адбываецца на роўных... Ці будзем мы спыняцца? Не, не будзем. У планах ужо ёсць выпуск альбома пад рабочай назвай «Куточак Беларусі 2.0» — насамрэч, безумоўна, назва будзе іншая, але сутнасць у тым, каб сабраць у адно цэлае песні іншых аўтараў і выканаўцаў, аб'яднаныя тэмай малой радзімы, цеплыні чалавечых стасункаў, наогул вечных каштоўнасцяў. Таксама ў канцы красавіка плануем вялікі аўтарскі канцэрт паводле альбома «Куточак Беларусі», цяпер якраз шукаем, на якой пляцоўцы будзе зладжаны гэты канцэрт. І, натуральна, працуем над новымі песнямі — частка з іх ужо напісана, а некаторыя існуюць толькі ў адным-двух словах, але ўжо зразумела, што песня з'явіцца.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Загаловак у газеце: Зроблена з душой

Выбар рэдакцыі

Спорт

Якаў Зянько: На лёдзе даю  волю эмоцыям

Якаў Зянько: На лёдзе даю волю эмоцыям

Ён — адзін з нямногіх прадстаўнікоў беларускага фігурнага катання на міжнароднай арэне. 

Грамадства

Чаму карты на беларускай мове — гэта стапрацэнтны эксклюзіў?

Чаму карты на беларускай мове — гэта стапрацэнтны эксклюзіў?

Першай грунтоўнай работай айчынных картографаў па-беларуску стаў Нацыянальны атлас, выпушчаны ў 2002 годзе.

Культура

Што агульнага паміж творчасцю і «табурэткай»?

Што агульнага паміж творчасцю і «табурэткай»?

Дзе можна асвоіць літаратурнае майстэрства? Як становяцца пісьменнікамі?

Грамадства

Асноўная задача — захаваць біялагічную сям'ю

Асноўная задача — захаваць біялагічную сям'ю

«Звязда» звярнулася па каментарыі аб рэалізацыі Дэкрэта Прэзідэнта № 18 да старшынь профільных камісій абедзвюх палат Нацыянальнага сходу Беларусі.