Вы тут

Чаму праграму па інфарматыцы трэба раздзяліць на два ўзроўні?


Прадмет «Асновы інфарматыкі і вылічальнай тэхнікі» з'явіўся ў школьнай праграме больш як 30 гадоў таму, калі пра існаванне камп'ютарнай тэхнікі савецкія школьнікі ведалі выключна тэарэтычна. Сучасныя дзеці, у адрозненне ад пакалення 1980-х, з камп'ютарамі і шматлікімі гаджэтамі на «ты» і ў многіх пытаннях апярэджваюць сваіх бацькоў і нават школьных настаўнікаў. Уключыць-выключыць камп'ютар, скапіраваць файл, загрузіць і адправіць па інтэрнэце фатаграфію могуць нават вучні пачатковых класаў. Але ж ці можна назваць гэтыя найпрасцейшыя навыкі лічбавай адукаванасцю? Ці не адстае сённяшняя школьная праграма ад патрэб інфармацыйнага грамадства? Чаму трэба вучыць на школьных уроках інфарматыкі? У якім узросце распачынаць яе выкладанне? Якая школьная інфарматыка патрабуецца сучаснай Беларусі? З гэтымі пытаннямі паспрабавалі разабрацца ўдзельнікі панэльнай дыскусіі, якая адбылася ў рамках ІІ Міжнароднай спецыялізаванай навукова-тэхнічнай выстаўкі-форуму «Інфармацыйныя тэхналогіі ў адукацыі» (ІTE 2018).


Гадзіна замест дзвюх

Але спачатку крыху замежнага досведу. У шэрагу краін вывучэнне інфарматыкі, уключаючы асновы праграмавання, сталі пераносіць у пачатковую школу. Гэтым шляхам пайшлі, напрыклад, Англія, Паўднёвая Карэя і Японія. У суседняй Украіне вывучэнне інфарматыкі цяпер распачынаецца з другога класа. У Расіі за кошт рэгіянальнага кампанента ўводзіць інфарматыку можна хоць з першага класа. А, напрыклад, у асобных штатах ЗША інфарматыка ўвогуле не з'яўляецца абавязковым прадметам у школе. Спрэчкі вакол гэтай школьнай дысцыпліны не сціхаюць. Шмат прыхільнікаў ёсць у ідэі больш ранняга вывучэння інфарматыкі (хоць бы з другога класа). Разам з тым дастаткова вялікая колькасць іх апанентаў лічаць, што ў школе ўвогуле не патрэбны асобны прадмет «Інфарматыка». Усё, што датычыцца апрацоўкі інфармацыі (скажам, як напісаць тэкст ці зрабіць прэзентацыю), павінна выкладацца дзецям на іншых уроках. Напрыклад, у Эстоніі, якая лічыцца адной з самых «прасунутых» у лічбавым плане краін у Еўропе, асобнага прадмета «Інфарматыка» няма: яна інтэграваная ва ўсе вучэбныя прадметы.

— Мой стаж выкладання інфарматыкі складае 28 гадоў, і я магу параўнаць, як яна развівалася, якой яна была і якой стала, — разважае Вераніка ЛАКЦІНА, настаўніца з віцебскай гімназіі № 8, якая падрыхтавала шматлікіх пераможцаў рэспубліканскіх і міжнародных алімпіяд па гэтай дысцыпліне. — Шчыра кажу, я настальгірую па тых часах, калі ў нас было профільнае вывучэнне інфарматыкі і дзве гадзіны інфарматыкі ў тыдзень, а не адна, як цяпер. Сёння мы вывучаем два кірункі: інфармацыйныя тэхналогіі і праграмаванне. Так, у нас пашырылася вывучэнне інфармацыйных тэхналогій, але мы звузіліся ў плане алгарытмізацыі і праграмавання. Я працую ў гімназіі і бачу, якія вялікія цяжкасці ўзнікаюць у дзяцей пры вывучэнні другога кірунку. За выдзеленыя гадзіны асвоіць праграмаванне ў поўнай ступені вельмі складана.

Цяперашнюю сферу ІТ падымаюць тыя нашы дзеці, якіх мы выпусцілі дзесяць гадоў таму — у 2008 годзе, калі скончылася профільная інфарматыка. Яны стаяць зараз каля штурвала. А што нас чакае далей, хутка даведаемся...

— Я адпрацаваў у ІТ-галіне 18 гадоў, быў праграмістам, займаўся кіраваннем праектамі і добра ведаю, якія спецыялісты там патрабуюцца, — кажа дырэктар Асацыяцыі «Адукацыя для будучыні» Аляксандр ХОМІЧ. — Сёння 20 працэнтаў тых, хто працуе ў ІТ-сферы, гэта маладыя людзі ва ўзросце ад 18 да 24 гадоў. Студэнты працуюць ужо з другога і нават з першага курса. І школьная інфарматыка — гэта фактычна той багаж, з якім яны прыходзяць у ІТ-кампанію. З таго, што я назіраю, мяне вельмі засмучае тая акалічнасць, што на ўроках інфарматыкі ў беларускай школе вучаць інструментам, а інструменты вельмі хутка старэюць, таму трэба пераглядаць падыходы і даваць дзецям магчымасць самастойна выбіраць інструменты, з дапамогай якіх яны будуць вырашаць пастаўленыя задачы.

Камп'ютар — толькі інструмент

«Пра школьную інфарматыку магу сказаць толькі адно — гэта сумна, — канстатуе Леанід ЛОЗНЕР, сузаснавальнік кампаніі EPAM Systems, член праўлення Асацыяцыі «Адукацыя для будучыні». — Я ведаю гэта ад сваіх дзяцей. Мне нават не падабаецца сама назва прадмета. З майго пункту гледжання, тое, чаму трэба навучаць у школе, павінна называцца computer scіence, па-нашаму нешта накшталт «вылічальнай навукі», але не камп'ютарнай, бо камп'ютар — гэта толькі інструмент: сёння ён адзін, а заўтра — іншы. Вывучаць інструменты бессэнсоўна. Канешне, карысна ведаць, што такое лінейка, але ж у нас няма ў школе прадмета, які вывучае лінейкі і транспарціры, а ёсць матэматыка, фізіка... Транспарціры за гэтыя гады, напэўна, таксама змяніліся, аднак калі мы не збіраемся пісаць дысертацыю аб іх эвалюцыі, то і марнаваць час на іх вывучэнне не трэба. З пункту погляду вылічальнай навукі галоўнай, безумоўна, з'яўляецца алгарытмізацыя. Яе і трэба вывучаць. Мне таксама падаецца дзіўным, што мы спрабуем вынайсці нейкую асаблівую інфарматыку для Беларусі.

— Трэба разумець, з кім мы працуем, для чаго, як гэта робім, і хто працуе? — разважае Аляксандр БУДСЛАЎСКІ, выкладчык БДУ і Мінскага абласнога інстытута развіцця адукацыі, які шмат гадоў працаваў са школьнікамі, старшыня журы рэспубліканскай алімпіяды па інфарматыцы сярод школьнікаў. — Ільвіная доля сённяшняй школьнай інфарматыкі прысвечана выхаванню дасведчаных карыстальнікаў, а для многіх дзяцей гэта насамрэч сумна. Інфарматыка ў нас распачынаецца з шостага класа, у ідэале да гэтага ўзросту ўсе вучні павінны падысці на аднолькавым узроўні камп'ютарнай адукаванасці, а ён, насамрэч, ва ўсіх розны. І тэхніка розная ў сем'ях, і якасць інтэрнэту. Да таго ж у сістэму адукацыі часта прыходзяць людзі, якія не змаглі трапіць у ІТ-галіну, таму ўзровень многіх школьных педагогаў нізкі. Настаўнік інфарматыкі нават не заўсёды можа ўстанавіць аперацыйную сістэму на камп'ютары. Педагогі, якія працуюць у школе, проста ведаюць школьны курс, а павінны ведаць удвая больш. Таму для таго, каб прыцягнуць у сістэму адукацыі добрых спецыялістаў, трэба іх стымуляваць.

Ёсць меркаванне, што ў школе павінны быць дзве інфарматыкі: бытавая, на якой школьнікі будуць проста вучыцца выкарыстоўваць тыя тэхналогіі, што ўжо ёсць, і другі кірунак — праграмаванне (калі мы ствараем, а не толькі карыстаемся). Алімпіяда па інфарматыцы — гэта фактычна алімпіяда па праграмаванні. Так, у школе складана выхаваць паўнавартаснага праграміста, але зразумець, ці можа і хоча вучань гэтым займацца, і развіць у яго пэўныя навыкі, можна ўжо ў школьныя гады. Між іншым, некаторыя падлеткі пачынаюць зарабляць на ўласных праектах даволі рана. Бытавую інфарматыку павінны вывучаць усе, а вось праграмаванне можа быць курсам па выбары, але ў такім выпадку для таго, каб паступаць у ВНУ на пэўныя спецыяльнасці, вывучэнне гэтага курса ў школе павінна быць абавязковым.

Па словах настаўніка інфарматыкі з Ліцэя БДУ, аўтара падручнікаў Анжалікі ЛАПО (яна таксама падрыхтавала шмат пераможцаў спаборніцтваў па інфарматыцы), у Міністэрства адукацыі яшчэ ў 2003—2004 гадах уносілася прапанова вывучаць інфарматыку ў старшай школе па розных варыянтах: мінімум — для ўсіх, а далей даваць магчымасць выбару. Варыятыўная частка залежала ад профілю навучання: меркавалася, што будучыя філолагі могуць вывучаць графічныя рэдактары і выдавецкія сістэмы; хімікі і біёлагі — камп'ютарнае мадэляванне, рэдактары хімічных формул; фізікі і матэматыкі — непасрэдна праграмаванне. Сёння ж у беларускай школе ёсць толькі адна гадзіна ў тыдзень на ўсё.

Калі не збіраешся быць праграмістам...

Інфарматыка ў тым выглядзе, як яна выкладаецца цяпер у нашых школах, уключае некалькі важных блокаў: гэта не толькі камп'ютарная асвета (атрыманне базавых ведаў пра камп'ютар, звестак пра аперацыйныя сістэмы, навыкаў для работы з офіснымі праграмамі), але і развіццё логікі, алгарытмічнага мыслення, непасрэдна стварэнне камп'ютарных праграм. Дарэчы, калі распачалася работа над новай праграмай па інфарматыцы, гучалі прапановы з боку бацькоў увогуле прыбраць раздзел «Алгарытмізацыя і праграмаванне» з курса інфарматыкі ў школе. Аргумент — «нашы дзеці не будуць праграмістамі». Адны выступалі за інфарматыку з дзіцячага садка, іншыя — за яе выключэнне са школьнай праграмы або, як варыянт, вывучэнне толькі ў профільных класах ці на старшай ступені школы. Частка бацькоў лічыць, што інфарматыка — занадта складаная для дзяцей дысцыпліна, а іншыя, наадварот, сцвярджаюць, што школьная праграма па інфарматыцы празмерна лёгкая.

Анжаліка Лапо — адзін з аўтараў новых дапаможнікаў па дысцыпліне. Іх адметнасць заключаецца ў паралельным размяшчэнні тэарэтычнай і практычнай частак, бо ў класічных падручніках яны размешчаны паслядоўна. Такі прыём дазваляе палепшыць успрыманне матэрыялу вучнямі.
Для многіх заданняў падрыхтаваныя спецыяльныя матэрыялы, якія можна знайсці на партале Нацыянальнага інстытута адукацыі. Ужо ёсць электронная падтрымка дапаможнікаў для 6 і 7 класа, а для 8 класа яна хутка з'явіцца. Калі на новую праграму пяройдуць 10 і 11 класы, для іх падрыхтуюць адзіны дапаможнік, дзе будуць прымяняцца зусім новыя падыходы.

— У папяровай версіі будзе ўтрымлівацца толькі тэорыя — тэарэтычныя асновы інфарматыкі, алгарытмізацыя, праграмаванне, а ўсе інфармацыйныя тэхналогіі (інструменты) будуць у электронным выглядзе, каб была магчымасць па меры неабходнасці аператыўна абнаўляць гэты кірунак, — тлумачыць Анжаліка Лапо.

Крытычнае мысленне і крэатыўнасць

— Алгарытмізацыю можна вывучаць нават на драўляных кубіках, — лічыць Леанід Лознер. — Мой дзесяцігадовы сын, які прыйшоў са школы, запытаўся ў мяне: «Тата, а ці ведаеш ты алгарытм прыгатавання яечні?» І расклаў гэты працэс па аперацыях: адкрыць халадзільнік, узяць яйкі, уключыць пліту, паставіць патэльню і гэтак далей. Прашу заўважыць: тут слова «камп'ютар» не прысутнічае. Алгарытмізацыя — гэта навучанне мастацтву мыслення.

— Я дзвюма рукамі за адукацыйную інфарматыку. Ёсць адзін узровень — неабходны для нармальнай работы і жыцця (уменне працаваць з офіснымі праграмамі, ствараць прэзентацыі, шукаць патрэбную інфармацыю ў інтэрнэце...) і другі (спецыфічныя веды, якія цікавыя і патрэбныя не кожнаму). І калі б школа дазволіа раздзяліць гэтыя два ўзроўні, гэта быў бы вялікі прагрэс, — падкрэслівае Аляксандр Хоміч. — Яшчэ было б нядрэнна, каб інфарматыку вывучалі ў звязцы з нейкімі іншымі прадметамі, таму што дзеці павінны бачыць сувязь паміж інфарматыкай і навакольным светам і ўмець выкарыстоўваць яе інструменты для вырашэння іншых задач. Абстрактныя веды нікому не патрэбныя. У ІТ цэняцца спецыялісты, якія ўмеюць задаваць пытанні, з развітым крытычным мысленнем, таму што там даводзіцца вырашаць задачы, якія ніхто раней не вырашаў, і калі ты будзеш проста рабіць тое, што табе скажуць, не падвяргаючы сумненням, нічога не атрымаецца.

— Усе, напэўна, ведаюць фразу «Калі ты валодаеш інфармацыяй, ты кароль свету». Але гісторыя з WіkіLeaks сведчыць, што любую інфармацыю, як бы старанна яе ні захоўвалі, можна скрасці і з дапамогай інтэрнэту вельмі хутка распаўсюдзіць. Але калі інфармацыя ўжо не з'яўляецца канкурэнтнай перавагай на рынку, то што можа быць такой перавагай? — задаецца пытаннем Маргарыта ЛАЗАРАНКОВА, эксперт у галіне крэатыўнай эканомікі, сузаснавальнік тэхналагічнай канферэнцыі Emerge. — Я адношуся да тых, хто лічыць, што сёння гэта крэатыўнасць, здольнасць генерыраваць новыя ідэі штодня, вырашаць задачы нестандартнымі спасабамі. Скапіраваць і распаўсюдзіць такую здольнасць складана, яе трэба старанна развіваць. Было б выдатна, калі б на ўроках інфарматыкі больш увагі ўдзялялася развіццю крэатыўнасці, што натхняла б падлеткаў на стварэнне ўласных прадуктаў. І такія прыклады ёсць, калі мы на канферэнцыі літаральна ў апошні момант даведваемся, што за цікавым і сур'ёзным праектам стаіць... 14-гадовы падлетак.

Надзея НІКАЛАЕВА

Загаловак у газеце: Інфарматыка: для ІТ і для жыцця

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?