Вы тут

Як малады педагог знаходзіць агульную мову з вучнямі


Гісторыя Кацярыны Ярмоленкі як выкладчыцы пачалася ў гімназіі гарпасёлка Акцябрскі, што на Гомельшчыне, калі настаўніца нямецкай мовы запрыкмеціла добрыя здольнасці да яе ў маленькай дзяўчынкі. Цікава, што матуля, цётка і бабуля Каці па прафесіі таксама педагогі. Яны не сумняваліся: гены сваё возьмуць.


— Калі ў 11 класе надышоў час вызначацца з будучай прафесіяй, зразумела, што хачу звязаць сваё жыццё з нямецкай мовай. Многія мяне адгаворвалі: «Ты што, будзеш настаўніцай? Навошта табе гэта трэба?» Але я была непахісная. Ведаеце, у маім дзяцінстве многія вялі дзённікі, запаўнялі розныя анкеты. Аднойчы знайшла ў сябе дома адзін з такіх экзэмпляраў, дзе было напісана: «Я люблю нямецкую мову!», «Хачу стаць перакладчыцай!». Цудоўна, што мары спраўджваюцца! — працягвае суразмоўніца.

У апошні дзень падачы дакументаў дзяўчына паехала ў абласны цэнтр і паступіла ў Гомельскі ўніверсітэт імя Францыска Скарыны на аддзяленне замежных моў. Пасля вучобы трэба было адпрацаваць два гады ў сельскай школе.

— Гэтага я не баялася. Паехала ў вёску Рассвет роднага Акцябрскага раёна. У класах вучылася па шэсць—дзесяць дзяцей. Былі выпадкі, калі на ўрок прыходзіў толькі адзін вучань, — гаворыць Кацярына.

Маладая настаўніца паспявала рабіць усё: і цікавыя ўрокі праводзіць, і ў сталіцу ездзіць адпачываць. Акрамя асноўных абавязкаў у сельскай школе некалькі разоў яе запрашалі ў Германію — у якасці перакладчыцы з групай дзяцей. Прызнаецца, што гэта была выдатная практыка. У вёсцы Кацярыне падабалася, але хацелася большага. Адпрацаваўшы два гады, дзяўчына знайшла месца ў Мінску.

— Чым выкладанне мовы ў сталічнай школе адрозніваецца ад выкладання ў сельскай? У горадзе шмат паралельных класаў, іх колькасць даходзіць да шасці-сямі, — кажа суразмоўніца. — А яшчэ, як толькі прыйшла ў гэтую школу, для мяне пачаліся разнастайныя конкурсы. Адным з такіх стаў «Сталічны настаўнік — сталічнай адукацыі», дзе я заняла другое месца. Раней прымала ўдзел у «Настаўніку года», але на мясцовым узроўні, дзе стала першай. Шчыра кажучы, удзел у конкурсе аднімае шмат часу і сіл, бо этапы праходзяць амаль увесь навучальны год: адкрытыя ўрокі ў іншых школах, выступленні на сцэне, пастаноўкі, стварэнне відэаролікаў. Неспадзявана для сябе я заняла другое месца на ўзроўні Мінска!

Настаўніца прызнаецца, што не спыняецца вучыцца. Курсы па ўдасканаленні прафесійных ведаў і парады калег дапамагаюць развіццю, а адкрытыя ўрокі выяўляюць маленькія недахопы, якія Кацярына можа адразу выправіць.

— Люблю сваю работу, бо яна не сумная, а творчая — заўсёды трэба штосьці прыдумляць на ўрок, каб вучням падабалася. Напрыклад, летась разам з маімі «школьнымі дзецьмі» ўдзельнічалі ў замежным праекце. Думала, якую ж тэму выбраць. Спыніліся на ежы: разам гатавалі дранікі, здымалі гэта на камеру, размаўлялі падчас дзеяння па-нямецку. Як вынік — станоўчыя эмоцыі і дыплом у руках, — кажа Кацярына. — Я не тыповая строгая настаўніца, якая працуе толькі па плане. Люблю эксперыментаваць з метадамі, здзіўляць. Напрыклад, заходжу ў краму, бачу нейкія мячыкі, літары, думаю: «О, гэта мне спатрэбіцца на занятках!» Весялосці ў нас таксама хапае! Напрыклад, вяду ўрок, вельмі сканцэнтраваная, усе слухаюць. Я тлумачу правілы, і тут адзін хлопчык цягне руку і кажа: «А ў майго брата ўчора быў дзень нараджэння!» Ну як тут ужо нармальна весці ўрок? Трэба ж выслухаць! Або нядаўна вучань нясе дзённік і кажа: «Кацярына Міхайлаўна, я не зрабіў хатняе заданне, пастаўце два». А я яму адказваю: «Двойку таксама трэба заслужыць, так што ў цябе ёсць час. Ідзі, рыхтуйся, зараз буду пытацца». Я адчуваю, што выкладаю нямецкую мову не дарма, што гэта прыносіць карысць тым, хто імкнецца да вучобы.

Дар'я ШЛАПАКОВА, студэнтка ІV курса факультэта журналістыкі БДУ

Загаловак у газеце: Дзеці, sprecht ihr Deutsch?!

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».