Вы тут

Дзевяцікласнік з Маладзечна стварае прыгожыя капкейкі


— Табе не здаецца, што гэты занятак больш падыходзіць дзяўчынкам? — часта пытаюцца сябры і знаёмыя ў дзевяцікласніка з Маладзечна Глеба Рудзько. У адказ на гэта хлопец заўсёды даводзіць, што самыя знакамітыя кандытары свету — мужчыны. Як гаварыў яго кумір Рэнат Акзамаў, чэмпіён Расіі па кандытарскім мастацтве: «Чалавек увесь час павінен вучыцца, пры падрыхтоўцы дэсертаў не важныя пол, нацыянальнасць ці ўзрост. Галоўнае — гэта веды і любоў да таго, што ты робіш».


...Аднойчы ў сястры Глеба была гадавіна вяселля. Мама вырашыла зрабіць торт з масцікай і папрасіла сына дапамагчы ёй. Калі ён убачыў вынік іх працы і пачуў захопленыя водгукі гасцей, захацелася зрабіць нешта падобнае зноў. Стаў шукаць у інтэрнэце розныя рэцэпты не толькі тартоў, але і іншых дэсертаў.

У партфоліа юнака ў Іnstagram каля 30 найлепшых «твораў» кулінарнага мастацтва. Уражвае яркі і арыгінальны дызайн тартоў, убачыўшы якія, нельга не здзівіцца фантазіі і крэатыўнасці хлопца. Напрыклад, яго любімы торт «Чырвоны аксаміт», нягледзячы на свой незвычайны колер, зроблены з натуральных прадуктаў, яго тэкстура нагадвае аксаміт, а сметанковы крэм падкрэслівае смак. «Лайкамі» і каментарыямі асабліва адзначаны «Касмічныя капкейкі» — невялікія пірожныя-кексы, названыя так з-за спалучэння сініх і фіялетавых колераў крэмавай шапачкі. З задавальненнем Глеб робіць трайфл — дэсерт з бісквітнага цеста з крэмам у шклянцы, безэ мерэнга на палачцы. Рыхтуе начынні ў тарты — кампатэ, канфіцюр, розныя крэмы. А ў люстраной глазуры, якой ён пакрывае ідэальна роўныя вырабы, можна і сапраўды ўбачыць сваё адлюстраванне. У планах — навучыцца гатаваць двух'ярусныя кулінарныя шэдэўры.

— Самае галоўнае ў гэтай справе — не баяцца эксперыментаваць, — лічыць Глеб. — Калі ты бачыш, што рэцэпт складаны, то не варта апускаць рукі, і, у рэшце рэшт, усё павінна атрымацца. Калі рабіў французскія пірожныя «Макарон», паспрабаваў пяць розных рэцэптаў, пакуль не знайшоў «свой». Калі часам нешта не атрымліваецца, хочацца выкінуць усё з акна. Гэта вельмі карпатлівая праца...

Прыкладам для юнака стаў французскі кандытар П'ер Эрмэ, стваральнік класічнага дэсерту — торта «Опера». Ён быў наватарам шмат у чым: адкрыў сетку высакакласных пякарняў у Парыжы, пякарню-кавярню-бістро ў першым французскім гандлёвым цэнтры, прафесійную французскую школу перападрыхтоўкі шэф-кухараў, лінію замарожаных дэсертаў. Раўняючыся на яго, Глеб плануе паступіць у інстытут харчовай прамысловасці, а пасля заканчэння марыць адкрыць сваю кавярню.

Юны кандытар вельмі любіць салодкае і не паважае фаст-фуд. Але калі б прыйшлося выбраць усяго адзін прадукт, які можна было б есці да канца жыцця, то выбраў бы мяса. Сапраўдны мужчына!

Кулінарыя — галоўнае, але не адзінае хобі маладога чалавека. У яго жыцці ёсць месца вакалу і танцам. Ад бацькі хлопцу перадалася любоў да музыкі, і ў школе Глеб спявае ў вакальнай групе «Красавік». Раней займаўся тайскім боксам і айкідо, але з-за траўмы давялося сысці з секцыі.

— Спорт замянілі танцы. Гэта і дадатковая фізічная нагрузка, і станоўчыя эмоцыі, — тлумачыць юнак. — Яшчэ я захапіўся журналістыкай. Сястра мае такую прафесію, яна дапамагае ў маіх пачынаннях, выпраўляе недахопы і дае парады.

Амаль кожныя выхадныя хлопец — актыўны ўдзельнік розных мерапрыемстваў: «Дзе логіка?», «Брэйн-рынг», «Запалі вогнішча дабра»... Яму падабаецца наведваць школьныя рэпетыцыі, пісаць сцэнарыі, быць вядучым, рыхтавацца да конкурсаў.

— Імкнуся рабіць усё ідэальна, каб перамагчы, — прызнаецца юнак.

Вясёлы, лёгкі на пад'ём Глеб без цяжкасцяў прыдумвае жарты для каманды КВЗ, якая паспяхова выступае на раённых і абласных турнірах. Пазалетась хлопец з аднакласнікамі падтрымліваў педагога-арганізатара Вольгу Шавель у конкурсе «Суперважаты», якая на рэспубліканскім этапе заняла трэцяе месца.

Глеб — актывіст піянерскай арганізацыі і БРСМ, атрада «Добрае Сэрца». Запомнілася, як удзельнічаў у забегу «Velcom — бягом»: «Удзельнікі дабрачыннай акцыі ўстанавілі на тэлефоны праграмы, і яны счытвалі кіламетры, якія мы прабеглі. За кожны кіламетр налічаўся рубель, а ўсе сродкі пералічваліся ў фонд дзіцячага дома. Я адолеў 4,5 кіламетра. Хай невялікі, але мой асабісты ўклад у агульную добрую справу».

Аднойчы яму прапанавалі паехаць ад атрада юных пажарных-ратавальнікаў у палявы лагер.

— Тры дні мы жылі ў палатках, дзяжурылі каля вогнішча, каталіся на маторнай лодцы, удзельнічалі ў эстафеце, — успамінае хлопец. — Калі здарыцца экстранная сітуацыя, я ведаю, як трэба дзейнічаць, і змагу аказаць першую дапамогу.

Штогод у канцы навучальнага года ў маладзечанскай СШ № 14 праходзіць мерапрыемства «Мазаіка поспеху», на якім узнагароджваюць найлепшых вучняў па выніках года: выдатнікаў, спартсменаў, таленты. Два гады запар Глеб Рудзько атрымлівае статуэтку як самы таленавіты і актыўны вучань.

Яго любімая пара года — лета. Адпачынак, дапамога бабулі па гаспадарцы, летнік, прырода, свежае паветра, новыя сябры... І самае галоўнае — дзень нараджэння. Хлопец заўсёды прадумвае свята да дробязяў. Летась была касцюміраваная вечарынка ў стылі «Галівуд».

Па жыцці Глеб аптыміст: «Я разумею, што адна няўдача нічога не вырашае. Усё роўна трэба рухацца далей».

Надзея Бобрык, студэнтка І курса факультэта міжкультурных камунікацый МДЛУ

Загаловак у газеце: «Касмічныя капкейкі», ці Галоўнае — не баяцца эксперыментаваць!

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».