Вы тут

Для чаго варта працаваць


У нас гэтымі днямі ідзе фестываль класічнай музыкі «Студзеньскія музычныя вечары». Больш за трыццаць гадоў ён праходзіць у Брэсце. Існуе найперш намаганнямі, талентам, арганізатарскімі здольнасцямі і, вядома, сувязямі ў музычным свеце аднаго чалавека — Ліліі Рыгораўны Батыравай. Яна ўмее нейкім чынам угаварыць сусветных зорак опернай сцэны прыехаць у нашу для іх правінцыю і выступіць. Для некаторых з іх брэсцкія ганарары, мякка кажучы, неістотныя. Адзін з іх так і сказаў: «Я толькі па Краснай плошчы прайду, і мне больш заплацяць, чым вы прапануеце». Але вельмі многія адклікаюцца, не ўсе ж памер заробкаў ставяць на першае месца. Для асобных людзей, асабліва з дальняга замежжа, цікава бывае прыехаць у краіну былога Савецкага Саюза, паглядзець на свае вочы, параўнаць з тым, што пра нас пішуць.


Варта шчыра сказаць: не заўсёды параўнанне бывала на нашу карысць. Аднойчы, яшчэ ў 90-я, нашы пільныя мытнікі затрымалі юнага музыканта, ці правільней сказаць, яго скрыпку, вельмі дарагую. Нешта там не адпавядала тагачасным нормам у афармленні падобных грузаў. Лілія Рыгораўна ездзіла на мяжу, прасіла, сварылася, даказвала, што гэта не груз, а інструмент, які ў згаданым выпадку неаддзельны ад музыканта. Маўляў, гэты юны талент выступіць і з'едзе з гэтай жа скрыпкай, якая ўжо аб'ехала ледзь не ўвесь свет, і нідзе яе не затрымлівалі. «Які ж вы імідж робіце нашай краіне?!» — дакарала яна службовых асоб, знаходзіла нейкія іншыя словы і аргументы, пакуль яны, нарэшце, не здаліся. Ды гэта адзін, даўні, невялічкі, можна сказаць, зусім нязначны эпізодзік у гісторыі доўгага ўжо па працягласці фестывалю. Сама яго арганізатарка прызнаецца, што найбольш яна ўспамінае знакамітых, нават вялікіх музыкантаў, якіх, як правіла, асабіста сустракае на вакзале, а потым суправаджае. Такіх, напрыклад, як Святаслаў Рыхтэр. Ён шмат разоў быў у Брэсце, стаў сябрам нашага фэсту і нязменнага арганізатара «Вечароў». Бывалі тут Марыя Біешу, Алена Абразцова, Артур Эйзен, Уладзімір Співакоў з «Віртуозамі Масквы» і яшчэ дзясяткі, сотні вядомых майстроў музыкі з усяго свету.

Вось і сёлета 83-гадовая Лілія Рыгораўна праводзіць чарговы фестываль. Думаю, яна не пакрыўдзіцца, што я агучваю яе ўзрост. Яна і не хавае свае гады. 80-годдзе старшыні абласнога музычнага таварыства вельмі прыгожа адзначылі ў Брэсце. Яе тады зрабілі ганаровым грамадзянінам горада. Выйшлі газетныя артыкулы, з якіх многія ўпершыню даведаліся, што першыя свядомыя гады дзяцінства будучага музыканта прайшлі ў акупаваным Мінску, а сям'ю, як яна сама вызначыла, разбурыла вайна. Адразу пасля вайны Ліля трапіла ў Брэст. Тут ёй выпала сустрэча з таленавітым педагогам і піяністкай Яўгеніяй Дабратворскай.
І музыка назаўсёды стала лёсам змучанай ваеннымі наваламі дзяўчынкі. Лілія ператварылася ў выдатнага педагога і музыканта, а таксама многа зрабіла, каб падняць на чарговую прыступку культуру самага заходняга абласнога цэнтра Беларусі.

Асобныя функцыянеры ад культуры, спагадліва ківаючы на ўзрост Батыравай, спрабавалі зрабіць нешта падобнае ці альтэрнатыўнае студзеньскаму фэсту. Ды нічога ў іх не атрымалася. Бо каб «Вечары» па-сапраўднаму загучалі, гэтаму, відавочна, трэба прысвяціць жыццё. На адной з апошніх сустрэч Лілія Рыгораўна расказала, што яе трымае і што дае сілы ў гэтай рабоце: «Неяк на вуліцы сустракаю знаёмую інтэлігентную сям'ю. Сужэнцы, якіх штогод бачу на канцэртах «Вечароў», сказалі, што яны, як заўсёды, узялі білеты загадзя. Разгаварыліся, муж з жонкай заўважылі, што адразу ім цяжка было б выдзеліць такую суму з пенсіі, таму яны адкладваюць грошы цэлы год, каб у студзені наведаць усе выступленні і атрымаць сапраўдную асалоду ад музыкі. Вось для такіх людзей і хочацца працаваць. І гэта работа падтрымлівае, дае дадатковую энергію», — заключыла Лілія Рыгораўна.

І я падумала, што ва ўсіх нас ёсць нешта, што дае сілу, энергію, дадатковы стымул. Перад самым Новым годам пазваніла чытачка, — нагадала аб маёй калонцы пра калядныя цуды. Гады тры таму, а мо і болей, я пісала, як некалі нам, маладым спецыялісткам, у пакой пружанскага інтэрната 31 снежня прынеслі ёлку ды мех бульбы. Дык вось, калі жанчына чытала згаданы тэкст, ёй пастукалі ў дзверы і паднеслі салодкі падарунак, хоць зусім не чакала такой увагі ў той дзень. Калі ж чытала іншы «нефармат» — пра Еўтушэнку, — атрымала даўно чаканы званок. З той пары лічыць мяне нечым накшталт добрага вестуна. Гэты званок і для мяне стаў нечым накшталт навагодняга цуду. Пасля такіх званкоў сапраўды хочацца працаваць.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Культура

Як у Чавускім раёне праводзіліся святыя вечары

Як у Чавускім раёне праводзіліся святыя вечары

Традыцыя варажыць на нарачонага прыйшла з язычніцкіх часоў.

Грамадства

Мастацкі кіраўнік «Песняроў» пра радасці і складанасці сямейнага жыцця

Мастацкі кіраўнік «Песняроў» пра радасці і складанасці сямейнага жыцця

«Я лічу, што мужчына можа заводзіць сям'ю, калі ў яго ўжо ёсць сваё жыллё або выразная перспектыва, калі яно з'явіцца».

Грамадства

Небяспечныя гульні. На што трэба звярнуць увагу бацькам падлеткаў

Небяспечныя гульні. На што трэба звярнуць увагу бацькам падлеткаў

Днямі суд Першамайскага раёна Мінска абвясціў прысуд удзельнікам вечарынкі, падчас якой 19-гадовая дзяўчына загінула ад ужывання псіхатропу

Эканоміка

Падрыхтаваны праект новага ўказа аб аднаўляльных крыніцах энергіі

Падрыхтаваны праект новага ўказа аб аднаўляльных крыніцах энергіі

Так званая «зялёная» энергетыка ў апошнія гады развіваецца ў нашай краіне хуткімі тэмпамі.