Сёлетняй зімой больш за 140 дзяцей патрапілі ў дзве профільныя ўстановы аховы здароўя з траўмамі пасля катання на цюбінгах. Калі штосьці пайшло не так, гэта вясёлая забава можа абярнуцца сур'ёзнымі праблемамі — чэрапна-мазгавымі траўмамі, пашкоджаннямі ўнутраных органаў і пазваночніка, у тым ліку яго пераломамі. Нават дарослыя, не кажучы пра дзяцей, недаацэньваюць небяспеку гэтага «баліду», які здольны развіваць хуткасць да 100 км у гадзіну.
— І дзецям, і дарослым у катанні на цюбінгу падабаюцца два моманты: хуткасць і некантралюемасць. Але менавіта яны і становяцца прычынамі траўмаў. Кожны выхадны да нас трапляюць 10—15 дзяцей, якія траўміраваліся падчас такога катання. З пачатку зімы іх было больш за сотню, 35 шпіталізавана, у тым ліку трое — у вельмі цяжкім стане, аднаго з іх мне давялося ўжо двойчы аперыраваць, — расказвае кіраўнік Рэспубліканскага цэнтра дзіцячай нейрахірургіі, галоўны пазаштатны спецыяліст па дзіцячай нейрахірургіі Міністэрства аховы здароўя Міхаіл ТАЛАБАЕЎ.
У РНПЦ траўматалогіі і артапедыі гэтай зімой трапіла з вышэйназванай нагоды 38 дзяцей, восем з іх шпіталізавана. Апошняя юная пацыентка дастаўлена ў рэанімацыю літаральна ўчора.
— Пераважная большасць дзяцей паступае ў цэнтр дзіцячай нейрахірургіі, бо большасць траўмаў — ад удараў галавой. З пашкоджаннямі пазваночніка, пераломамі канечнасцяў звяртаюцца да нас, у РНПЦ траўматалогіі і артапедыі, — расказвае загадчык лабараторыі захворванняў і наступстваў траўмаў пазваночніка і спіннога мозгу Андрэй БАБКІН.
Катанне на цюбінгу, а разам з ім і траўмы, сталі распаўсюджанай з'явай тры-чатыры гады таму. Сёлета сітуацыя пагоршылася — два чалавекі загінулі. Медыкі сыходзяцца ў адным — цюбінг стаў даступным спосабам уцягнуць дзіця ў непрыемнасці, і бацькі часта не ўсведамляюць гэтага.
— Калі раней гэта прылада выкарыстоўвалася выключна як спартыўны інвентар — у месцах, прызначаных для бяспечнага катання, пад наглядам інструктараў і пры адпаведнай падрыхтоўцы, то зараз яна ў вольным продажы. Дзіця не можа сябе кантраляваць, у яго няма адпаведнай экіпіроўкі, якая змякчае ўдары, да таго ж многія горкі не прызначаны для катання, — кажа траўматолаг-артапед вышэйшай катэгорыі прыёмнага аддзялення РНПЦ траўматалогіі і артапедыі Андрэй ЯРАШЭВІЧ.
У Следчым камітэце праводзіцца праверка па сямі фактах цяжкага траўміравання падчас катання на цюбінгу, у тым ліку двух смяротных. У Савет Міністраў накіравана пісьмо з прапановамі па ўдасканаленні парадку вырабу, рэалізацыі і эксплуатацыі цюбінгаў, паведаміў начальнік галоўнага ўпраўлення працэсуальнага кантролю Следчага камітэта Сяргей ЦІШУК.
— Адправіць дзіця катацца на цюбінгу — тое ж самае, што пасадзіць у машыну без тармазоў. Важна, каб і самі бацькі давалі ўстаноўку на бяспечныя паводзіны, — падкрэсліў Сяргей Цішук.
— Калі дзіця атрымлівае траўму, бацькі часта недаацэньваюць яго стан — вядуць дадому, прыкладаюць лёд, не ўсведамляючы, што могуць страціць малое на працягу найбліжэйшых гадзін. Па медыцынскую дапамогу варта звяртацца неадкладна, — папярэджвае афіцыйны прадстаўнік Следчага камітэта Юлія ГАНЧАРОВА.
Алена КРАВЕЦ
Фота Андрэя САЗОНАВА
Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве
Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.