Вы тут

Новы комплекс метэаралагічных і аэралагічных назіранняў адкрыўся ў Мінску


Нядаўна ў беларускай сталіцы адбылося адкрыццё новага комплексу метэаралагічных і аэралагічных назіранняў «Мінск». Урачыстае мерапрыемства прайшло з удзелам намесніка прэм'ер-міністра Міхаіла Русага і міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Андрэя Худыка.

— Кіраўніком дзяржавы было жорстка пастаўлена пытанне аб тым, што метэаралагічны сектар павінен быць мадэрнізаваны ў самыя кароткія тэрміны. Была складзена дарожная карта да 2020 года, — сказаў Міхаіл Русы падчас адкрыцця комплексу. Ён дадаў, што дзякуючы такой мадэрнізацыі пашырыцца супрацоўніцтва з інтэрнэт-рэсурсамі (дакладная метэаралагічная інфармацыя павінна быць ва ўсеагульным доступе) і з Міністэрствам па надзвычайных сітуацыях (для своечасовага папярэджання насельніцтва падчас аранжавага ці чырвонага ўзроўню небяспекі).

Будаўніцтва новага пункта метэаралагічных і аэралагічных назіранняў у Мінску пачалося ў красавіку мінулага года, а ўжо 5 лістапада быў уведзены ў строй першы пускавы комплекс. Сучасны комплекс у Мінску будзе перадаваць інфармацыю ў анлайн-рэжыме восем разоў на суткі па 12 параметрах.

— Тое, што неабходна палепшыць прагназаванне надвор'я, у нашым грамадстве абмяркоўваецца даўно. Ад кіраўніка дзяржавы паступіла даручэнне палепшыць работу Белгідрамета. Былі выдзелены сродкі на гэтыя мэты. Многае ўжо зроблена ў плане тэхнічнай мадэрнізацыі, прагнозы сталі больш дакладнымі. Мы дасягнулі па абласцях дакладнасці прагнозаў 97—98 %, па абласных цэнтрах — 93—95 %. З кожным годам, укладваючы інвестыцыі, прыцягваючы новыя тэхналогіі, навучаючы спецыялістаў, мы будзем набліжацца да найлепшых паказчыкаў. Наша работа накіравана на максімальны вынік, — падкрэсліў Андрэй Худык.

Увод у эксплуатацыю метэаралагічнага комплексу ў сталіцы дазволіць забяспечыць поўны цыкл гідраметэаралагічных назіранняў (прыземных метэаралагічных, аэралагічных, актынаметрычных, гідралагічных, радыяметрычных) з дапамогай сучаснага высокапрадукцыйнага абсталявання.

Унікальнасць новага комплексу заключаецца ў тым, што тут упершыню ўкаранёны інтэграваны падыход функцыянавання розных сетак назіранняў. Для ажыццяўлення ўсіх відаў назіранняў закуплены і ўстаноўлены самыя сучасныя прыборы і абсталяванне.

Прыземныя (раней было неабходна будаваць вышкі, зараз усю інфармацыю можна атрымліваць з ніжняга пункта) метэаралагічныя назіранні праводзяцца кругласутачна з дапамогай аўтаматызаванай інфармацыйнай вымяральнай сістэмы вытворчасці беларускай кампаніі ААТ «Пеленг», у склад якой уваходзіць 25 датчыкаў, і ўключаюць назіранні за станам, змяненнем і развіццём атмасферных працэсаў, у тым ліку за неспрыяльнымі і небяспечнымі гідраметэаралагічнымі з'явамі, вымярэнне параметраў і вызначэнне метэаралагічных характарыстык (74 параметры і характарыстыкі).

На тэрыторыі комплексу ўведзены ў эксплуатацыю адзіны ў Беларусі тэмпературна-ветравы прафілямер у мабільнай версіі. Выкарыстанне такога роду абсталявання дазволіць у рэжыме рэальнага часу ажыццяўляць бесперапынны маніторынг параметраў ветру і тэмпературы ў ніжніх пластах атмасферы для прагназавання небяспечных метэаралагічных з'яў, правядзення радыяцыйна-экалагічнага маніторынгу ў Мінску і на тэрыторыі Беларускай АЭС для разліку распаўсюджвання забруджвання, калі раптам узнікне няштатная сітуацыя.

На сённяшні дзень у Белгідрамета ёсць у распараджэнні тры радыёлакатары: у Мінску, Гомелі і Брэсце. Плануецца забяспечыць адпаведным абсталяваннем Віцебск і Гродна, а таксама замяніць радыёлакатар у Брэсце. Работы па мантажу радыёлакатара ў Віцебску будуць скончаныя ў снежні 2018 года, у Гродне праводзяцца работы па выбары зямельнага ўчастка для размяшчэння радыёлакатара.

Сетка стацыянарных пунктаў назіранняў Белгідрамета не цалкам пакрывае тэрыторыю краіны, асабліва ў частцы назіранняў за ападкамі. У цяперашні час у Беларусі метэаралагічная сетка складаецца з 51 пункта назіранняў, на 38 з іх устаноўлены аўтаматызаваныя метэаралагічныя сістэмы. Да 2020 года плануецца павелічэнне сеткі метэаралагічных назіранняў да 60 пунктаў.

Вольга ПРАЛЮК

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».