Вы тут

У Беларусі рэгіструюцца адзінкавыя выпадкі грыпу


У Беларусі выяўляюцца адзінкавыя яго выпадкі, а ў Грузіі і Украіне тым часам ёсць памерлыя ад ускладненняў

Узровень захваральнасці вострымі рэспіраторнымі захворваннямі і вірусам грыпу ў краіне застаецца на нізкім узроўні. Рэгіструюцца адзінкавыя спарадычныя выпадкі грыпу.


— Апошнім часам у жыхароў Беларусі штогод рэгіструецца каля 2 мільёнаў эпізодаў вострых рэспіраторных інфекцый. З іх тры чвэрці выпадкаў — звычайныя прастуды ці вострыя рэспіраторныя інфекцыі, — расказала загадчык аддзела пульманалогіі і хірургічных метадаў лячэння хвароб органаў дыхання РНПЦ пульманалогіі і фтызіятрыі Алена
ДАВІДОЎСКАЯ.
— Прычым, трэць усіх выпадкаў здараецца менавіта ў зімовы перыяд.

Яна адзначыла, што ў беларусаў штогод рэгіструецца да 50 тысяч выпадкаў пнеўманій, і трэць з іх — таксама ў зімова-веснавы перыяд. Прычына ўзнікнення гэтага бактэрыяльнага ўскладнення — як правіла, вострая рэспіраторная інфекцыя.

— Перыяд з пачатку студзеня і да сакавіка, нават да красавіка традыцыйна лічыцца часам пад'ёму захваральнасці на вострыя рэспіраторныя захворванні і грып. Сёлета пакуль іх узровень нізкі. У апошні каляндарны тыдзень увогуле колькасць захварэлых крыху знізілася, — дадала намеснік начальніка аддзела гігіены, эпідэміялогіі і прафілактыкі Міністэрства аховы здароўя Іна КАРАБАН. — Выпадкаў грыпу пакуль няшмат, гэта пераважна штамы A(H1N1) і A(H3N2). І выяўляюцца яны ў тых, хто не зрабіў прышчэпку.

Тым часам у Грузіі, а таксама ва Украіне ўжо зарэгістраваны смяротныя выпадкі ў выніку ўскладненняў грыпу A(H1N1), які яшчэ называюць свіным.

— Найперш няправільна лічыць гэты грып свіным. З 2009 года, калі адбылася маштабная пандэмія, ён стаў чалавечым, — падкрэсліла Іна Карабан. — У Грузіі і Украіне нізкі ахоп прышчэпкамі, з чым і звязана шырокае распаўсюджанне грыпу і ўскладненняў. Як паказваюць лічбы, цяжкія формы вострых рэспіраторных інфекцый развіваюцца менавіта ў невакцыянаваных пацыентаў — у 98 % выпадкаў.

Таму адзіны эфектыўны спосаб спецыфічнай прафілактыкі — вакцынацыя. Летась, напрыклад, не было ніводнага выпадку пнеўманіі ў пацыентаў, якія атрымалі прышчэпкі супраць грыпу.

Іна Карабан адзначыла, што вакцыянаваны чалавек калі і захварэе грыпам, то ў вельмі лёгкай форме. Дарэчы, прышчэпкі ад грыпу сёлета атрымала 40,6 % беларусаў.

Каб не захварэць грыпам, калі вы не маеце прышчэпкі, спецыялісты раяць абмяжоўваць свае кантакты, больш часу праводзіць на свежым паветры, часцей праветрываць памяшканне і рабіць яго вільготную ўборку. Аптымальная тэмпература ў пакоі — не больш за 20 градусаў, пры ёй вірус не мае шанцаў распаўсюджвацца. Слізістая носа павінна ўвесь час быць вільготнай. Калі вы захварэлі, важна знаходзіцца ў цяпле, больш піць і памятаць, што павышэнне тэмпературы цела — ахоўная рэакцыя арганізма. Прымаючы парацэтамол пры тэмпературы 37,5 градуса, вы часова аблягчаеце свой стан, але садзейнічаеце больш працягламу перыяду хваробы, нагадваюць медыкі.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.