Вы тут

Ці магчыма калясачніку весці нармальнае жыццё ў гарадскім асяроддзі?


Валянціна Піпко шмат гадоў узначальвае фізкультурна-спартыўны клуб інвалідаў «Шанс» у Брэсце. Яна вядомы ў горадзе чалавек, яе мэтанакіраванасць і актыўная жыццёвая пазіцыя дапамаглі шмат зрабіць для рэабілітацыі інвалідаў. Валянціна Мікалаеўна — інвалід І групы, з цяжкасцямі, якія пераследуюць людзей з абмежаванымі магчымасцямі, сутыкаецца ў паўсядзённым побыце, праблему ведае не па чутках. З ёй мы і абмяркоўваем магчымасць весці нармальнае жыццё ў гарадскім асяроддзі для інваліда-калясачніка.


Хібы ў выкананні законаў

Валянціна Піпко пачала з таго, што дзяржава апошнім часам зрабіла вельмі шмат для стварэння сапраўднага безбар'ернага асяроддзя. Тое, што было ў савецкі час і зараз — неба і зямля. Галоўныя захады зробленыя на заканадаўчым узроўні: прынятыя адпаведныя нормы, нарматывы, патрабаванні, выдзелены сродкі. Але, як нярэдка ў нас бывае, з выкананнем законаў узнікаюць праблемы. Маленькія недапрацоўкі на месцах, неапраўданая эканомія альбо элементарны недагляд пры будаўніцтве здольныя абярнуцца для канкрэтных людзей забаронай на простыя дзеянні. І, здараецца, абарочваюцца сапсаваным настроем, слязамі, а то і рэальнымі праблемамі.

— Ну вось, скажам, на любой паркоўцы прадугледжана месца для інвалідаў. І на любой яно бывае, як правіла, занятае, — разважае Валянціна Піпко. — Як з гэтым змагацца? Чакаць пакуль перастроіцца свядомасць людзей? Але гэтага можна дабіцца пры ўмове выхавання чалавека з самага ранняга ўзросту, значыць, не менш, чым праз пакаленне. Выхадам бачацца меры адміністрацыйнага ўздзеяння. Так, дарожная міліцыя праводзіць рэйды, скажам, напярэдадні міжнароднага дня інвалідаў. Але ж гэта варта рабіць часцей, ну хоць бы раз на месяц. Як чалавек за нейкае парушэнне адкажа рублём, то апошняе нават калі не зменіць разуменне, яно застанецца ў памяці. Думаю, што еўрапейцы дабіліся жаданага становішча не толькі выхаваннем, але і штрафамі. Там яны, дарэчы, вельмі вялікія.

Непераадольная перашкода

Ну і самая вялікая праблема для людзей з абмежаванымі магчымасцямі ў перасоўванні — паніжаныя бардзюры. Такое ўражанне, што з кожнай новай будоўляй мы наступаем на адны і тыя ж граблі. Аўтар гэтых радкоў мела магчымасць назіраць падобныя будаўнічыя хібы, бо побач з карпунктам некалькі гадоў працягваюцца маштабныя будоўлі. Спачатку ўзводзілі вялікі офіс падатковай службы, цяпер ідзе рэканструкцыя кобрынскага моста. Дык вось падатковую здалі, добраўпарадкаванне зрабілі, новыя дарожкі праклалі, у тым ліку з боку моста. А ў напрамку вуліцы Малой паставілі такія высокія бардзюры, што і здароваму чалавеку іх не вельмі лёгка пераадолець, калі пераходзіш дарогу. Потым, вядома, перарабілі, змарнаваўшы сродкі.

Валянціна Мікалаеўна прывяла прыклад новага будынка агенцтва па нерухомасці і зямельным кадастры, якое па звычцы ўсе называюць БТІ. Там проста шыкоўнае безбар'ернае асяроддзе: пандусы, месцы для паркоўкі, поручні спецыяльныя. Але ў гэтае самае асяроддзе інвалід проста трапіць не можа. Бо вакол — аніводнага паніжанага бардзюра. То-бок выйшаў з машыны, перасеў у каляску... і можаш вяртацца дадому, калі пасаромеешся прасіць некага аб дапамозе. Укладзена шмат сродкаў, а нейкая дробязь перакрэслівае намаганні столькіх людзей. Тое ж самае назіраецца ў адным з найбуйнейшых гандлёвых цэнтраў «Вам рад», паніжаных бардзюраў няма. Нават на чыгуначным вакзале, куды можна дэлегацыі вадзіць па вывучэнні гэтага самага безбар'ернага асяроддзя, не прадугледзелі пад'езд для калясак на аўтастаянцы з выхадам на цэнтральны перон.

На жаль, яшчэ часта пры правядзенні добраўпарадкавання менавіта ў парушэнне праектаў «забываюць» зрабіць паніжаны бардзюр — самае важнае для чалавека ў калясцы. Потым даводзіцца перарабляць, укладваць сродкі наноў і выпраўляць хібы канкрэтнага чалавека: майстра альбо прараба. Вось вам той самы чалавечы фактар, карані якога хаваюцца ў перажытку савецкага мінулага — устаноўцы, што інвалідаў у нас няма. Можа, трэба абавязаць тых, хто прымае аб'екты, прайсці дадатковы курс лекцый — гаварылі ў клубе.

Што датычыцца гандлю, то інваліды ў цэлым задаволеныя абсталяваннем яго аб'ектаў. У кожным раёне горада ёсць супермаркет альбо нават гіпермаркет буйной гандлёвай сеткі, які цалкам прыстасаваны для людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Паводле ацэнкі Валянціны Піпко, нельга зрабіць такімі ўсе магазіны. Але ж выбраць нейкую з крам пакупнік у калясцы заўсёды зможа.

Інвалід у палаце

Застаецца пытанне па медыцынскіх установах. Цяпер там ёсць пандусы, абсталяваныя заезды, шмат чаго зроблена для зручнасці, укладзеныя немалыя сродкі. Але ніводзін стацыянар не аснашчаны спецыяльнымі туалетамі для інвалідаў. Скажам, паступае чалавек на лячэнне ў аддзяленне і сутыкаецца з сітуацыяй, калі на калясцы ў туалет проста не патрапіш, бо там вузкія дзверы, няма патрэбных прыстасаванняў. Вядома, пацыент пачынае задаваць пытанне, і санітарка прыносіць адпаведныя пасудзіны. Гэта значыць, чалавеку прапаноўваюць спраўляць патрэбу ў палаце пры ўсіх. Для асобных людзей гэта абарочваецца сапраўдным стрэсам, няцяжка
ўявіць. «Лічу, што праблему трэба вырашаць, — гаворыць Валянціна Мікалаеўна. — Інвалідам па стане іх здароўя часта даводзіцца праходзіць курс лячэння. І яны павінны мець падчас знаходжання ў стацыянары нармальныя санітарныя ўмовы. Гэта не значыць, што варта ўладкоўваць асобны туалет для інвалідаў. Дастаткова ў любым туалеце аддзялення зрабіць шырокія праёмы і дадатковыя поручні».

Бар'еры — у галовах

У Брэсце інвалід-калясачнік без асаблівых праблем трапіць ва ўстановы грамадскага харчавання. Можа ён знайсці для сябе аддзяленне банка, цырульню, пошту. А вось ва ўстановы культуры часта дарога такому чалавеку фактычна закрытая. Самае большае, што ёсць, пандусы. Але з дапамогай пандусаў заедзеш у лепшым выпадку ў фае. Далей — праблемы. Новы лялечны тэатр, які ўзводзіцца, будзе зроблены з улікам цяперашніх патрабаванняў. А драматычны тэатр, кінатэатры пабудаваныя даўно, яны яўна не разлічаныя на людзей з абмежаванымі магчымасцямі.

Размову працягваем з трэнерам клуба «Шанс» Дар'яй Міхнюк. Яна па родзе дзейнасці часта выязджае са спартсменамі-калясачнікамі за мяжу на спаборніцтвы, зборы. Мае магчымасць параўноўваць. Дар'я лічыць, што праблема ў свядомасці здаровых членаў грамадства, і паступова яна мяняецца да лепшага. Але там, за мяжой, людзі больш праяўляюць спагады. Нават на мяжы і мытні з суседняга боку гэта ўжо адчуваеш. Там на дапамогу прыйсці імкнецца не толькі службовая асоба, але і кожны выпадковы чалавек. У нас таксама ёсць шмат чулых, нераўнадушных, але ёсць і іншыя прыклады. Маецца на ўвазе не толькі прахожы, які не прытрымаў дзверы, але і кіраўнік, які адмовіў у прыёме на работу. Трэба рухацца ў напрамку змены свядомасці. Бар'еры часта знаходзяцца ў нас саміх. Іх пераадольваць цяжэй за ўсё.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Загаловак у газеце: Паніжаны бардзюр і занятая паркоўка

Выбар рэдакцыі

Культура

Акцёр Віктар Манаеў: Жыццё само па сабе з'яўляецца камедыяй

Акцёр Віктар Манаеў: Жыццё само па сабе з'яўляецца камедыяй

Размова пра сучаснае стаўленне да культуры, гастролі Купалаўскага тэатра ў савецкія часы і здымкі ў фільме «Ідзі і глядзі».

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Пра куфэрак и вяртанне блуднага мужа.