Вы тут

З пошты «МС». Некалькі думак пра развіццё рэгіёнаў


З вялікай цікавасцю прачытаў артыкул Алега Сівагракава «Маніторынг і ацэнка мясцовых стратэгій устойлівага развіцця» («Звязда» за 28 снежня 2018 года). Увага газеты да праблем рэгіянальнага развіцця, на маю думку, дастаткова высокая. Я маю на ўвазе не толькі дадатак «МС», але і іншыя матэрыялы, якія знаёмяць чытачоў з жыццём насельніцтва тых ці іншых рэгіёнаў. Мне як чытачу газеты і эканоміка-географу хочацца таксама выказаць сваё бачанне далейшага рэгіянальнага развіцця краіны.


Нельга не пагадзіцца са сцвярджэннем спадара Сівагракава, што «Рэгіянальная аналітыка часцей за ўсё адлюстроўвае стан спраў у галінах эканомікі, або, значна радзей, у раёнах». Аднак аўтар не нагадвае прычыну такой сітуацыі, а яна звязана з дзяржаўнай статыстыкай, якая нават на абласным узроўні адлюстроўвае паказчыкі сацыяльна-эканамічнага развіцця ў лепшым выпадку ў адміністрацыйных раёнах і гарадах абласнога падпарадкавання. Што датычыцца ўзроўню сельсаветаў, а тым больш асобных населеных пунктаў, ён застаецца прэрагатывай дысертацыйных даследаванняў ці аматараў-краязнаўцаў. Між тым ва ўмовах рыначнай эканомікі пераважнае значэнне мае рэгіён, які стварае спрыяльныя ўмовы для функцыянавання суб'ектаў гаспадарання, а не галіна як аб'ект эканамічнага кіравання.

Распрацоўка і рэалізацыя мясцовых стратэгій устойлівага развіцця (СУР), якая вядзецца ўжо не адзін дзясятак гадоў, прынцыпова праблему паляпшэння якасці жыцця насельніцтва на лакальным узроўні і высокай яе рэгіянальнай дыферэнцыяцыі не вырашыла. Наадварот, гэта дыферэнцыяцыя ў сучасных умовах яшчэ больш паглыбляецца. Не мной заўважана, што кожная дзяржава, і Беларусь не выключэнне, павінна быць зацікаўлена ў паспяховым развіцці ўсіх сваіх частак, а не асобных рэгіёнаў. Пры трывалым замежным фінансаванні за 20 гадоў дзейнасці трэба было «разбудзіць» не 180 ініцыятыў, а ў дзясяткі разоў больш. Адных сельскіх Саветаў у краіне налічваецца звыш тысячы. Як бачна з артыкула Алега Сівагракава, апублікаваны СУР Беларусі 19 сельсаветаў. Мяркую, не толькі мне, але і іншым чытачам газеты, было б цікава пазнаёміцца з такімі распрацоўкамі і ўбачыць рэальныя іх поспехі. Вядома, што каштоўнасць любой тэарэтычнай схемы заключаецца ў магчымасцях яе рэалізацыі на практыцы. Вучонымі ўжо даўно даказана, што адрозненні ў сацыяльна-эканамічным развіцці рэгіёнаў у найбольшай ступені звязаны з іх эканоміка-геаграфічным становішчам, рознай структурай эканомікі, асаблівасцямі рассялення, забяспечанасцю рэгіёнаў працоўнымі і прыроднымі рэсурсамі, аб'ектамі сацыяльнай інфраструктуры і інш. Акрамя гэтых аб'ектыўных прычын, пэўную ролю адыгрываюць і суб'ектыўныя фактары, звязаныя з інстытуцыянальнымі пераўтварэннямі, якія ажыццяўляе ўрад на рэгіянальным узроўні: развіццё малога прадпрымальніцтва, бюджэтнае фінансаванне, палітыка падаткаабкладання і г. д. Нельга скідваць з рахунку і такія нематэрыяльныя фактары, як прывабнасць рэгіёна ці населенага пункта, творчы патэнцыял мясцовага насельніцтва. Менавіта на ўлік апошніх і робіцца асноўная стаўка пры распрацоўцы СУР на мясцовым узроўні. Аднак, нягледзячы на розны характар прычын рэгіянальнай дыферэнцыяцыі, галоўнай застаецца праблема яе змяншэння. Пры гэтым шляхі вырашэння праблемы таксама павінны быць дыферэнцыраванымі, гэта значыць для кожнага з рэгіянальных узроўняў патрабуецца свой «набор» мерапрыемстваў. Вось гэта, на маю думку, павінна быць галоўным пры распрацоўцы СУР. Акрамя фестываляў кветак, каменных скульптур, дэманстрацыі сувеніраў, што ўплываюць на турыстычны патэнцыял, але яны эканоміку не выратуюць, ды і жыццё людзей кардынальна не палепшаць, нават на мясцовым узроўні. Глыбока перакананы ў тым, што дасягненне ўстойлівасці развіцця рэгіёнаў патрабуе новага, адэкватнага сучасным патрабаванням, комплекснага падыходу, у цэнтры якога павінен быць чалавек, яго якасць жыцця. Вобразна кажучы, якасць жыцця — гэта той фокус, у якім знаходзяць сваё выяўленне і эканоміка, і палітыка, і ідэалогія. Не трэба выдумляць ніякіх новых падыходаў па вызначэнні эфектыўнасці СУР, дастаткова кваліфікавана падысці да ацэнкі якасці жыцця насельніцтва рэгіёнаў рознай велічыні. Мяркую, не лішнім будзе нагадаць азначэнне (маё ўласнае) гэтага адносна новага тэрміна для нашай навукі і практыкі. Гэта задаволенасць ці незадаволенасць насельніцтва сваім жыццём з пункту погляду розных патрэбаў і інтарэсаў, тыя знешнія ўмовы існавання, у якіх знаходзіцца насельніцтва і якія робяць адбітак на яго паводзіны, уплываюць на яго жыццяздольнасць і ў канчатковым выніку — на працягласць жыцця. Якасць жыцця мае два бакі: аб'ектыўны (яго ацэнка абапіраецца на розныя колькасныя і якасныя паказчыкі) і суб'ектыўны (у аснове яго ацэнкі — стаўленне людзей да іх уласнай жыццядзейнасці, тых ці іншых яе праяўленняў і ўмоў, у якіх яна працякае).

Здзіўляе, што толькі цяпер, на дваццатым годзе ў аўтараў праекта ўзнікла неабходнасць у методыцы для вызначэння эфектыўнасці СУР. Можна прыдумляць самыя розныя методыкі і займацца навукатворствам, аднак, ці дапаможа гэта вырашыць праблемы з занятасцю насельніцтва, ростам заработнай платы, забяспечанасцю жыллём і добраўпарадкаваннем. Сёння найважнейшая задача — процідзейнічаць наступствам дэпапуляцыі, асабліва ў сельскай мясцовасці. Штогод насельніцтва краіны змяншаецца на 15—20 тысяч чалавек.

У такой кампактнай краіне, як Беларусь, з яе адносна высокай шчыльнасцю дарожнай сеткі і адносна раўнамерным размеркаваннем буйных прамысловых цэнтраў, адным з галоўных кірункаў паспяховага сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёнаў павінна стаць міграцыя насельніцтва і перамяшчэнне прадпрымальніцтва з мэтай скарачэння адлегласці да рынкаў. Менавіта на гэту акалічнасць звярталі ўвагу аўтары даклада аб сусветным развіцці за 2009 год: «Рост гарадоў, міграцыя насельніцтва і гандаль сталі каталізатарамі прагрэсу ў развітых краінах за апошнія два стагоддзі». Гэта значыць, што для тых раёнаў і населеных пунктаў, якія маюць трывалы дэмаграфічны патэнцыял, але характарызуюцца праблемамі занятасці насельніцтва, маятнікавая міграцыя магла б стаць шляхам частковага яе вырашэння. Аднак галоўнай застаецца палітыка дзяржавы, якая стварае ўмовы для росту вытворчасці ў такіх раёнах.

Важнае месца ў вырашэнні рэгіянальных праблем павінна заняць аптымізацыя адміністрацыйна-тэрытарыяльнага дзялення краіны. Размова ідзе не толькі аб ліквідацыі раёнаў з нязначным дэмаграфічным патэнцыялам, аб'яднанні тых ці іншых адміністрацыйных утварэнняў, але і аб скарачэнні колькасці дзяржаўных служачых і сродкаў на іх утрыманне на ўсіх узроўнях кіравання. Ненармальнай выглядае сітуацыя, калі ў шматлікіх адміністрацыйных раёнах Беларусі колькасць занятых у органах кіравання значна пераўзыходзіць колькасць занятых у рэальным сектары эканомікі.

Такім чынам, належыць яшчэ шмат зрабіць для таго, каб аслабіць неапраўдана высокую рэгіянальную дыферэнцыяцыю ў якасці жыцця насельніцтва. А стратэгіі ўстойлівага развіцця на мясцовым узроўні ў сённяшнім выглядзе — слабая дапамога ў гэтай складанай справе.

З павагай і ўдзячнасцю, кандыдат геаграфічных навук, дацэнт Вячаслаў Мікалаевіч Сасноўскі.

Загаловак у газеце: Якасць жыцця насельніцтва як крытэрый эфектыўнасці ўстойлівага развіцця рэгіёнаў

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.