Вы тут

Чаму ў Драгічыне ездзяць перапоўненыя аўтобусы?


Напрыканцы года ў сацсетках паўстала пытанне аб рабоце пасажырскага аўтатранспарту ў Драгічыне.

Як паведамляе раённая газета «Драгічынскі веснік», у прыватнасці, жыхары мікрараёна Хлебазавод і крамы «Санта» скардзіліся на тое, што раніцай, калі многія дабіраюцца на вучобу і работу, грамадскі транспарт раз-пораз спазняецца, да таго ж не ўсе наогул маюць магчымасць змясціцца ў аўтобусах. Былі таксама нараканні з боку жыхароў іншых вуліц райцэнтра.


— Стаім на прыпынку па 200 чалавек ледзьве не кожную раніцу. Калі прыходзіць аўтобус, то ён набіваецца так, што едзем, як селядцы ў бочцы. Да таго ж не ва ўсіх атрымліваецца наогул з'ехаць — многія, у тым ліку і дзеці школьнага ўзросту, так і застаюцца на прыпынку. Даводзіцца шукаць альтэрнатыўныя спосабы, як дабрацца на вучобу ці на работу — прасіцца ў машыну да суседзяў, знаёмых, — прыкладна такія словы выказвалі абураныя жыхары той часткі горада.

У тыя ж дні скаргі на работу грамадскага аўтатранспарту сталі з'яўляцца і з боку насельніцтва мікрараёна Стараселле. Па словах мясцовых жыхароў, людзей, якія жадаюць дабрацца ў цэнтр горада, там шмат, а вось аўтобус падводзіць. Шмат хто стаіць на прыпынку, а транспарту ўсё няма і няма.

Вось што, у сваю чаргу, растлумачыў дырэктар філіяла «Аўтамабільны парк № 15 г. Драгічына» Уладзімір МАЗОЛЬ:

— Людзей з хлебазавода, якія жадаюць скарыстацца паслугамі грамадскага транспарту, сапраўды шмат, але і аўтобусаў дастаткова. Раніцай праз гэтую частку горада праходзіць 5 аўтобусаў. Тыя, хто не змог трапіць у першы, садзяцца ў другі, трэці і гэтак далей. Усе маюць магчымасць з'ехаць і своечасова дабрацца да месца вучобы, работы (апошні з гэтых пяці аўтобусаў прыбывае на прыпынак у 7.30), — адказаў кіраўнік транспартнай арганізацыі. — Праблема ў тым, што гараджане ў першую чаргу садзяцца ў прыгарадны аўтобус, праезд у якім каштуе танней (35 капеек ад хлебазавода да аўтастанцыі), чым у аўтобусе гарадскіх маршрутаў (60 капеек). Таму і ўзнікае сітуацыя, калі аўтобусы па прыгарадных маршрутах, якія маюць меншую ўмяшчальнасць, бітком забітыя, а гарадскія (МАЗ-103 — адны з самых вялікіх, што ёсць у нас, умяшчальнасцю да 100 чалавек) цалкам не запаўняюцца. У сувязі з гэтым намі і было прынята рашэнне з 1 студзеня 2019 года зраўняць кошт праезду на прыгарадных і гарадскіх маршрутах.

Таксама суразмоўнік дадаў, што ў тыя дні, калі з'явіліся скаргі ад гараджан, былі снегапады, не ўсе дарогі своечасова расчышчаліся ад снегу, і, магчыма, з гэтай прычыны былі нязначныя спазненні грамадскага транспарту — у тым ліку і па мікрараёне Стараселле.

— Мы імкнёмся рэагаваць на кожны зварот жыхароў горада і раёна па пытаннях курсіравання пасажырскага аўтатранспарту, часта саступаем у плане ўнясення змяненняў у маршруты, час руху, аж да некалькіх хвілін, — дадаў ён.

Прадставіўшы ўвазе чытачоў абедзве пазіцыі, раённая газета паабяцала ў найбліжэйшы час глыбей вывучыць сітуацыю і праехацца па асобных маршрутах руху пасажырскага аўтатранспарту як у горадзе, так і за яго межамі.

Загаловак у газеце: Пасажырскія перавозкі: жыхары vs аўтапарк

Выбар рэдакцыі

Культура

Як у Чавускім раёне праводзіліся святыя вечары

Як у Чавускім раёне праводзіліся святыя вечары

Традыцыя варажыць на нарачонага прыйшла з язычніцкіх часоў.

Грамадства

Мастацкі кіраўнік «Песняроў» пра радасці і складанасці сямейнага жыцця

Мастацкі кіраўнік «Песняроў» пра радасці і складанасці сямейнага жыцця

«Я лічу, што мужчына можа заводзіць сям'ю, калі ў яго ўжо ёсць сваё жыллё або выразная перспектыва, калі яно з'явіцца».

Грамадства

Небяспечныя гульні. На што трэба звярнуць увагу бацькам падлеткаў

Небяспечныя гульні. На што трэба звярнуць увагу бацькам падлеткаў

Днямі суд Першамайскага раёна Мінска абвясціў прысуд удзельнікам вечарынкі, падчас якой 19-гадовая дзяўчына загінула ад ужывання псіхатропу

Эканоміка

Падрыхтаваны праект новага ўказа аб аднаўляльных крыніцах энергіі

Падрыхтаваны праект новага ўказа аб аднаўляльных крыніцах энергіі

Так званая «зялёная» энергетыка ў апошнія гады развіваецца ў нашай краіне хуткімі тэмпамі.