Вы тут

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў


Рана ў рай

Што ні кажы, а ў вёсцы цікавей жывецца. Усе тут адзін аднаго ведаюць, вітаюцца. Не тое, што ў горадзе: там дзверы ў дзверы часам жывуць, і ні табе «Дабрыдзень», ні потым «Бывай».

У Вадзіма з Пятром — карэнных гараджан — усё было іначай: сябравалі яны з дзяцінства, не цураліся сустрэч і ў дарослым жыцці. Любілі пасядзець то ў кафэ (калі грошы былі), то за столікам ля пад'езда, выпіць па грамульцы-другой, але ж, як правіла, у будныя дні, бо ў выхадныя...

У Вадзіма другі год як з'явілася дача, таму кожную суботу ён імкнуўся туды. Аднойчы запрасіў і сябра — адпачыць, а заадно — дапамагчы, калі той не супраць.

— А чаму б і не? Трэба — значыць, трэба, — пагадзіўся Пятро. — Не ўсё ж бакі на канапе адлежваць.

Карацей, у суботу а палове шостай раніцы ён ужо стаяў у двары каля знаёмай машыны. У хуткім часе туды ж прыйшоў Вадзім са сваёй жонкай, і яны паехалі.

На лецішчы, на свежым паветры ды за работай дзень у мужчын праляцеў незаўважна. Удвух яны падлаталі дах (аднаму там зусім нязручна было б), пафарбавалі плот. Часу хапіла нават на тое, каб па лесе прайсціся ў бок сажалкі, каб трохі паплюхацца там у прахалоднай вадзіцы.

Пакуль яны гэта рабілі, гаспадыня сабрала вячэру, паклікала за шчодры стол.

...Засядзеліся за ім сябры: нешта елі-пілі, успаміналі мінулае, нават заспявалі пад раніцу...

Што далей было, Пятро не памятаў, бо заснуў там жа, у альтанцы за сталом.

Гаспадыня хацела пабудзіць яго, завесці неяк у хату, але потым перадумала: ночы стаялі цёплыя, лаўка ў альтанцы шырокая і нават з матрацам... Заставалася прынесці падушку ды зверху накінуць лёгкую коўдру.

Прачнуўся Вадзім ад пяшчотных «пацалункаў» ветру, ад вясёлай гаманы птушак. А вочы прадраў і «памёр» ад здзіўлення: сонечныя промні прабівалі лістоту дрэў, на траве, на моры кветак (як вокам кінуць!) зіхацелі вясёлкі.

— Дзе я!? — у самога сябе спытаў Пятро. — Няўжо ў раі? Нічагуткі не помню!

— Ну што, васпане, ці выспаўся? — данёсся аднекуль знаёмы голас і «вярнуў» мужчыну з нірваны. — На лаўцы не мулка было?

— Не, — пачухаў патыліцу Пятро і сам сабе ўсміхнуўся: «Гэта ж трэба, чаго захацеў — у рай? З усімі сваімі грахамі... Не, не пара мне туды. А вось тут, на зямлі, нешта падобнае стварыць яшчэ можна. Што там Вадзім за вячэрай казаў? Нехта домік прадае? Трэба схадзіць паглядзець».

Галіна Нічыпаровіч, в. Магільна, Уздзенскі раён


«Скарбы» нашай зямлі

Ваеннае ліхалецце мы перажывалі на Бярэзіншчыне ў вёсцы Жарамец. Там, у казённым доме-леснічоўцы (бацька пры жыцці працаваў аб'ездчыкам), і тулілася наша матуля з васьмёркай дзяцей-сірот. Тулілася, трэба сказаць, да пары. Восенню сорак трэцяга ў Жарамцы асеў фашысцкі гарнізон. Для таго каб леснічоўка не вабіла партызан, нашу сям'ю пад прымусам перасялілі ў вёску, у хату да іншай удавы. І ўжо там мы пачулі, што наша армія наступае, што блізіцца час вызвалення.

Казаў пра гэта немалады немец Ганс, які ў гарнізоне быў за конюха. Іншы раз ён заходзіў да нас, даваў каня, каб мой старэйшы брат мог узараць зямлю. А неяк папярэдзіў, што немцы будуць адступаць, і нам лепш было б уцячы.

Матуля ды іншыя вяскоўцы паспяшаліся ў няблізкі ельнік, размясціліся ў зямлянках, што раней служылі партызанам, і сталі чакаць.

Колькі часу гэтак прайшло, мне ўжо не ў памяці, але ж неяк да нас даляцела вестка, што немцаў выбілі з вёскі.

Мы куляй панесліся дамоў! Стрымлівала хіба што карова, якую вялі на повадзе. А дайшлі да паселішча і знямелі, бо ўбачылі, што хат на сваіх звычных месцах нямашака, — там хіба коміны ды папялішчы...

Гэта, вядома ж, горам было, але і радасцю, бо па вуліцы хадзілі чырвонаармейцы і разносіўся гэтакі пах...

Нас, згаладалых, салдаты з ахвотай частавалі супам з тушонкай. Мы елі і можна ўявіць, як...

Адзін з афіцэраў, уражаны, падышоў да мамы, паспагадаў ёй і настолькі расчуліў, што яна заплакала. Сказала:

— Пачакайце, сынкі, у мяне тут бутэлечка прыхавана. Я вас пачастую.

Мама стала «прыкідваць» ды паказваць, дзе канкрэтна тая схованка, адзін з чырвонаармейцаў узяўся штыком карабіна там «абмацваць» зямлю. Але рабіў гэта марна.

— Дзе ж яна дзелася? Я ж вось тут яе закапала, за два крокі ад падмурка, — перажывала матуля.

— Ды такой бяды! — суцяшаў яе афіцэр. — Абыдземся без пачастунку. Галоўнае, што жывыя...

І сапраўды, у вёсцы на вялікае шчасце ацалелі не толькі людзі, але і з дзясятак хацін, у тым ліку — наша леснічоўка. Мы перабіраліся ў родныя сцены, дасталі тое-сёе з хатняга скарбу, прыхаванага ў густым вішняку, сталі пакрысе абжывацца. А вось запаветнай мамінай бутэлькі так і не знайшлі.

Яна, можа, і дагэтуль недзе ляжыць?

Віктар Несцяровіч, г. Лагойск


Правады развесці прасцей

Па-рознаму можна ацэньваць савецкую ўладу, але ж аддамо належнае: калі яна бралася за нейкую справу, то рабіла яе напорыста і рашуча. Узяць тую ж электрыфікацыю. Брыгада мужчын — без ніякіх там кранаў і бураў — рыдлёўкамі, часта ў мерзлай зямлі, выкопвала глыбокія ямы, устаўляла ў іх даўжэзныя ледзь акораныя драўляныя слупы (згніюць — заменім!), залазіла на іх з дапамогай жалезных кошак-кіпцюроў, укручвала стальныя крукі з чашкамі ізалятараў... Нарэшце, нацягвала правады. Работа, згадзіцеся, не для слабых! Таму хлопцы ў брыгадзе былі як на падбор: рослыя, дужыя, нестарыя.

А вось у хатах ужо шчыравалі жанчыны (таксама маладыя — і замужнія, і не...). Яны замацоўвалі ролікі на сценах, выключальнікі, разеткі, вешалі патроны пад лямпачкі, злучалі праводку. Рабілі ўсё хутка і па-жаночаму акуратна, рабілі паралельна з мужчынамі і, вядома ж, з імі «перасякаліся».

...Калі карацей, то Люба, якая працавала ў жаночай брыгадзе, упадабала Гену, учарашняга марака, новенькага з брыгады мужчынскай.

І той марак па першасці быў зацікавіўся Любай, аднак хутка астыў.

Чаму? Ды хто ж гэта знае: можа таму, што знайшліся дабрадзеі — нашапталі пра яе не зусім святое камандзіровачнае жыццё, а можа таму, што на вясковых вячорках пазнаёміўся хлопец з іншай дзяўчынай. І мала таго, што стаў заляцацца, дык яшчэ выпрасіў у брыгадзіра правады, ролікі ды выключальнікі і некалькі вечароў, пры газнічцы, па-флоцку грунтоўна, без спешкі, у хаце новай абранніцы рабіў электрамантаж...

І вось нарэшце той чаканы надвячорак: па правадах пусцілі ток і (ура!) у вокнах вяскоўцаў запалілася такое яркае з непрывычкі святло! Запалілася ўсюды, апроч той хаты, дзе праводку рабіў Гена.

Змянілася з твару яго дзяўчына, спахмурнелі яе бацькі, мякка кажучы, збянтэжыўся і сам хлопец, бо выглядала, што ён, кваліфікаваны электрык, элементарна заваліў простую работу...

Стаў разбірацца што да чаго і высветліў: на ўводзе ў сцяну ток ёсць, на выхадзе са сцяны — няма. Чаму? Сам жа ўсё рабіў!

Патузаў адзін провад — нармальны, патузаў другі і... выцягнуў са сцяны кавалак, па-майстэрску, прафесійна разрэзаны кусачкамі.

Хто гэта зрабіў, здагадацца было няцяжка: глыбокай ноччу, калі ўсе спалі, Люба падцягнула драбіну, разрэзала провад, развяла канцы і нават... ізалявала.

З правадамі, трэба сказаць, было куды прасцей, бо развесці Гену з той самай дзяўчынай ёй не ўдалося. Праз нейкі месяц у вёсцы, у хаце маладой грымела вяселле. Пры электрычных лямпачках!

Іван Сіманёнак, г. Паставы

Рубрыку вядзе Валянціна ДОЎНАР


Ад яе ж. Апошнім часам на адрас адной з найстарэйшых звяздоўскіх рубрык (коні столькі не жывуць, як заўважыла адна з чытачак) прыходзяць не толькі новыя «вясёлыя і праўдзівыя гістрыі», але і спісы найлепшых «старых», надрукаваных летась. «Вы, можа, будзеце здзіўляцца, — піша спадарыня Вера Клімовіч са Стаўбцоўшчыны, — але я даўно ўжо з квартала ў квартал выпісваю «Звязду» і апошнім часам найболей чакаю пятніц, каб пачытаць, хто гэтым разам будзе на провадзе, што напіша? Дзякуй усім, хто гэта рабіў і робіць, дзякуй газеце! Усе гісторыя вартыя ўвагі, усе павучальныя, вельмі шмат смешных. Дзясятку выбраць ну вельмі цяжка...»

«...Але ж трэба», — піша спадар Васіль Пяшэвіч з вёскі Юркевічы Жыткавіцкага раёна.

«Мне найбольш спадабаўся аповед «Сватаўство гальваніка». Насмяяўся ўволю!» — прызнаецца спадар Мікалай Старых з Гомеля. «Першае месца трэба прысудзіць гісторыі Таццяны Халопіца «Пад'ехаў, альбо Як пан Збышак кінуў піць» (надрукавана 26 студзеня)», — сцвярджае спадар Уладзімір А. з Валожыншчыны.

«Самым смешным было пакаранне скупога»... «Сон і сом», «Такое кіно», «Пасля буры, або Перапалох раённага маштабу», «Дзеля кучы жалеза» — гэта нешта!»...

Цытаваць лісты можна далей, хоць і гэтых ужо дастаткова, каб, па-першае, згадзіцца, што цікавага летась і сапраўды было шмат, што, па-другое, меркаванні чытачоў раздзяліліся, што вызначыць пераможцу і сапраўды амаль немагчыма. Але ж, як той казаў, абазваўся грыбам — лезь у гаршчок: вынікі конкурсу, вядома ж, будуць падведзены — у наступную пятніцу.

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.