Вы тут

Пра што гавораць на «Нябёсах»?


Любоў, дабрыня і міласэрнасць. Такі лейтматыў V Міжнароднага каляднага фестывалю батлеечных і лялечных тэатраў «Нябёсы», што адкрыўся ўчора ў адукацыйным цэнтры сталічнага Свята-Елісавецінскага манастыра. Яго госці і ўдзельнікі — тэатральныя калектывы з розных краін свету, гледачы — дзеці і дарослыя, якія захавалі цёплае святло дзяцінства ўнутры. А да тых, хто ў сілу важкіх прычын не можа прыехаць на фестываль, акцёры, вясёлыя клоўны і лялечныя персанажы, нават тыя, хто не ўдзельнічае ў конкурснай праграме, прыедуць самі — у шпіталі, інтэрнаты, дамы састарэлых — і прывязуць разам з казачнымі спектаклямі адчуванне свята...


Што агульнага паміж дзяўчынкай Аняй і фестывалем «Нябёсы»? Ім абодвум, расказвае мастацкі кіраўнік фэсту Аляксандр Ждановіч, споўнілася 5 гадоў.

З 10 да 13 студзеня свае пастаноўкі на суд журы і публікі прадстаўляюць тэатры з пяці краін — Беларусі, Расіі, Украіны, Эстоніі і Літвы. З беларускага боку, у прыватнасці, выступаюць мінскі тэатр лялек «Дзіва», дзіцячы драматычны гурток «Жаронцы» з Ракаўскага цэнтра народнай творчасці і сямейны тэатр Аляксандра і Ларысы Быцко з вёскі Стойлы, што на Брэстчыне, — гэта творчая сям'я ўдзельнічае ў конкурсе ўжо не першы год і прывезла сёлета спектакль «Калядкі на Палессі» на заходнепалескім дыялекце. Таксама ў праграме — літаратурныя гасцёўні і творчыя сустрэчы, майстар-класы па беларускіх танцах і гульнях, саломапляценні, выраб калядных анёлаў і мноства забаў.

Агулам арганізатары атрымалі сёлета 40 заявак ад ахвотных прадставіць сваё бачанне батлеечных традыцый і лялечнага мастацтва — былі сярод прэтэндэнтаў прадстаўнікі Фінляндыі, Італіі, Іспаніі, Вялікабрытаніі, Ізраіля. «Але мы не гонімся за колькасцю, — падкрэслівае мастацкі кіраўнік фестывалю «Нябёсы», акцёр тэатра і кіно Аляксандр Ждановіч, — хочацца гаварыць не пра лічбы, шырыню геаграфіі і іншыя дасягненні, а пра тое, што фестываль нясе асаблівую атмасферу дабрыні, радасці, адчуванне свята Раства Хрыстовага, якое хочацца падзяліць з іншымі, бо самая галоўная каштоўнасць у жыцці — стасункі паміж людзьмі. Наша ідэя ў тым, каб з дапамогай маленькіх лялек прайсці вялікі шлях да Бога і ўславіць яго нараджэнне».

Ірына Вінаградава і лялька Фелікс прывезлі вітанні ажно з Германіі.

Здавалася б, сюжэты батлеечных пастановак маюць дакладна акрэсленыя рамкі — строгія, нават кананічныя, якія не пакідаюць шмат месца для творчай фантазіі. Тым не менш удзельнікі год ад году знаходзяць новыя ракурсы ў класічнай тэме, адзначае нязменны член журы фестывалю тэатразнаўца Кацярына Яроміна, малодшы навуковы супрацоўнік аддзела тэатральнага мастацтва Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі: «Кожны спектакль па-свойму адметны, цікавы па мастацкім рашэнні, нават унікальны — і разам з тым усе яны аб'яднаныя агульнай ідэяй аб тым, як важна захаваць у сваім сэрцы веру і дабрыню, любоў да людзей. І незалежна ад таго, на якой мове ідзе спектакль — рускай, беларускай ці ўкраінскай, як было летась, галоўнае тое, што ўсе яны на мове мастацтва даносяць да гледачоў найважнейшыя духоўныя каштоўнасці».

«Здавалася б, сёння батлейка — такі анахранізм, вельмі далёкі ад нас, але выявілася, што ў тых ці іншых вёсках знаходзяцца людзі, якія не ведаючы законаў і канонаў батлейкі, спасцігаюць іх самі», — дадае яшчэ адна ўдзельніца судзейскай калегіі, дацэнт кафедры эстрады Універсітэта культуры і мастацтваў, выкладчык культуры маўлення Дзіна Тыцюк.

Для насельнікаў дома-інтэрната для людзей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця кожны паход на спектакль — маленькае свята.

Сёлета ж «Нябёсы» прымалі мноства віншаванняў — як афіцыйных, ад Міністэрства культуры, Мінгарвыканкама, так і сяброўскіх, ад даўніх і новых партнёраў, калег. Так, актрыса Ірына Вінаградава прыехала з Германіі і прывезла ў падарунак фэсту ляльку Фелікса, які, між іншым, нарадзіўся таксама пяць гадоў таму ў Лялечным тэатры казкі Санкт-Пецярбурга.

Таксама віншаванні і падарункі да пяці-годдзя «Нябёсаў» зрабілі выхаванцы дзіцячага садка і школы «Іхвіс» пры Свята-Елісавецінскім манастыры, удзельнікі грамадскай ініцыятывы «Домік інклюзіўны», актрыса Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек Яна Агеенка і многія іншыя.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Цуд на Каляды

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.