Вы тут

Як ствараюцца габелены


Нацягнутыя ніткі чакаюць натхнення. Чакаюць дакранання. Станок ужо не стаіць самотна-пусты, глядзіць нібыта праз вейкі-ніткі на гаспадыню: ці падыдзе сёння? Пачне ўплятаць свой настрой, ствараючы малюнак? Ён ужо недзе жыве: мастачка Галіна Крываблоцкая сядае за габелен, каб яго ідэю зафіксаваць ніткамі. Ці «намаляваць» ніткамі?..


Спачатку так і падаецца: яе габелены, вытканыя рукамі, нібыта жывапіс: праз дробныя дэталі ці шырокія колеравыя «мазкі» распавядаюць нейкую гісторыю. І вось жа дзіва: нават халодныя колеры ў вытканых творах даюць адчуванне цеплыні. Таму што напаўняюцца непасрэдна энергіяй рук. Той самай, якая не знікае і не ствараецца наноў, а пераходзіць з адной формы ў іншую…

«Толькі не рушце мой станок!..» — прасіла бабуля малых гарэзаў, якія прыязджалі да яе ў вёску Слабада, што ў Докшыцкім раёне. Бабуля Марыя з роду Янкоўскіх была ткачыха з добрым густам. Малыя ўнукі ўсё разглядалі-круцілі, нітак напутаюць, а ёй трэба было выткаць дыван ці ходнічкі, ды каб акуратненька было. Зараз ні вёскі, ні бабулькі, толькі ў снах узнаўляецца той час.

— Тое, што рабіла бабуля, было нібыта з іншага жыцця, яна ткала, каб потым карыстацца рэчамі, — успамінае спадарыня Галіна. — А мы, калі паступілі ў Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут, ужо думалі пра высокае. Пра сэнс. Наш настаўнік Павел Масленікаў быў зацікаўлены, каб у яго былі вучні з нацыянальным адчуваннем. Гэтым жа клопатам кіраваўся Міхась Раманюк, выкладчык гісторыі мастацтва. Мы з імі ездзілі ў экспедыцыі, дапамагалі ствараць кнігу «Беларускае народнае адзенне». З таго і пачалося — адшуквалі клад, вывучалі. Слайды, фотаздымкі з нашых вандровак некалькі чалавек у Беларусі захоўваюць. У той час мы шмат малявалі — рабілі накіды, адлюстроўвалі натуру, рабілі стылізацыю. Цяпер у акадэміі «ўзорнікі» столькі не малююць. Цяпер больш тэхнікі, камп’ютараў, а мы ішлі ад інтуіцыі.

Цягнуліся і за братам, мастаком Віктарам Маркаўцом. У яго на Замкавай была майстэрня, і ён пусціў туды сясцёр, якія займаліся дэкаратыўна-ўжытковым мастацтвам, зрабіў ім харошы верстачок. Значныя творы яны зрабілі ў яго майстэрні. Там стваралася адметнае асяроддзе: прыходзіў Яўген Кулік, Уладзімір Сулкоўскі, Алесь Шатэрнік, Вячаслаў Дубінка. Паэты заходзілі: Уладзімір Караткевіч, Алесь Разанаў… У такой тусоўцы прайшла маладосць. Спрачаліся: якія сюжэты патрэбныя, якія колеры больш беларускія.

 — Ёсць нацыянальная школа габелена, ёй і кнігі прысвечаныя, напрыклад, «Тэкстыль беларускі», — тлумачыць Галіна Крываблоцкая. — Ёсць свой твар у габелена. Беларускі вылучаецца, калі яго параўнаць з прыбалтыйскім ці расійскім. З палякамі нас могуць зблытаць, але розніца ўсё ж ёсць. У нас класічны габелен, больш камерны. Па кампазіцыі — сюжэтна-тэматычны, у аснове павінна быць ідэя. Пустаты мала. Праўда, маладое пакаленне ўліваецца з абстракцыямі, як і ў жывапісе. Я таксама люблю пагарэзнічаць, але ёсць страх, каб не сысці ў пустату, у бяздумнасць, абы стварыць. Калі ў нас была секцыйная выстаўка ў Еўропе (пачалі ў Польшчы, але некалькі краін праехалі), яе сімвалам стаў ручнік, я дала ў экспазіцыю арнаментальны твор. Кожны мастак нясе свой нацыянальны код. Мне здаецца, код — гэта спадчына, што перадаецца па генетыцы, і склад мыслення, і стаўленне да рэчаў, і душа чалавека. І арнамент, і мова, і ўнутраны змест мае значэнне, і духоўная напоўненасць аўтара, які стварае рэчы. Дэкаратыўна-ўжытковае мастацтва так і называецца таму, што яно павінна ўжывацца ў побыце: які гарбатоўнік у хаце, якія сурвэтачкі, арнамент на дыванку... У габелены аўтарскага выканання праз энергію так ці інакш закладваецца гэты код.

Ці не таму габеленамі здаўна ўпрыгожвалі жытло — яны давалі адчуванне цяпла ў любыя часы. Цяпер іншая мода… Але аднойчы чалавек са Слуцка захацеў, каб яму выткалі герб роднага горада, краявіды, хатку, дзе вырас. Мастачка зрабіла яму 5 габеленчыкаў, якія занялі сваё месца ў хаце.

Такое бывае рэдка. А цяпер наогул зацішша. І ў салон спадарыня Галіна нясе калажы, якімі займаецца ў вольны час. А габелены там не набываюць… Нават калі ў нітках з воўны хаваюцца светлыя і лёгкія вобразы. Ёсць любімыя, якія ёй асабліва прыемна ткаць: матылькі ці слімачкі. Слімак — гэта правобраз Хрыста. Маленькая істота, якая памірае восенню, а вясной ажывае ў той жа шкарлупіне, як Хрыстос уваскрасае вясной. Калі гэта ведаеш, застаецца злучыць іх у адным сюжэце — і твор напаўняецца метафарай, размаўляе з табой. Ці вось рыбіна, якая ўверсе замест сонца: таму што святло — гэта не фізічная з’ява, а ўнутраны стан. Зразумеў гэта — і гармонію не трэба шукаць ці ствараць адмыслова, яна адкрываецца тым, хто гатовы ўбачыць, як гэта здарылася ў Міры Лікійскай, дзе служыў святы Мікалай. Яна ўбачыла дрэва, якое стаяла асобна, — і нарадзіўся твор.

Ці вось яшчэ. Аднойчы дзве сястрымастачкі з Мінска паехалі з групай паломнікаў у Пачаеўскую лаўру. Раніцой — там вельмі рана світае — Галіна выйшла на вуліцу: праз туман унізе праглядалася Пачаева. Казка дагэтуль жыве ў свядомасці: уражанне варта захаваць у творы.

— Мае бацькі былі настаўнікамі, а тады настаўнікам немагчыма было дзяцей пахрысціць, — распавядае Крываблоцкая. — А дзед і бабка Цецяронкі вельмі верылі. Бабка хадзіла ў царкву. Дзед менш, але ён скончыў царкоўна-прыходскую школу. Маліліся, Дзяды і Вялікдзень адзначалі. Мы, унукі, хадзілі да іх. Вера не кожнаму даецца, яна таксама Дар Божы. Я ціхі вернік: прыду на літургічнае набажэнства — усе пытанні раскрываюцца, адказы знаходзяцца. Так крок за крокам, дзень за днём больш разумею свет. Духоўны рост — бясконцасць, як неба…

Экспрэсіўны габелен «Дзень» мастачка ткала 9 месяцаў: абраная тэхніка дазволіла перадаць філасофію, цякучасць часу. І хто скажа, што габелен — выключна дэкаратыўнае мастацтва? Варта пазнаёміцца з серыяй «Дыялог з прыродай»: галоўныя героі — дрэвы. Дрэвы спяць, дрэвы глядзяць, дрэвы растуць. Дрэвы як жывыя істоты. Іх чалавек адчувае навобмацак з дзяцінства і да сыходу: калыска з дрэва, як і дамавіна. І жыве чалавек, каб побач былі дрэвы — яблынька, груша, сліва, што падсілкуюць, калі трэба.

— Я люблю растварацца ў асяроддзі прыроды, — тлумачыць мастачка. — У нас засталася бацькоўская хата ў Докшыцах. І я туды езджу. Парадак навяду ды адпачну. Сад вялікі, яблыні яшчэ бацькоўскія, ніяк не магу іх спілаваць. Як зацвітаюць вясной — шкада, і восенню даюць плады. Парэчка, агрэст, маліна… Усё, як бацькі пакінулі. Нас 3 сястры, трымаемся разам, бо там могілкі, дзе ляжаць бацькі і брат, які сышоў раптоўна, вярнуўся на нашу малую радзіму. Не люблю гэтае словазлучэнне, бо для мяне ёсць толькі радзіма, яна не можа быць малой. Мы сябруем з кіраўніцтвам раёна, запрашаюць на свята Докшыц і іншыя мерапрыемствы. З мясцовай бібліятэкай сябруем (мама некалі была загадчыцай дзіцячай бібліятэкі). Ёсць там стэлажы пра нашу сям’ю і работы нашы. А магчыма, з’явіцца і музей, ёсць ужо прапанова па праекце.

Родны горад мастачка ўславіла ў габелене «Докшыцкая батлейка», які знаходзіцца ў Нацыянальным мастацкім музеі разам з яшчэ двума яе творамі. Летась музей набыў твор 1999 года «Апошнія ліхтары», які спадарыня Галіна прысвяціла бабулі з дзядулем. Чым больш глядзіш яе твораў, тым больш здзіўляешся, якім шматаблічным можа быць габелен! Калі ішла праца над габеленам «Рэквіем Трасцянец» — гэта адзін з першых беларускіх аб’ёмных габеленаў, — мастачцы не хапіла аб’ему, каб раскрыць тэму, і яна дадала яго праз форму. Экспрэсіўныя чырвона-белыя кветкі — як людзі. «Рэквіем Трасцянец» цяпер знаходзіцца ў маскоўскім музеі Абрамцава ў пастаяннай экспазіцыі. У спадарыні Галіны шмат аб’ёмных габеленаў, адзін з іх яна прысвяціла брату: сярод рознакаляровых алоўкаў адзін з абламаным стрыжнем…

Габелен «Дзень»

У габелене можна перадаць усё: і дынаміку, і пластыку, і настрой, лічыць мастачка. Ёсць у яе мінігабелены, дзе больш перадаецца стан, а ёсць большага памеру станок, падараваны мужам, чакае свайго сюжэта. Ёсць творы камерныя (выставачныя) і манументальныя — для грамадскіх устаноў, напрыклад, габелен-заслона. Апошнія ў нас могуць рабіць усяго некалькі спецыялістаў. У малой зале Палаца Рэспублікі заслону «Вясёлка» стварыла Галіна Крываблоцкая. Вельмі вялікі твор, які на Барысаўскім камбінаце некалькі месяцаў штодня ткалі 12 ткачых пад аўтарскім наглядам. Усе манументальныя работы Галіны Крываблоцкай паўставалі там — таксама габелен з Нацыянальнай бібліятэкі, заслона для канферэнц-залы гатэля «Беларусь», выкананая ў тэхніцы рамеснага пераборнага ткацтва, ды заслона з панарамай Бердзічава для гэтага ўкраінскага горада. Над апошнім разам з Вольгай Грыдзінай працавалі каля года…

Наогул, у нас няшмат тых, хто ўмее гэта ствараць. У секцыі дэкаратыўнапрыкладнога мастацтва Саюза мастакоў Беларусі крыху больш за 30 сяброў. Быў клопат пра тое, каб наогул традыцыя не спынілася: разам з сястрой Валянцінай Бартлавай, лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі Беларусі, загадчыцай кафедры касцюмаў і тэкстылю Акадэміі мастацтваў (1988— 2016 гг.), давялося прыкласці шмат сіл. Тым больш што цікавасць да гэтага віду творчасці ёсць, гэта паказалі і нядаўнія рэспубліканскія выстаўкі ў Брэсце і Віцебску. Сёстры ўжо думаюць пра агульную выстаўку ў музеі Уладзіслава Галубка да 100-годдзя заснавання яго тэатра: яна павінна быць лёгкая, узнёслая...

— Ці рэальна вярнуць магутнасць гэтай традыцыі ў Беларусі?.. Як у любой справе, павінна быць паўза, — лічыць Галіна Крываблоцкая. — Я 18 гадоў выкладала ў Рэспубліканскай гімназіі-каледжы імя Ахрэмчыка, у мяне добры дзясятак моцных вучняў. У асноўным на нашу спецыяльнасць ідуць дзяўчаты, але было некалькі хлопчыкаў, што таксама добры знак. Спадзяюся, што на пэўным этапе вучні падхопяць нашу справу.

Ларыса ЦІМОШЫК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».