Вы тут

Узрастаць на фестывальнай хвалі


Конкурс «Нацыянальная тэатральная прэмія» — гэта своеасаблівы фестываль. У адзін і той жа час, у адным і тым жа месцы знаўцы і аматары тэатра могуць увайсці ў курс тэатральнага жыцця, пазнаёміцца з эксперыментамі і нават адчуць сваё дачыненне да інтэлектуальнай супольнасці. Гэта ў ідэале. У наш прагматычны час не менш важна іншае — атрымаць прызнанне, узнагароду, параўнаць сябе з калегамі. Конкурсная спаборніцкая сістэма прысутнічае і тут, і там, хоць фестываляў шмат, а Нацыянальная тэатральная прэмія адна на два гады. Аднак крытэрыі прафесіяналізму застаюцца нязменныя. За гэтым павінна сачыць строгая тэатральная грамадскасць. Сёння яна заклапочана поспехамі ў публікі так званага «буржуазнага тэатра», дзе ёсць мадам, месье і нехта трэці, які нясе неспакой. Можна пасмяяцца, змахнуць слязу. Але ў фінале ўсё скончыцца добра. У буржуазнага тэатра гарантаваны поспех. Калі вельмі разумнай публіцы такое не падабаецца, гэта яе праблема…


Падведзены вынікі пятага па ліку конкурсу, але паранейшаму працягваюцца спрэчкі аб судзействе і намінацыях.

А суддзі хто?

Быццам бы ўсё проста і зразумела. Эстэтычная з’ява — тэатр — адначасова з’яўляецца і палітычнай: неабходна стымуляваць дзеячаў сцэны да стварэння высокамастацкіх спектакляў, знайсці і прад’явіць лепшыя вобразы нацыянальнага тэатральнага мастацтва. Такія задачы вызначаны Міністэрствам культуры Беларусі. Шматлікія эксперты нагадваюць пра гуманістычныя ідэалы грамадства, пра абуджэнне духоўнасці, павышэнне творчага ўзроўню, сучасную тэатральную мову, наватарскія ідэі, выяўленне таленавітай моладзі…

Вядома, на нашы сціплыя 28 дзяржаўных рэпертуарных тэатраў ускладзены вельмі адказныя задачы. Разумеючы гэта, арганізатары прыцягнулі да ўдзелу ў конкурсе і прыватныя тэатры.

Гэта Сучасны мастацкі тэатр, Цэнтр візуальных і выканальніцкіх мастацтваў «Арт Карпарэйшн», тэатральная майстэрня Наталлі Башавай (Камерны драматычны тэатр), Міжнародны тэатральны праект «НомоCosmos», тэатр Генадзя Гладкова «Тэрыторыя мюзікла», ТАА «ТриТформаТ»). Адабралі з прадстаўленых тэатрамі спектакляў палову і пачалі іх адгледжваць у Мінску. Для гэтага стварылі пяць камісій, у якія запісалі 43 члены журы. Яны павінны былі ахапіць усё. У навуковым артыкуле кандыдата мастацтвазнаўства А. М. Стэльмах прачытала наступнае: «Аб сучасным беларускім тэатры пішуць шмат. АЛЕ, як правіла, у арбіту даследаванняў вядучых тэатразнаўцаў і мастацтвазнаўцаў узроўню Р. Смольскага, Т. Гаробчанкі, В. Ермалінскай, Р. Бузука і іншых трапляе дзейнасць дзяржаўных тэатраў. Альтэрнатыўныя формы тэатральнага мастацтва, такія як праектны тэатр, прыватны тэатр ці антрэпрыза, выпадаюць з поля зроку крытыкаў альбо заслугоўваюць увагі з боку журналістаў, якія фіксуюць тэатральныя падзеі».

Чаму ж гэтыя вядучыя спецыялісты (акрамя Р. Смольскага) не патрапілі ў адборачныя камісіі і журы, а часткова прызначылі тых, чые работы былі вылучаны на прэмію (Аляксандр Гарцуеў, Таццяна Траяновіч, Дзмітрый Багаслаўскі, Дзмітрый Рачкоўскі)? З журналістаў, якія фіксуюць тэатральныя падзеі, у журы працавалі В. Пепяляеў і Н. Бунцэвіч. Працы пары дзясяткаў іншых крытыкаў быццам бы не мелі ніякага ўплыву на галоўную тэатральную падзею года. Паважаныя 43 эксперты — людзі гранічна занятыя. У большасці выпадкаў яны глядзелі спектаклі ўпершыню. Многія спектаклі наогул паглядзець не паспявалі. У такіх выпадках адгледжваюць дыск (нагадаю, што такі запіс істотна адрозніваецца ад жывога спектакля). Ці магло быць канчатковае рашэнне пра ўзнагароды абсалютна справядлівым? Пакінем пытанне без адказу. Старшыня журы тэатраў лялек Любоў Дзёмкіна на заключнай цырымоніі са сцэны інтэлігентна выказала меркаванне з нагоды фарміравання ацэначных камісій. На жаль, гэта меркаванне патанула ў агульнай эйфарыі свята. Зразумела іншае: сістэму трэба ўдасканальваць. Такую падзею, як Нацпрэмія, трэба старанна рыхтаваць, абапіраючыся не толькі на густы экспертаў, але і на шматлікія публікацыі ў СМІ.

У карнавале чалавечых душ

З праглядам спектакляў мінскіх тэатраў не было праблем. Лепшае ва ўсіх на слыху. Было зразумела, што «Рэвізор» у купалаўцаў — праца вельмі сур’ёзная і без узнагарод не застанецца. Сярод любімчыкаў крытыкаў — Яўген Карняг і яго «Бетон» і «Сёстры Граі». Частка эстэтаў чакала прызнання цікавых пошукаў рэжысёра Магілёўскага абласнога тэатра Саўлюса Варнаса. Тым больш што адразу чатыры спектаклі гэтага рэжысёра прайшлі праз адборачную камісію ў фінале. Значна большай увагі заслугоўвалі дзіцячыя казкі. Малавядомы Пінскі драматычны тэатр паказаў спектакль маладога рэжысёра Паўла Марыніча «Па шчупаковым загадзе» з такой добрай энергетыкай, якая аднолькава захапіла і дзяцей, і дарослых. У вясёлым музычным спектаклі не пацярпелі класічны сюжэт і руская народная казка. Беласнежныя стыльныя касцюмы, афармленне ў традыцыі гжэльскага роспісу, сцэнічныя эфекты і таленавітая акцёрская ігра дадалі гледачам радасці.

І зусім іншая праца Дзяржаўнага маладзёжнага тэатра — «Старая чароўная казка» — своеасаблівы мікс, парад вядомых казачных персанажаў, якія, не расстаючыся з традыцыйнымі рускімі народнымі касцюмамі, раптам становяцца вельмі сучаснымі. Гэтае перамяшчэнне Ямелькі, цара, яго міністраў, салаўёў-разбойнікаў у сённяшні дзень у рэжысуры Канстанціна Міхаленкі выглядае вельмі пераканаўчым і арганічным. Так што казка гэтая для дарослых. Таму і дзіўна, што два непадобныя таленавітыя спектаклі засталіся без адзнак. Таксама як і хіт двух сезонаў «Пансіён Бельведэр».

Многія лічаць, што кожнае пасланне тэатра павінна быць добра ўпакаванае, каб быць прададзеным. Відовішчная прырода тэатра пастаянна дыктуе пошукі формы. Сёння, калі фарматворчасць перастала быць лаянкавым тэрмінам, стала мала цікавым адлюстраванне жыцця сродкамі самога жыцця як у рэалістычным мастацтве. Больш цікава адлюстраванне жыцця сродкамі яркай і нечаканай тэатральнай выразнасці. Вось тут і ляжыць усё яшчэ камень спатыкнення. Крытык заўсёды прагне новых формаў. Чым больш рэзкае рэжысёрскае выказванне, чым больш жорстка выбіваецца спектакль з тэатральнай традыцыі, тым больш падстаў у нас, крытыкаў, спрачацца, прынізіць альбо ўзнесці. Прастора рызыкі ў нас, на жаль, абмежаваная. Усе хочуць «вярняк». А ён рэдка прыводзіць да выпрацоўкі новай методыкі рэжысёрскай працы, да іншага спосабу акцёрскага існавання на сцэне, да арыгінальнасці драматургічных прыёмаў.

Наша тэатральнае мастацтва, як і расійскае, апынулася ў моры шоу-бізнесу, спрошчанай мадэлі свядомасці, якую вельмі выразна называюць «культурай супермаркетаў». Чым далей адыходзіць ад гэтага тэатр, рызыкуючы касай, тым больш надзеі на тое, што мы будзем непадобныя на іншых. У цяперашні час гэтай небяспечнай тэндэнцыі шчасліва супрацьстаяў аб’яўлены ў краіне

Год малой радзімы

Зусім не спецыяльна, а па волі сэрца ў тэатрах з’явіліся цікавыя спектаклі на гэтую тэму. Малая радзіма і малыя сцэны. Камерныя жыццёвыя гісторыі, з якіх у свядомасці складваецца неабсяжны Космас.

Тэатр для малой радзімы і спектакль пра малую радзіму — з’явы розныя. Аднойчы Яўгена Міронава, мастацкага кіраўніка Маскоўскага тэатра нацый, спыталі: «Навошта тэатры маленькім правінцыйным гарадам?». Ён адказаў: «Я шмат езджу з нашым Фестывалем тэатраў малых гарадоў Расіі і бачу, што тэатр у гэтых гарадках — святое месца. Туды жанчыны прыходзяць з пантофлямі, каб пераабуцца. Тэатр аказваецца адзіным месцам у горадзе, дзе можна выратавацца ад адзічэння. І калі ў горадзе ёсць месца, куды інтэлігентныя, адукаваныя людзі могуць прывесці сваіх дзяцей, гэта азначае, што гарадок да гэтага часу жывы!»

І вось праблема. Далёка не ўсюды ёсць свае тэатры, але паглядзець спектакль прыезджых гасцей жадаюць многія. Гэта значыць, што трэба і проста неабходна думаць пра адмысловы рэпертуар для гэтай самай малой радзімы.

Хачу распавесці пра тры спектаклі, якія засталіся паза ўвагай Нацпрэміі. Гэта «Радзіва “Прудок”» тэатра імя Янкі Купалы, «Сіняя-Сіняя» Магілёўскага тэатра лялек і «Дарожка мая...» Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы. Шмат усяго напісана, сыграна, намалявана на тэму сельскага жыцця. А беларуская культура па частцы гэтых малюнкаў — у першых шэрагах.

Аднак у гэтых спектаклях адбылася асаблівая падзея. Нам адкрылася сённяшняе жыццё звычайнага чалавека (не бізнесмена, не менеджара, не офіснага працаўніка або сілавіка). Яго часта называлі простым чалавекам, хоць ён далёка не просты. Жыццё працаўніка на зямлі. Ён бачны не з-за ілюмінатара касмічнага карабля. Не зверху, не з боку, а знутры беларускай душы, цёплай, якая ўмее спачуваць. Тут жывое дыханне жыцця. «Прудок» зусім не падобны на ўсё, што іграецца сёння на купалаўскай сцэне. У гэтай рабоце няма застылай манументальнасці, няма жалю з нагоды несправядлівасці жыцця, няма пачуцця перавагі над няўдачнікамі, няма дулі ў кішэні. Ёсць незамутнёны погляд сучасных людзей на наша сённяшняе жыццё і невытлумачальнасць некаторых учынкаў.

Гэта не свет сучаснай вёскі і разам з тым абсалютная яго пазнавальнасць. Акцёры палюбілі рэальны Прудок, сталі туды наведвацца, узбагачаць і карэкціраваць свае ўражанні. Рэжысёр спектакля Раман Падаляка як акцёр не спакусіўся магчымасцю іграць самому. Рэжысёрскую здольнасць прысвяціў тэксту і працы са сваімі калегамі. Так нарадзілася зорная акцёрская тройца, дзе ніхто не імкнецца саліраваць або вылучацца. Каманда ў самым лепшым сэнсе. Разам з рэжысёрам і сцэнографам яны ствараюць асаблівы свет чалавечай супольнасці па законах псіхалагічнай праўды і неабсяжнасці чалавечых жаданняў. Гэта не мары пра страчаны рай, не заклік ехаць да зямлі і займацца фермерскай гаспадаркай. І нават не вядомае з савецкіх часоў «абслугоўванне сяла» тэатрам. Тры прэміі прысуджаны тэатру імя Янкі Купалы за спектакль «Рэвізор». Прысуджаны заслужана, але адну з іх можна было б аддаць «Прудку», у якога каласальны поспех у гледачоў.

Пастаўленая і пераасэнсаваная ў духу сённяшняга часу аповесць Уладзіміра Караткевіча «Сіняя-Сіняя» — бліскучая праца акцёра Міхаіла Сцешыца, рэжысёра Ігара Казакова, сцэнографа Таццяны Нерсісян. Яе герой таксама беларус з малой радзімы, толькі ён трапіў у міжнародны кантэкст, дзе ідзе вайна, гінуць дзеці. У душы героя жыве гісторыя радзімы.

«Дарожка мая...» — спектакль-споведзь знакамітага фалькларыста-музыканта Івана Кірчука. Шлях чалавека ад нараджэння да смерці праз рэаліі беларускага народнага жыцця. Больш за 40 народных песень, рэдкія музычныя інструменты і абрады дапамагаюць успомніць, здзівіцца, захапіцца сваімі каранямі і продкамі.

Па вялікім рахунку, гэтыя тры спектаклі могуць прадстаўляць беларускую культуру за межамі краіны на любых фестывалях. Яны выдатна ўкладваюцца ў храналагічны ланцужок мінулае — сучаснасць — будучыня. У сваім светаадчуванні і разуменні чалавека тут беларускі тэатр на вышыні.

 Глыток кіслароду

Калісьці гастролі правінцыйных тэатраў не давалі разарвацца тэатральным сувязям. Кожны прыезд у сталіцу дазваляе тэатру зрабіць вялікі скачок і атрымаць прызнанне. Паказ і меркаванне тэатральнай грамадскасці нават важнейшыя за ўзнагароды і дыпломы. Таксама для калектываў вельмі важна зразумець, ці адпавядаюць яны ўзроўню сучаснага тэатральнага працэсу. Вядома, некарэктна параўноўваць умовы творчасці ў сталічных тэатрах і абласных. Аднак усё ж здараюцца шчаслівыя прарывы. У асноўным за кошт рэжысёрскай і акцёрскай творчасці. Гэта прадэманстравалі тэатры Магілёўскай вобласці. Акрамя ўжо згаданай магілёўскай драмы і чатырох спектакляў Саўлюса Варнаса, спектакляў Ігара Казакова, на прэстыжнай сцэне Нацпрэміі з’явіўся тэатр драмы і камедыі імя В. І. Дуніна-Марцінкевіча з Бабруйска. Яго спектакль «Кропкі на часавай восі» аказаўся вельмі аблашчаны экспертамі і пацвердзіў упэўненасць, што наша тэатральная моладзь ужо многае ўмее.

Узрадавалі маладзечанскія лялькі сваім спектаклем «Сёстры Граі». Спрэчнымі, але прыкметнымі сталі работы з Гомеля. А вось Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Якуба Коласа і «Лялька» з Віцебска, як і сталічны ТЮГ, не прайшлі нават папярэдняга адбору.

Неабходна думаць аб канкурэнтаздольнасці драматургаў, рэжысёраў, акцёраў, але і цэлых калектываў. Увесь тэатральны арганізм нашай краіны патрабуе ўвагі і аздараўлення.

Адшумяць страсці па Нацыянальнай прэміі. У інтэрнэце выкажуцца незадаволеныя. Будзе вельмі крыўдна, калі ўсталюецца звыклая цішыня і нежаданне рызыкаваць, шукаць. У цішыні і спакоі будзе стварацца звыклы касавы прадукт з мадам і месье.

Ад кіраўнікоў тэатральнай справы, экспертаў, крытыкаў, вядомых дзеячаў мастацтва чакаюць аналізу, ацэнкі, прадуманых стратэгій, прыярытэтаў развіцця сучаснага тэатра. Менавіта гэтыя лідары думак фарміруюць грамадскі рэзананс. Магчыма, варта пачынаць разгойдваць тэатральны човен.

Таццяна АРЛОВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».