Вы тут

Марына Весялуха. Утульнасць воўны


Дзе шапавал стаў — там і яго стан.


Так сцвярджае беларуская прымаўка. І, натуральна, не памыляецца. Шапавалаў — майстроў, што здаўна выраблялі з авечай воўны валёнкі, рукавіцы, шапкі-магеркі, брылі і нават цёплыя коўдры, можна параўнаць з вандроўнымі музыкамі ці мастакамі. Кожную зіму, завяршыўшы працу ў полі і спарадкаваўшы ўраджай, яны збіралі ў торбу інструменты і выпраўляліся ў вялікую вандроўку. Працавалі ў дамах заказчыкаў, дзе за грошы і ежу ператваралі воўну ў цёплыя зімовыя рэчы. Вандравалі ў розных мясцінах Расіі, Беларусі, Літвы, часам дабіраліся да аўстрыйскай мяжы на захадзе, да Масквы, да Кіева. Вядомы выпадак, што майстар Шарлоўскі трапіў нават у Амерыку, дзе і застаўся жыць і працаваць, штогод высылаючы сям’і больш за 300 рублёў.

Шапавалы валодалі багатым жыццёвым досведам, мелі ў запасе мноства жыццёвых гісторый, таму ў вёсках лічыліся вельмі паважанымі і адукаванымі людзьмі. Яшчэ больш таямнічасці гэтым майстрам надавала і іх адметная ўмоўная мова, так званы «катрушніцкі лемязень». Яна налічвала 915 слоў, значэнне якіх захоўвалася ў строгім сакрэце. Так рамеснікі імкнуліся перашкодзіць распаўсюджанню сакрэтаў такой прыбытковай справы, а таксама спрабавалі крыху падмануць гаспадара, у якога працавалі.

Сёння шапавальскае майстэрства — адна з візітовак Дрыбінскага раёна, у 1930-я гады тут працаваў шапавальны завод, а каля дзесяцігоддзя таму гэтае рамяство было ўключана ў Дзяржаўны спіс нематэрыяльнай гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі.

Існуе меркаванне, што шапавальства пачало развівацца на тэрыторыі Беларусі яшчэ ў XVI стагоддзі, але яго грунтоўным вывучэннем этнографы заняліся толькі ў канцы ХІХ — пачатку ХХ стагоддзяў. Так, вядомы даследчык Еўдакім Раманаў, які вывучаў гісторыю і культуру Магілёўскага краю, нават выдаў асобную работу «Дрыбінскія шапавалы».

Як жа вырабляюць валёнкі? Воўну, атрыманую пры стрыжцы авечкі, рыхляць брындай, ці «струной», перабіваюць з дапамогай байку. Пасля валокны намотваюць на драўляныя калодкі, ці «балванкі», той формы, якую патрэбна атрымаць у выніку, і валяюць. Для надання правільнай формы халявам валёнак выкарыстоўваліся «правідлы».

Але чаму менавіта Дрыбіншчына стала своеасаблівай сталіцай шапавальства? Існуе некалькі версій. Паводле адной з іх, месца, дзе цяпер размешчаны Дрыбін, калісьці было пустэльным, тут знаходзіліся толькі фальварак Дрыбін і вёска Стары Дрыбін. Уладальнік фальварка, каб павялічыць колькасць насельніцтва ў маёнтку і ўтварыць мястэчка, стаў запрашаць усіх ахвотных сяліцца на незанятых месцах. На запрашэнне адгукнуліся людзі рознага грамадскага становішча, розных саслоўяў і прафесій. У іх ліку былі і перасяленцы адтуль, дзе ўжо было развітое валяльнае рамяство. Асталяваўшыся на новым месцы, яны працягвалі тут традыцыі сваёй мясцовасці, бралі і новых вучняў, памочнікаў.

Другая ж версія сцвярджае, што былы ўладальнік маёнтка Атон Цэханавецкі адмыслова накіраваў некалькі сваіх маладых сялян у Ніжагародскую губерню для навучання валяльнаму рамяству. Набыўшы неабходныя тэхнічныя навыкі і веды, пасля вяртання на радзіму майстры перадавалі іх сваім дзецям.

Дарэчы, традыцыя выбіраць шапавальства ў якасці сямейнай справы жыве на Дрыбіншчыне і сёння. Сям’я Зюлікавых з вёскі Пакуццё — яскравы гэтаму прыклад. Вось ужо пяць пакаленняў мужчын сям’і Зюлікавых займаюцца гэтым рамяством. Ёсць на іх сядзібе і сапраўдны рарытэт — старажытная часалка, машына, на якой чэшуць воўну для вырабу валёнак. Для Беларусі і сёння такія прыстасаванні — рэдкасць. Калі гаспадары набылі гэтую незвычайную машыну (прывезлі аж з-пад Брэста), яна была ў вельмі кепскім стане, бо шмат гадоў не выкарыстоўвалася. Давялося разабраць механізмы да самых дробных дэталяў, два тыдні мылі-рамантавалі, але ўсё ж запусцілі.

Аўтарка гэтых радкоў колькі гадоў таму мела магчымасць асабіста пазнаёміцца з майстрамі і завітаць на іх радавую сядзібу ў Пакуцці. Тады ж майстар Уладзімір Зюлікаў, самы старэйшы ў сям’і, распавёў:

— З даўніх часоў Пакуцце лічылася краем рамеснікаў. Тут жылі бондары, кавалі, шапавалы. А ўсё з-за таго, што зямля ў наваколлі не вельмі ўрадлівая: намаганняў прыкладалі шмат, але багатых ураджаяў ніколі не было. Нават прымаўка такая з’явілася: «Хто жыве на гліне — той век не загіне, а хто жыве на пяску — той есць па маленькім куску». Нам выпала жыць «на пяску».

Таму жыхары Пакуцця, каб пракарміць сям’ю, і шукалі прыбытковыя справы, рабілі, што ўмелі, а потым ездзілі па суседніх і больш далёкіх вёсках, нават у Заходнюю Беларусь, абменьвалі зробленыя рэчы на грошы ці прадукты.

Кажуць, што, каб авалодаць майстэрствам вырабу валёнак, мала адно вялікага жадання. Гэты занятак ужо ў крыві мясцовых жыхароў. Уладзімір Майсеевіч нават адзначаў, што, колькі да яго ні прыязджалі вучыцца з іншых вёсак, ніхто так і не авалодаў майстэрствам дасканала.

Марына ВЕСЯЛУХА

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».