Вы тут

Як наваражыць сабе суджанага і што рабіць, каб куры несліся


Каляднымі вечарамі звычайныя ў іншы час прадметы сакралізуюцца

У некаторых рэгіёнах Беларусі час з Раства да Вадохрышча называюць “крывымі вечарамі”. Чаму так павялося, як наваражыць сабе суджанага і што рабіць, каб куры несліся, “Звяздзе” расказаў загадчык філіяла Веткаўскага музея стараабрадніцтва і народных традыцый імя Ф.Р. Шклярава ў Гомелі Пятро Цалка.   


— Рыхтавацца да крывых вечароў пачыналі яшчэ з “піліпаўскіх вячорак” (ладзіліся падчас піліпаўскага посту). У чаканні зімовых свят і ігрышчаў народ суцішваўся ва ўсім — елі мала, песні спявалі толькі спакойныя або чыталі псалмы, не танцавалі. Дзяўчаты пралі, а ў хлопцаў была магчымасць да іх прыгледзецца. Прычым падзівіцца на маладзіц прыходзілі і іх будучыя свякрухі. Калі сыны ў першую чаргу звярталі ўвагу на тварык, то дарослыя жанчыны ацэньвалі нявест па працавітасці — якая прыгажэй вышывае ці ладней прадзе. Адным словам, аглядалі дзеўку з усіх фронтаў. І ўжо на крывых вечарах, пасля Раства, складвалася нямала пар, якія ў хуткім часе браліся шлюбам. Раней жа ніхто гадамі не сустракаўся. Увосень выглядзелі адно аднаго — узімку павянчаліся, — кажа Пятро.

Дык чаму ж калядныя вечары крывыя?

— Нашы продкі верылі, што ўсё зробленае ў гэты перыяд будзе нетрывалым. Таму працаваць строга забаранялася. Нават гузік прышыць было нельга, не кажучы пра ўсю астатнюю сялянскую працу, якая ў гэтыя дні поўнасцю спынялася — не пралі, не вышывалі, не мялі падлогу. З хат выносілі працоўныя інструменты, ткацкае абсталяванне. Лічылі, што калі нядбайная гаспадыня ўсё адно возьмецца за справу насуперак забароне — чакаць ёй бяды. Працоўныя турботы замяняліся прыемным адпачынкам — з 6 на 7, з 13 на 14 і да самага Вадохрышча моладзь і дзеці хадзілі па хатах, калядавалі,  ладзілі шумныя вячоркі. Большую частку года селянін цяжка працаваў. Крывыя вечары былі для яго сапраўднай аддушынай, калі ён мог пра ўсё забыцца, есці і піць, колькі ўлезе, спяваць да хрыпаты і танцаваць да самага ранку.

У кожнай вёсцы былі свае абрады, якімі суправаджаліся крывыя вечары.  Разам з тым, меліся і агульныя для ўсіх традыцыі. Адна з такіх — тры куцці. Уласна перад Раством была посная (галодная) куцця, яе варылі на вадзе. На Шчадрэц елі скаромню куццю з мясам. Увогуле, стол у гэты вечар імкнуліся накрыць па-багатаму. Да свята і парася забівалі, і пірагі з булкамі пяклі. Верылі: чым багацейшая святочная вячэра, тым большы ўраджай атрымаецца сабраць. Трэцяя куцця (перад Вадохрышчам) — зноў посная, на вадзе, але ў яе можна было дадаць мёд, сухафрукты, мак.  

— Паколькі ў нас хрысціянская культура цесна пераплецена з паганскай, то нават падчас ежы нашы людзі не забывалі пра забабоны. На першую куццю звычайна клікалі “дзядоў” ці самога “мароза”. Перад тым, як сядалі за стол, лыжку кашы клалі на падваконнік са словамі “Мароз, мароз, хадзі да нас куццю есці!”  А затым бацька чытаў малітву. Усе слухалі яго, заплюшчыўшы вочы. Жыхары некаторых гомельскіх вёсак прыгадваюць такое павер’е: пасля малітвы дзеці і моладзь павінны былі ўхапіць сталовыя прыборы, якія ляжалі на сярэдзіне стала. Хто акажацца лаўчэйшым і возьме больш лыжак — той у гэтым годзе больш грыбоў і ягад назбірае. Таму многія, будучы малымі,  малітву перад ежай слухалі праз слова і думалі толькі пра паходы ў лес.

Лічылася, што каляднымі вечарамі звычайныя ў іншы час прадметы сакралізуюцца. Напрыклад, сена, якое клалі пад абрус на першую куццю, не выкідвалі. Гаспадыні маглі пакласці яго пад кур, каб тыя больш яек неслі; даць з’есці карове, каб яна малака больш даваць пачала. Рэшткі куцці са святочнага стала выносілі на вуліцу і сыпалі ў абруч з бочкі. Існавала павер'е: калі курэй гэтай кашай пакарміць, яны па суседскіх гародах не разбягуцца.

У калядныя дні абавязкова назіралі за надвор’ем. Засыпала снегам — будзе шмат белых грыбоў. А калі зямля “белай коўдрай” не пакрытая — чарніцы ўродзяць. Зорныя ночы — чакаць добрага ўраджаю збожжа. Зоркі на небе бачыліся нашым продкам зярняткамі ў полі. Гэта, дарэчы, добра ілюструе аптымістычны менталітэт беларусаў. У нас дрэннага быць па змоўчанні не можа.

— Паколькі Каляды — час незвычайны, чароўны, то ў гэтыя дні паміж “тым” і нашым светам быццам партал адкрываецца. Праз яго марознай студзеньскай ночкай многія хочуць зазірнуць у будучыню. Традыцыйных варожбаў у беларусаў — на любы густ. Ад земляробчых да шлюбных. Калі першыя ў наш час пачалі забывацца, то другія не губляюць сваёй актуальнасці сярод маладога пакалення. Мы ў музеі штогод ладзім вечарыну, дзе кожны ўдзельнік можа даведацца, што чакае яго ў асабістым жыцці. Мы і платы абдымаем у парку Румянцавых-Паскевічаў, і боцікі кідаем. І вось што цікава. Нам, як музейным супрацоўнікам, часта даводзіцца бываць у экспедыцыях. Практычна ўсе бабулі, з якімі мы там знаёмімся, сцвярджаюць: мне мой дзед на Каляды прысніўся!

Таму ўсім незамужнім дзяўчатам у ноч з 13 на 14 Пятро раіць перад сном рашчасаць валасы, а грабеньчык пад падушку пакласці со словамі “Суджаны-ражаны, прыходзь мне валасы часаць, косу расплятаць”. Або шклянку вады с лучынкай пад ложак паставіць і папрасіць будучага кавалера перавесці вас у сне праз масток. Хто сасніцца, за таго і замуж ісці.

— Раней варажылі не толькі на хлопцаў, але і на будучых свякрух. Напрыклад, бралі камень з лазні і ішлі да калодзежа. Кінуць у ваду і слухаюць: упаў бязгучна — свякруха будзе добрая, апусціўся ў ваду з пляскатам — будзеш з маткай мужа часта сварыцца, — дзеліцца старадаўнімі прыёмамі “народнага чараўніцтва” загадчык філіяла. — Асабіста маё меркаванне наконт варожбаў такое — “Па веры вашай да будзе вам”. Калі чалавек пазітыўны, то ён і словы патрэбныя пачуе, і сабакі яму з патрэбнага боку будуць брахаць, і боты ўпадуць туды, дзе каханы жыве. Не трэба ставіцца да гэтага занадта сур’ёзна. Да таго ж на наступныя крывыя вечары можна наваражыць сабе новага суджанага!

Неад’емная частка зімовых забаў — хаджэнні па хатах. Вялікімі ці маленькімі гуртамі, у касцюмах ці без, з гармонікам ці скрыпкай людзі спявалі пад вокнамі і атрымоўвалі за гэта пачастункі.

— Раней было строгае размежаванне. Сёмага студзеня калядавалі — хадзілі з зоркамі і ўхвалялі ў песнях Божае нараджэнне, ладзілі батлейкі і разыгрывалі сцэнкі на біблейскія сюжэты. Шчодры вечар — росквіт дахрысціянскіх абрадаў, традыцый і забаў. Песні пачыналі спяваць жартаўлівыя, пераапраналіся ў казу, мядзведзя, жораваў, вадзілі з сабой “ражаную” кабылу. Па сутнасці гэтыя жывёлы  з’яўляюцца татэмнымі сімваламі старажытных беларусаў. Разам з тым дзеля забавы мужыкі пераапраналіся ў жанчын і наадварот, у кампаніі абавязкова быў свой “нячысцік” — чорт. Нахадзіўшыся па вясковых вуліцах, кампаніі асядалі ў адной з хат, каб патанцаваць. Дзе як ні тут можна было пазнаёміцца маладым, канчаткова вызначыцца ў сімпатыях, адкрыта паразмаўляць? Святочная атмасфера спрыяла адкрытасці. З аднаго боку ўсё быццам жарт, з іншага — сур’ёзная справа, якая вяла да зімовых вяселляў.

Кропку ў крывых вечарах ставіла Вадохрышча.

— Калі ўсе каўбасы былі паедзеныя і самагон выпіты, песні спетыя і варожбы праведзеныя, чалавек ішоў акунацца ў палонку, каб змыць усе грахі. Чысты ва ўсіх сэнсах ён уступаў у новы перыяд жыцця.

Ганна КУРАК

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».