Вы тут

Васіль Шаранговіч: жыццё — творчае, характар — беларускі


Эмацыянальнае слова чытача напярэдадні 80-годдзя народнага мастака Беларусі Васіля Пятровіча Шаранговіча


Прызнаюся, што мне даўно хацелася выказацца наконт творчых набыткаў народнага мастака Беларусі, заслужанага дзеяча культуры Польшчы, прафесара Васіля Пятровіча Шаранговіча. Бо гэтыя набыткі ўяўляюцца мне найперш тым эмацыянальным водарам і той эмацыянальнай сілай, якую я ў любой творчасці цаню найбольш. Яны валодаюць такой адметнасцю, якая ніколі не губляе каштоўнасці, наадварот, з часам толькі загартоўваецца і набывае яшчэ большую вартасць і значнасць. Мне ж, акрамя сапраўды высокага майстэрства, бачыцца і пэўная звыкласць, натуральнасць, але такая, якая даецца не кожнаму, разглядваць, сузіраць якую хочацца зноў і зноў. Бо гэта тое рэальнае жыццё, якое бачыў я і ў сваім дзяцінстве, і пазней, бачу і сёння — як сведчанне народнага побыту, як адметнасць беларускага характару.

Найперш у кніжных працах мастака столькі цеплыні, натуральнасці, настраёвасці, што не адвесці вачэй.

І гэта не юбілейнае перабольшанне. Гэта маё стаўленне да створанага Васілём Пятровічам на ніве мастацкага ілюстравання кніг альбо, кажучы прафесійнай мовай, на ніве кніжнай графікі. На шчасце, гэтая ніва сталася для Шаранговіча тым творчым полем, якое дало багаты ўраджай і добры ўмалот. Гэта набытак і самога мастака, і каштоўны падарунак нам, чытачам.

Думаю, што ў кожнага мастака ёсць жаданне, каб ягоная праца была даступна як мага большай колькасці людзей. Ды часта жаданне і рэальнасць ідуць паралельнымі шляхамі, не заўсёды перасякаюцца. Аднак ёсць такая катэгорыя мастакоў, вынікі працы якіх ад самага запачаткавання «асуджаны» на тое, каб іх бачылі тысячы людзей. Я маю на ўвазе мастакоў-кніжнікаў — тых, хто валодае рэдкім талентам мастацкага афармлення кніг. Бо калі іншыя творы мастацтва ў сваёй большасці даступныя толькі ў выставачных залах і музеях, то з вынікамі працы ілюстратараў (праўда, гэтае слова мне не надта падабаецца, бо ў ім гучыць нейкая другаснасць, а я цвёрда лічу, што мастак-ілюстратар — самы сапраўдны і рэальны сутворца, суаўтар кнігі) могуць, не выходзячы з кватэры ці хаты, знаёміцца (сузіраючы іх зноў і зноў) многія і многія тысячы чытачоў. Ці не таму кожнае выдавецтва імкнецца, каб у яго тэматычных планах былі выданні, якія вызначаліся б высокай мастацкасцю. На шчасце, такімі шэдэўральнымі, кажучы сённяшняй мовай, кнігамі можа пахваліцца і Беларускі фонд культуры. Яны не сталі б такімі, калі б да іх афармлення-ілюстравання не далучыўся Васіль Пятровіч Шаранговіч.

Я маю на ўвазе найперш «Пана Тадэвуша» Адама Міцкевіча і «Новую зямлю» Якуба Коласа — абедзве на беларускай, рускай і польскай мовах. Што я не перабольшваю, што не завышаю ацэнак у дачыненні да мастацкага ілюстравання гэтых выданняў, сведчаць і многія ўзнагароды на рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах. А яшчэ я чуў шмат ухвальных слоў на адрас мастака Шаранговіча з вуснаў многіх дыпламатаў замежных краін, калі праводзіў прэзентацыю «Пана Тадэвуша», будучы паслом Беларусі ў Румыніі.

У доказ запатрабаванасці гэткага віду мастацтва сведчыць і тое, што дагэтуль («Пан Тадэвуш» выходзіў у 1998 годзе, тут 37 акварэльных ілюстрацый, «Новая зямля» ўбачыла свет у 2002 годзе, у ёй ажно 91 ілюстрацыя) у Беларускі фонд культуры звяртаюцца многія чытачы не толькі з Беларусі, каб набыць гэтыя, сёння ўжо рарытэтныя, выданні. Дарэчы, агульны тыраж абедзвюх кніг склаў 9000 асобнікаў (!). Чаму так? Бо тут акурат маецца тая настраёвасць, якая вабіць, захоплівае, далучае да нечага свайго, роднага. Як, напрыклад, ілюстрацыі да «Новай зямлі». Са скрупулёзнай дакладнасцю, не губляючы мастацкасці, выпісаны ўсе, нават самыя дробныя, здавалася б, дэталькі сялянскага жыцця, чалавечага побыту. І гэта ж не мастакоўскія фантазіі, не прыдумкі, а такое глыбокае пранікненне ў паэтычнае слова Коласа, такое разуменне паэтавых дум і перажыванняў, што ажно зайздрасць бярэ.

А ў набытках Шаранговіча не толькі гэтыя выданні. І многія-многія з іх таксама адзначаны прэміямі і ўзнагародамі на розных нацыянальных і міжнародных конкурсах. Назаву хоць бы некаторых аўтараў, чые творы творча пераўвасабляў мастак Шаранговіч: Янка Купала, Максім Гарэцкі, Максім Багдановіч, Уладзімір Караткевіч, Змітрок Бядуля, Іван Навуменка, Тарас Хадкевіч... Ведаю, што больш за 70 кніг было праілюстравана Шаранговічам. І ў гэтым, не сумняваюся, ёсць важкі ўнёсак ягонай натхняльніцы, спадарожніцы жыцця Галіны Андрэеўны, якая добра ведае кніжную справу як сталая і дасведчаная супрацоўніца выдавецтва «Мастацкая літаратура».

Але для мяне асоба Васіля Пятровіча Шаранговіча — гэта не толькі мастакоўская каштоўнасць і мастацкая вартасць створанага ім. Мне давялося доўгі час супрацоўнічаць з ім, калі той быў рэктарам Беларускай акадэміі мастацтваў і раней, калі ён кіраваў Мінскім гарадскім аддзяленнем Беларускага фонду культуры, і пазней, і дагэтуль не губляю стасункаў з ім. Мяне заўсёды па-добраму здзіўляла ягоная няўрымслівасць, настойлівасць, уменне даводзіць пачатае да лагічнага завяршэння. Праўда, ён не фантанаваў пустымі ідэямі, навацыямі дзеля паказухі, не гнаўся за іх колькасцю. Для яго важней было зрабіць тую справу, за якую браўся, якасна, з карысцю для канкрэтных людзей і для Беларусі наогул. Зноў жа, гэта не высокія словы, а тая рэальнасць, якую не адменіць ні любы, хай сабе нават ангажаваны, крытык, ні прышлы час.

Шаранговіч быў і застаецца не толькі творчай асобай, але і Асобай, зацікаўленай у здзяйсненні добрых спраў дзеля карысці ўсёй беларускай супольнасці. І яму гэта ўдаецца. Не верыце? Тады пазнаёмцеся з ягонай біяграфіяй, у тым ліку з аўтабіяграфічнай аповесцю «Ген зямлі», прачытайце водгукі на створанае, пагартайце праілюстраваныя ім кнігі, наведайце Мастацкую галерэю Васіля Шаранговіча ў курортным пасёлку Нарач Мядзельскага раёна, адкрытую ў мінулым годзе ягонымі землякамі, якой мастак перадаў 130 сваіх твораў, і вы зразумееце, які выдатны Чалавек і самабытна-выбітны Творца жыве і працуе побач з намі.

Анатоль БУТЭВІЧ

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Выбар рэдакцыі

Культура

Акцёр Віктар Манаеў: Жыццё само па сабе з'яўляецца камедыяй

Акцёр Віктар Манаеў: Жыццё само па сабе з'яўляецца камедыяй

Размова пра сучаснае стаўленне да культуры, гастролі Купалаўскага тэатра ў савецкія часы і здымкі ў фільме «Ідзі і глядзі».

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Пра куфэрак и вяртанне блуднага мужа.