Вы тут

«Мастацкая літаратура» прэзентавала сумесныя з Кітаем кніжныя праекты


Учора ў сталічнай кнігарні «Дружба» ва ўнісон гучалі беларуская і кітайская мовы — выдавецтва «Мастацкая літаратура» прэзентавала свае кніжныя праекты, прысвечаныя міжнароднаму культурнаму супрацоўніцтву, на адмысловай імпрэзе «Беларусь і Кітай: масты дружбы».


Дырэктар выдавецтва Алесь Бадак нагадаў пра найбольш важныя і значныя праекты ў гэтым кірунку — выданне серыі кніг «Даследаванне кітайскай цывілізацыі», якое выходзіць у свет пры падтрымцы Рэспубліканскай Канфедэрацыі прадпрымальніцтва ў Кітаі, а таксама серыі «Ключавыя канцэпты кітайскай думкі і культуры», што рэалізуецца дзякуючы супрацоўніцтву беларускага боку з Пекінскім выдавецтвам па выкладанні і даследаванні замежных моў.

«Такія кнігі, якія папулярызуюць у даступнай форме навуковыя веды пра іншыя краіны, даюць беларусам, перадусім моладзі, магчымасць убачыць свет з розных бакоў, спасцігнуць іншыя культурныя коды, паспрабаваць зразумець сусвет і філасофію ўсходняй цывілізацыі, — падкрэсліла рэдактар серыі «Ключавыя канцэпты кітайскай думкі і культуры» Паліна Грынчанка. — А гэты сусвет сапраўды вельмі адрозны ад нашага — часам нават з дапамогай вопытных, прафесійных перакладчыкаў нам з цяжкасцю ўдавалася знайсці ў беларускай мове адпаведнікі тым рэчам і паняццям, якія для кітайцаў цалкам зразумелыя і натуральныя».

У серыі «Даследаванні кітайскай цывілізацыі» выйшлі ўжо кнігі, прысвечаныя кітайскай музыцы і каліграфіі, рыхтуюцца наступныя выданні, прысвечаныя міфалогіі і літаратуры. І ўжо тут, адзначаюць даследчыкі, паміж нашымі такімі рознымі культурамі назіраецца пэўнае падабенства: у прыватнасці, беражлівае стаўленне да традыцый і самабытнай гісторыі.

Таксама сёлета працягнецца выданне маштабнай міжнароднай серыі «Светлыя знакі: паэты Кітая», якую Выдавецкі дом «Звязда» распачаў яшчэ ў 2014 годзе і ў якой беларускія паэты і перакладчыкі адкрываюць для шырокага кола чытачоў вялікіх кітайскіх паэтаў — класікаў і сучаснікаў. «Канешне, вельмі цяжка знайсці пункты судакранання, аднолькава зразумелыя для кітайскіх і беларускіх чытачоў, — зазначае дырэктар міжнароднага радыё «Беларусь», паэт і перакладчык Навум Гальпяровіч, — мабыць, найлепшым чынам дасягаюць адэкватнага перакладу не лінгвісты і даследчыкі мовы, а самі паэты, якія перадаюць не столькі словы, колькі вобразы і эмоцыі». А тое, што яны могуць быць зразумелымі нават без перакладу, прадэманстравалі вучні сталічнай гімназіі № 23, якія паралельна з рускай, беларускай і англійскай вывучаюць як другую замежную кітайскую —  хлопцы прачыталі некалькі вершаў на мове арыгіналу.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Прэтэндэнты на студэнцкі білет здалі тэст па матэматыцы

Прэтэндэнты на студэнцкі білет здалі тэст па матэматыцы

Пазнаць у гарадскім натоўпе абітурыентаў можна без праблем.

Грамадства

Як жывуць апошнія жыхары вёскі Вясневічы

Як жывуць апошнія жыхары вёскі Вясневічы

Галоўная славутасць Вясневічаў, яе жывая гісторыя — 96-гадовы Аляксей Юркевіч.

Культура

Наталля Батракова: Чытачы пішуць, што мае героі нібыта працуюць у суседнім офісе

Наталля Батракова: Чытачы пішуць, што мае героі нібыта працуюць у суседнім офісе

З Наталляй Батраковай мы сустрэліся на адкрыцці абноўленай кнігарні «Светач», што на сталічным праспекце Пераможцаў, 11.