Вы тут

Хто гандлюе дамашняй выпечкай на рынку


Паўгода таму дамашнім кухарам і кандытарам дазволілі прадаваць сваю прадукцыю на рынках. Каб атрымаць месца за прылаўкам, дастаткова толькі зрабіць флюараграфію і заплаціць адзіны падатак. Здавалася б, спрошчаныя ўмовы павінны завабіць кулінараў на гандлёвыя рады. Але, як аказалася, такая магчымасць пакуль не карыстаецца папулярнасцю.


Фота носіць ілюстрацыйны характар.

Новыя правілы дзейнічаюць з чэрвеня мінулага года. Згодна з пастановай Саўміна № 452, асобы, якія вырабляюць кандытарскія і хлебабулачныя вырабы без рэгістрацыі ІП, могуць гандляваць імі на рынку. Прычым без праходжання санітарна-ветэрынарнай экспертызы і дакументаў, якія пацвярджаюць якасць і бяспеку выпечкі. У сталіцы прадаваць ласункі кулінары могуць і на сельскагаспадарчых кірмашах на гарадскіх пляцоўках.

На Чыжоўскім рынку ў Мінску прадаўцоў з дамашнім печывам і цукеркамі не відаць. У адміністрацыі гандлёвага аб'екта расказваюць, што да іх за ўвесь час паступіў толькі адзін зварот па гэтым пытанні.

— Але чалавек нават не выстаўляўся. Прыйшоў, паглядзеў месца, напэўна, і перадумаў. Рынак сам па сабе невялікі, руху пакупнікоў тут асабліва няма, — называюць у адміністрацыі магчымую прычыну непапулярнасці месцаў за прылаўкам у кандытараў.

На рынак у Ждановічах за паўгода ніхто з дамашніх хлебапёкаў таксама не прыйшоў. «У нас зона гандлю прадуктамі ёсць толькі на вуліцы — не самыя зручныя ўмовы, каб прадаваць выпечку», — тлумачаць там.

Для многіх кандытараў сапраўды больш зручна раскручваць свой тавар праз сацыяльныя сеткі. Знаёмая мінчанка, якая прадае праз Іnstagram цукеркі і пернікі ручной работы, падзялілася: дамашняя выпечка — дарагі тавар для рынку. «Заводскія коржыкі каштуюць па 50 капеек, а распісаныя пернікі — па чатыры рублі. Кантынгент, які ходзіць на рынак, не гатовы аддаваць такія грошы. Гэта вырашальны фактар. А ў сацыяльных сетках лёгка знайсці кліентаў, якія разумеюць, што яны плацяць за натуральны прадукт».

Між іншым на Камароўцы дамашнія кандытары перыядычна стаяць за прылаўкам.

— Ёсць два чалавекі, якія рэгулярна гандлююць. Яны прадаюць зефір і шакалад ручной работы, — даведваемся ад начальніка службы арганізацыі рыначнага гандлю Камароўскага рынку Анжэлы БАРАНОВІЧ. — Астатнія прыходзілі, спрабавалі, але не затрымліваліся. Сярод прадаўцоў былі і маладыя, і людзі старэйшага ўзросту.

Скаргаў ад наведвальнікаў наконт таго, што такая выпечка не праходзіць санітарных выпрабаванняў, не паступала.

— У пакупніка ёсць выбар. Калі ён сумняваецца, набываць яму ці не дамашнія пернікі, можна знайсці на рынку іншую прадукцыю на свой густ, — заўважае адміністрацыя.

Іна СЯМЁНАВА — адна з тых дамашніх кандытараў, якія пастаянна стаяць за прылаўкам на Камароўцы. Жанчына прадае зефір з паніжаным утрыманнем цукру з рознымі смакамі: вішні, маракуі, сыру дор блю. У асартыменце ёсць таксама зефір на фруктозе для дыябетыкаў. Вырабам слодычаў Іна займаецца два гады, а паспрабаваць прадаваць сваю прадукцыю на рынку вырашыла паўтара месяца таму. Сама яна жыве ў вёсцы Шчарбіны Мінскага раёна і ездзіць у сталіцу на маршрутцы.

— На шчасце, стратных дзён пакуль не было. Інтарэс з боку пакупнікоў ёсць, — адзначае. — Ці выгадна кандытару ісці за прылавак, залежыць ад таго, што ён пячэ. Распісаныя пернікі, якія цяжка вырабляюцца, а таму і каштуюць адпаведна, тут, вядома, складана будзе распрадаць. На свой тавар я стаўлю мінімальную нацэнку.

Упакоўка з трыма двайнымі зефіркамі ручной работы каштуе 2,5 рубля, каробка з васьмю штукамі — пяць рублёў. Тыя, што на фруктозе, крыху даражэйшыя.

— Бабулі часам нават абураны такімі цэнамі, — усміхаецца жанчына. — Але моладзь ставіцца нармальна, разумее, што ручная работа павінна аплачвацца вышэй.

Асноўныя пакупнікі Іны — гараджане ад 20 да 30 гадоў. Прыходзяць да яе на рынак і тыя кліенты, які раней прасілі зрабіць слодыч на заказ: ім падабаецца, што ёсць магчымасць разгледзець асартымент і адразу на месцы набыць патрэбнае. А аднойчы дзённую партыю зефіру разабралі раней, чым кандытар дайшла да прылаўка. Адна з гарадскіх кавярняў шукала зефір для свайго мерапрыемства, злавіла Іну на ўваходзе на рынак і скупіла яе прадукцыю.

Побач з жанчынай — таблічка, дзе напісана, што якасць прадукцыі не пацверджана дакументамі. Такога абазначэння месцаў, дзе гандлююць дамашнія кулінары, патрабуюць правілы.

— Старэйшаму пакаленню не зусім зразумела: як так, без санстанцыі? Ім патрэбны гарантыі, упэўненасць, што гэта зроблена на вытворчасці. Таму пенсіянеры баяцца ў мяне купляць штосьці, але некаторыя, аднойчы пакаштаваўшы, бяруць. Як правіла, я ладжу дэгустацыю, бо без яе ніяк. Трэба, каб людзі адчулі розніцу: дамашні зефір не такі па смаку, як той, што ў краме.

Яшчэ адна выснова, якую Іна зрабіла, стоячы за прылаўкам, — калі хочаш выйсці ў плюс, на рынку трэба знаходзіцца амаль штодзень. Будзеш прыходзіць гандляваць раз на тыдзень — нічога не заробіш.

— Думаю, што буду карыстацца магчымасцю прадаваць свае вырабы на рынку. Тут жывыя стасункі, можна выстраіць сетку кантактаў, — падсумоўвае жанчына.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

Загаловак у газеце: Ласункі ручной работы

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».