Вы тут

Як падчас II Еўрапейскіх гульняў будуць аказваць медыцынскую дапамогу?


У Мінску прайшоў рэспубліканскі навучальны семінар «Пытанні медыцынскага і антыдопінгавага забеспячэння ІІ Еўрапейскіх гульняў 2019 года»

У яго рамках спецыялісты разгледзелі шырокі спектр пытанняў медыцынскага забеспячэння, у тым ліку ключавыя патрабаванні да медыцынскага забеспячэння турніру, антыдопінгавую праграму Гульняў, падрыхтоўку арганізацый аховы здароўя і службы хуткай медыцынскай дапамогі, закупку медыцынскага абсталявання, вылучэнне медыцынскага персаналу.


Першы намеснік міністра аховы здароўя Дзмітрый ПІНЕВІЧ адзначыў, што ўжо праведзена вялікая работа па арганізацыі медыцынскага і антыдопінгавага забеспячэння ІІ Еўрапейскіх гульняў. «Прапрацавана канцэпцыя расстаноўкі сіл і сродкаў, задзейнічання спецыялістаў спартыўнай медыцыны і ў цэлым спартыўнай галіны, — расказаў ён. — Ёсць новыя падыходы, якія заключаюцца ў тым, што будуць працаваць комплексныя брыгады па аказанні медыцынскай дапамогі спартсменам, а таксама гледачам на неспартыўных аб'ектах, у месцах пражывання. Чакаецца значны прыток замежных гасцей, аматараў спорту, таму планы мерапрыемстваў па медыцынскім забеспячэнні ўжо праходзяць дэталізацыю. Зараз мы пераходзім да трэнінгаў».

Дзмітрый Піневіч таксама канкрэтызаваў планы па фарміраванні 50 змешаных медыцынскіх брыгад, якія будуць працаваць непасрэдна на спартыўных арэнах (у тым ліку і з гледачамі) і 50 брыгад хуткай медыцынскай дапамогі. Іх дзеянні будуць каардынавацца. Акрамя таго, па словах прадстаўніка Міністэрства аховы здароўя, запланавана павялічыць колькасць брыгад хуткай медыцынскай дапамогі, якія будуць працаваць у Мінску падчас Гульняў. Аднак ён адзначыў, што іх большая колькасць на форуме не адаб'ецца на якасці медыцынскага абслугоўвання насельніцтва. Акрамя таго, ствараюцца медпункты ў месцах правядзення спартыўных мерапрыемстваў, на трэніровачных аб'ектах, у міжнародным экіпіровачным і акрэдытацыйным цэнтрах, у месцах работы прадстаўнікоў СМІ і ў іншых аб'ектах. Плануецца, што некаторыя сталічныя ўстановы аховы здароўя будуць больш цесна інтэграваныя з Еўрапейскімі гульнямі, у прыватнасці РНПЦ траўматалогіі і артапедыі, РНПЦ «Кардыялогія», РНПЦ неўралогіі і нейрахірургіі, РНПЦ спорту, гарадская клінічная бальніца хуткай медыцынскай дапамогі, 2-я гарадская клінічная бальніца.

Першы намеснік міністра нагадаў пра запланаваны ўвод у строй у І квартале бягучага года паліклінікі ў Вёсцы спартсменаў, якая стане шматпрофільным медыцынскім цэнтрам на час Гульняў. «Цэнтр ствараецца ў адпаведнасці з міжнароднымі патрабаваннямі па аказанні медыцынскай дапамогі атлетам у месцах пражывання спартсменаў. Зараз працягваем набываць абсталяванне. Асноўную ролю ў яго рабоце будуць адыграваць спецыялісты спартыўнай медыцыны. Уся інфраструктура, якая ствараецца для Гульняў, у далейшым будзе выкарыстоўвацца», — запэўніў Дзмітрый Піневіч.

Гаворачы аб антыдопінгавым забеспячэнні спаборніцтваў, ён адзначыў, што, асноўная маса допінг-афіцэраў будзе працаваць непасрэдна ў Вёсцы спартсменаў. Пры гэтым на кожным спартыўным аб'екце ёсць месцы для забору допінг-пробаў, якія адпавядаюць міжнародным патрабаванням.

Дырэктар фонду «Дырэкцыя ІІ Еўрапейскіх гульняў 2019 года» Георгій Катулін адзначыў, што медыцынскае і антыдопінгавае забеспячэнне з'яўляецца адным з асноўных функцыянальных напрамкаў у падрыхтоўцы да такога буйнога мерапрыемства.

— Трэба разумець, што з пункту гледжання медыцынскага і антыдопінгавага забеспячэння мы будзем знаходзіцца пад пільнай увагай шэрагу структур, уключаючы зноў створаныя. Напрыклад, у галіне антыдопінгу — гэта міжнародная незалежная тэсціруючая арганізацыя, прадстаўнікі якой будуць працаваць на Гульнях. Акрамя таго, у нас будуць працаваць незалежныя аглядальнікі Сусветнага антыдопінгавага агенцтва, якія падалі запыт на магчымасць размяшчэння ў Вёсцы спартсменаў. Гэта робіцца для таго, каб быць у гушчы падзей і ажыццяўляць кантроль за працэсамі, якія іх цікавяць, — расказаў кіраўнік дырэкцыі.

Мяркуецца, што на мультыспартыўным форуме ў Мінску лік допінг-пробаў перавысіць адну тысячу. У некаторых відах спорту атлеты пройдуць гэтую працэдуру некалькі разоў.

Георгій Катулін таксама акцэнтаваў увагу, што спаборніцтвы будуць арганізаваны ў 23 дысцыплінах, прычым шэраг з іх — кантактныя і, такім чынам, траўманебяспечныя. Менавіта таму пытанне аказання дапамогі і больш хуткае аднаўленне з'яўляецца вызначальным і наўпрост уплывае на вынікі спартсменаў.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.