Вы тут

Штотыднёвы спартыўны агляд «Звязды»


У традыцыйным спартыўным аглядзе «Звязды» расказваем пра здарэнне на «Дакары», першы ў сезоне турнір «Вялікага шлема», выступленне «Мінчанкі» ў расійскай суперлізе і мінскага «Дынама» ў КХЛ.


1. Адзінаццатая ракетка планеты Арына Сабаленка ў першым крузе адкрытага чэмпіянату Аўстраліі перамагла расіянку Ганну Калінскую — 6:1, 6:4.

У другім крузе Сабаленка будзе сапернічаць з брытанкай Кэці Бултэр. Вера Лапко (62-і нумар рэйтынга WTА) завяршыла выступленне ў Аўстраліі, саступіўшы ў стартавым паядынку шведцы Юхане Ларсан на тай-брэйку — 6:7 (5:7).
У другой партыі пры ліку 3:0 на карысць саперніцы Вера Лапко не змагла працягнуць гульню і знялася з турніру.

Вікторыя Азаранка згуляе сёння з нямецкай тэнісісткай Лаурай Зігемунд.

2. Валейбалісткі «Мінчанкі» дамагліся трэцяй перамогі ў расійскай суперлізе, абыграўшы ў гасцях саратаўскі «Пратон» у пяці партыях — 3:2.

Найбольш выніковымі гульцамі матча ў «Мінчанкі» сталі Кацярына Сакольчык (20 ачкоў) і Дар'я Валадзько (13 ачкоў).

У актыве беларускай каманды 10 ачкоў і дзясятае месца ў турнірнай табліцы чэмпіянату. Чарговы матч у расійскай суперлізе «Мінчанка» правядзе 20 студзеня на выездзе з «Сахалінам».

3. Хакеісты «Гомеля» пацярпелі тры паражэнні ў суперфінале Кантынентальнага кубка і занялі чацвёртае месца на турніры ў Белфасце (Паўночная Ірландыя).

У трэцім туры беларуская каманда саступіла польскаму клубу «ГКС Катавіцы» — 0:5. Раней гамяльчане прайгралі «Белфаст Джаянтс» (0:5) і казахстанскаму «Арлану» (2:8).

Кантынентальны кубак 2019 года заваявалі хакеісты «Арлана», якія ў серыі булітаў былі мацнейшыя за «Белфаст» з лікам 3:2.

Нагадаем, летась уладальнікам ганаровага трафея стала мінскае «Юнацтва». Для каманды Міхаіла Захарава гэта быў трэці падобны поспех пасля перамог у 2007 і 2011 гадах.
У 2015 годзе Кантынентальны кубак выйграў гродзенскі «Нёман».

4. Хакеісты «Дынама-Мінск» у гасцях пацярпелі паражэнне ад лідара чэмпіянату КХЛ маскоўскага ЦСКА з лікам 0:3.

Нагадаем, у бягучым чэмпіянаце каманды сустракаліся 6 студзеня ў Мінску і ЦСКА дамогся перамогі — 2:1.

Чарговы матч чэмпіянату КХЛ «Дынама-Мінск» правядзе сёння з падмаскоўным «Віцязем». Пасля гэтага падапечныя Андрэя Сідарэнкі адправяцца на выезд у Санкт-Пецярбург, Рыгу і Брасцілаву.

5. Экіпаж пілота каманды «МАЗ-СПОРТаўта» Сяргея Вязовіча прыйшоў першы на шостым этапе ралі-рэйду «Дакар-2019», але з-за штрафу аказаўся на пятым месцы.

 «Можна было б быць задаволеным вынікам, але ёсць адно «але» — на адным з бакавых спускаў мы не ўтрымалі грузавік на трэку і прыйшлося спусціцца ўніз. Наверсе застаўся адзін з пунктаў. 20 хвілін мы спрабавалі вярнуцца, бо вельмі высока. Па рэгламенце нам дадуць час штрафу, таму тут рана радавацца перамозе на спецучастку», — адзначыў Сяргей Вязовіч.

Па інфармацыі афіцыйнага сайта «Дакара», на першым месцы па суме шостага этапу знаходзіцца экіпаж галандца Жэрара дэ Роя на «Івека», на другім — аргенцінец Федэрыка Вілагра, на трэцім — прадстаўнік каманды «КамАЗ-Майстар» расіянін Дзмітрый Сотнікаў.

Ралі-рэйд «Дакар-2019» праходзіць па тэрыторыі Перу і завершыцца 17 студзеня ў Ліме. Гоншчыкам трэба будзе праехаць каля 5 тыс. км. Больш за палову маршруту пралягае цераз пясчаныя трасы з вялізнымі дзюнамі і іншымі перашкодамі.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

Загаловак у газеце: Фінішавалі першыя, але са штрафам

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».