Вы тут

Купанне ў палонцы: карысць і шкода


На гэтым тыдні ўсе праваслаўныя адзначаюць свята Вадохрышча. У ноч з 18 на 19 студзеня звычай абавязвае вернікаў акунуцца ў халодную ваду... Між іншым, спрэчкі пра карысць і шкоду такой працэдуры не сціхаюць дагэтуль. Хто ж мае рацыю? Заядлыя «маржы» ці ўрачы, якія чакаюць у аддзяленнях «хуткай» чарговы наплыў пацыентаў?

Напрыклад, некаторыя медыкі лічаць, што рэзкае змяншэнне тэмпературы прыводзіць да выкіду наднырачнікамі кортыкастэроідаў. Гэтыя гармоны дапамагаюць нашаму арганізму адаптавацца да змяненняў навакольнага асяроддзя, а значыць, абараняюць ад многіх знешніх фактараў. Некаторыя вучоныя заўважылі, што шматгадовае маржаванне аздараўляе сардэчна-сасудзістую сістэму. Жыватворны ўплыў аказвае холад і на імунітэт. Але нельга блытаць паступовы працэс загартоўвання з адзінаразовай акцыяй маржавання. Адна справа — марудна прывучаць арганізм да экстрэмальных тэмператур. І зусім іншая — акунуць яго ў ледзяную палонку без усялякай падрыхтоўкі. Якія небяспекі чакаюць такіх адчайных «маржоў», расказала загадчык аддзялення прафілактыкі 31-й гарадской паліклінікі Мінска Таццяна ПЛІСЮК.


Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

— Таццяна Аркадзеўна, якія праблемы са здароўем можна атрымаць падчас акунання ў палонку незагартаванаму чалавеку?

— Экстрэмальнае купанне ў халоднай вадзе ў мінусавую тэмпературу — гэта вялізны стрэс для арганізма. Нават летам наша цела рэагуе на перапад тэмпературы вады і паветра, нават калі вада плюс 20 градусаў і вышэй. Зімой, калі тэмпература вады апускаецца да плюс 2—4 градусаў, гэта каласальны стрэс для ўсіх органаў і сістэм. Падчас акунання ў ледзяную ваду адбываецца рэзкая спазма сасудаў. Чалавеку здаецца, што наадварот раптам стала цёпла. Але ад спазмы можа здарыцца інсульт ці інфаркт. Істотна вырастае пасля зімовых купанняў колькасць вострых рэспіраторных інфекцый і пнеўманій. Вельмі пакутуюць ад пераахалоджання органы малога таза, мочапалавая сістэма — аж да бясплоддзя. У мужчын развіваецца прастатыт, у жанчын — запаленне прыдаткаў, цыстыты. Знаходжанне ў вадзе пры тэмпературы плюс 12 градусаў на працягу пяці хвілін можа прывесці да пераахалоджання арганізма са смяротным зыходам. Таму калі вы не прымалі халодны душ хоць бы з восені і не маеце вопыту маржавання, ад палонкі лепш трымацца далей.

— З узростам рызыкі павялічваюцца?

— Так, калі вы старэйшы за 50 гадоў, то пачынаць з купання на Вадохрышча дакладна не трэба. У мяне ёсць знаёмы ва ўзросце, які акунаецца кожны дзень, незалежна ад надвор'я, і робіць гэта ўжо на працягу многіх гадоў. Пры гэтым сцвярджае, што адчувае сябе выдатна, і за яго стан падчас такіх працэдур можна быць больш-менш спакойным. У непадрыхтаванага чалавека ва ўзросце рэзкія спазмы сасудаў могуць выклікаць раптоўнае спыненне сэрца. І калі паступовае загартоўванне можа быць карысным для гіпертоніка, то нечаканае купанне ў ледзяной вадзе яго можа проста забіць. Нездарма ў месцах масавых акунанняў дзяжураць брыгады хуткай дапамогі. Сардэчна-сасудзістая катастрофа — самая вялікая небяспека. Вострую рэспіраторную інфекцыю, пнеўманію і іншыя хваробы можна вылечыць.

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

— Ці ёсць нейкія сімптомы недамагання, якія сведчаць, што варта хутчэй выходзіць з вады?

— Падчас акунання за кошт спазмы чалавек адчувае цяпло. Недамаганне ў вадзе здараецца не часта, звычайна ўрачы патрэбны пасля таго, як чалавек з яе выходзіць. Усё ж для такіх працэдур трэба быць больш-менш здаровым.

— Як варта сябе паводзіць пасля акунання?

— Абавязкова зняць мокры купальнік, выцерціся ручніком, расцерці цела, апрануць сухое цёплае адзенне, выпіць гарачай гарбаты.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.