Вы тут

Мерапрыемствы на Гомельшчыне праходзілі да 80-годдзя ўтварэння вобласці


Ірына Даўгала, начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гомельскага аблвыканкама:

— Культурныя мерапрыемствы летась на Гомельшчыне праходзілі пад знакам 80-годдзя ўтварэння вобласці і 75-годдзя вызвалення яе ад фашысцкіх захопнікаў. Усе дасягненні сталі магчымымі дзякуючы стваральнай дзейнасці многіх пакаленняў нашых жыхароў.

— Ірына Віктараўна, раскажыце пра важныя і цікавыя кірункі краязнаўчай работы.

— У Гомельскай абласной бібліятэцы для наведвальнікаў цяпер адкрытая мемарыяльная зала славутага драматурга Андрэя Макаёнка, ураджэнца вёскі Борхаў Рагачоўскага раёна. У экспазіцыі ёсць бясцэнныя рарытэты, якія дагэтуль захоўваліся ў сваякоў пісьменніка. Разам з унікальным архівам народнага пісьменніка Беларусі ўстанова атрымала рэдкія аўтографы: Пятра Машэрава, выдатных акцёраў, якія былі заняты ў спектаклях па п'есах Макаёнка: Андрэя Міронава, Анатоля Папанава, Веры Васільевай, Льва Дурава, Спартака Мішуліна і многіх іншых.

— Як моладзь удзельнічала ў мерапрыемствах да Года малой радзімы?

— У Гомелі ў межах святкавання Дня Незалежнасці каля помніка камсамольцам штогод праходзіць грамадзянска-патрыятычная акцыя «Белая Русь пад белым крылом». Рэалізуецца праект «Жывыя галасы ветэранаў»: створана фільматэка ўспамінаў ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны Гомеля. Яна зараз налічвае больш за 20 фільмаў. 17 фільмаў-успамінаў размешчаны ў інтэрнэце. У Гомельскім дзяржаўным універсітэце імя Ф. Скарыны ажыццяўляецца праект «Віртуальныя экскурсіі па музеях гісторыі Вялікай Айчыннай вайны». Дзякуючы 3D-фотапанарамам ствараецца адчуванне асабістай прысутнасці. У кожным з раёнаў Гомельшчыны праходзяць розныя грамадзянска-патрыятычныя акцыі. Напрыклад, у Савецкім раёне абласнога цэнтра — «Беларусь — зямля славы ратнай», якой няма аналагаў у краіне. З самых розных месцаў баявой славы моладзь прывозіць капсулы з зямлёй, якую ў дні дзяржаўных свят высыпаюць на курган Славы.

На Мазыршчыне праходзіць аўтаквэст «Нестандартны Мазыр». Яго мэтай з'яўляецца вывучэнне ваеннай і сучаснай гісторыі раёна. У Калінкавічах адбылася экспедыцыя па партызанскіх мясцінах для 60 дзяцей з гэтага райцэнтра, а таксама з Мазыра і Лельчыц. На Кармяншчыне распрацавана сацыяльная праграма «Дзеці Айчыны»: падлеткаў, якія трапілі ў групу рызыкі, прыцягваюць да ўшанавання памяці абаронцаў Айчыны. У Рэчыцкім раёне дзейнічае адзіны ў краіне клуб дапрызыўнай моладзі «Скіф». Хлопцы ў ім займаюцца армейскім рукапашным боем, праходзяць навучанне па штурмавым альпінізме, апускаюцца пад ваду з аквалангам...

Акрамя таго, паўсюдна моладзь з цікавасцю прымае ўдзел у адраджэнні старажытных абрадаў. Напрыклад, у Ельскім раёне — гэта народныя абрады «Саракі» ў аграгарадку Валаўск, «Першай разоры» ў аграгарадку Рамязы, у Калінкавіцкім — «Перанос свечкі» ў вёсцы Навінкі, у Веткаўскім — «Гуканне вясны» і іншыя. З цікавасцю маладыя людзі ўдзельнічаюць ва ўнікальных іміджавых праектах рэгіёнаў. Так, у Жлобінскім раёне з поспехам праходзіць фестываль сельскай моладзі «Весела», які ахоплівае не толькі моладзь, якая жыве ў аграгарадках, але і прадпрыемствы вялікага райцэнтра. З 1997 года ў Гомелі праходзіць абласны студэнцкі форум талентаў «Зімовая вясёлка». Удзел у ім прымаюць творчыя каманды першакурснікаў усіх ВНУ Гомельшчыны. Апошнім разам уся каманда пераможцаў — студэнтаў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта транспарту разам з падшэфнымі дзіцячага дома ажыццявілі паездку па памятных мясцінах вобласці. Яны пабывалі ў Рэчыцы, Лоеве і Жлобіне.

— Якія фестывалі і іншыя масавыя імпрэзы спрыяюць таму, што паўднёва-ўсходні рэгіён Беларусі становіцца яшчэ больш цікавым для сваіх і прыезджых гасцей?

— Значнай падзеяй для Гомельшчыны стаў міжрэгіянальны форум рэгіёнаў Беларусі і Украіны. У яго межах адбыліся выстаўкі прадукцыі прадпрыемстваў дзвюх краін, пасяджэнне беларуска-ўкраінскага Кансультатыўнага савета дзелавога супрацоўніцтва, правядзенне дзелавых перагавораў паміж прадстаўнікамі кампаній абедзвюх краін, а таксама канцэрт дружбы. На міжнародным узроўні ў нас на Гомельшчыне прайшло некалькі фестываляў. У іх ліку «Сожскі карагод», «Кліч Палесся», «Мой сябра баян», традыцыйная сустрэча моладзі «Дружба-2018», Рэспубліканскі фестываль фальклорнага мастацтва «Берагіня». Сёлета ў абласным цэнтры адбудзецца Міжнародны фестываль тэатральнага мастацтва «Славянскія тэатральныя сустрэчы». У Ельску пройдзе рэгіянальны фестываль гарманістаў «Грай, гармонік», у якім удзельнічаюць аматары народнай музыкі, выканаўцы на гармоніках, выканаўцы прыпевак, народныя майстры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Беларускага Палесся.

— Якія брэнды нашых гарадоў і вёсак здаюцца вам найбольш удалымі?

— У Гомелі агульнавядомым брэндам з'яўляецца палацава-паркавы ансамбль — адна з самых старэйшых музейных устаноў у краіне. Веткаўскую зямлю праславілі ўнікальныя ручнікі невялікай вёскі Неглюбка, якія прызнаныя гісторыка-культурнай каштоўнасцю. У Красным Беразе Жлобінскага раёна знаходзіцца адзіны ў Еўропе помнік дзецям — ахвярам вайны. У Чачэрскім раёне брэндам стала мясцовая ратуша, некалі сядзіба графа Чарнышова. У гэтым помніку архітэктуры, пабудаваным у другой палове XVІІІ стагоддзя, цяпер знаходзіцца гісторыка-этнаграфічны музей. Калінкавіцкі раён знакаміты вёскай Аўцюкі — сталіцай беларускага народнага гумару. Дарэчы, там і праходзіць адпаведны Рэспубліканскі фестываль. У Лельчыцкім раёне лясному бортніцтву прысвоены статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай спадчыны. Акцябрскі раён шмат гадоў падтрымлівае традыцыі правядзення Рэспубліканскага фестывалю фальклорнага мастацтва «Берагіня». Удзельнікі з розных краін прадстаўляюць самабытную народную творчасць ва ўсіх яе праявах. Таксама ў рамках фестывалю праводзіцца абрадавае шоу «Рудабельскае купалле». У аграгарадку Ляскавічы Петрыкаўскага раёна праходзіць фестываль этнакультурных традыцый «Кліч Палесся». Такім чынам папулярызуюцца этнакультурныя традыцыі Палесся, умацоўваюцца творчыя сувязі палешукоў Беларусі, Расіі, Украіны.

— Ірына Віктараўна, што для вас асабіста адзначае выраз «малая радзіма»?

— Мой бацька некалі будаваў дарогі па ўсёй Беларусі. А мы з маці і сястрой разам ездзілі за ім. Мая сястра нарадзілася ў Віцебскай вобласці, а я — у Крычаве Магілёўскай. Ужо шмат гадоў жыву на Гомельшчыне. Між іншым, бацька ў мяне родам з Рэчыцкага раёна, а маці — з Лепельскага Віцебскай вобласці. Прынамсі, у Лепельскім музеі ёсць экспазіцыя, прысвечаная майму дзеду Паўлу Васілевічу Хацько, які быў партызанам. Таму пра многія куткі Беларусі я магу ўпэўнена сказаць, што гэта мая малая радзіма. Вядомы крылаты выраз Байрана: «Той, хто не любіць сваю краіну, нічога любіць не можа». Мне здаецца, што лепш, чым Беларусь, краіны ў свеце няма. Яе нельга не любіць. Ёй трэба ганарыцца, шанаваць і рабіць усё, каб наша зямля квітнела і мацнела.

Гутарыла Ірына АСТАШКЕВІЧ

Загаловак у газеце: Шануем традыцыі Палесся

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.