Вы тут

Раздалі ўзнагароды лаўрэатам фестывалю «Нябёсы»


На стары Новы год раздалі ўзнагароды лаўрэатам Міжнароднага каляднага фестывалю батлеечных і лялечных тэатраў «Нябёсы», што ладзіцца ў Свята-Елісавецінскім манастыры ўжо пяць гадоў запар.


Сёлета, расказаў мастацкі кіраўнік фэсту, акцёр тэатра і кіно Аляксандр Ждановіч, у конкурснай праграме ўдзельнічалі 15 тэатральных калектываў з пяці краін свету, а прадстаўленні іх убачыла і наведала тры дзясяткі творчых майстар-класаў больш як 1600 чалавек. Акрамя таго, фінішавала традыцыйная дабрачынная акцыя «Святло душы — дабрадзейнасць», якая пачалася яшчэ ў кастрычніку 2018 года. Падчас яе беларускія і замежныя калектывы паказвалі свае спектаклі ў розных установах — бальніцах, дамах-інтэрнатах, сацыяльных прытулках і г. д. Сёлета часцінку душэўнага цяпла і каляднай атмасферы такім чынам падарылі гледачам 20 дабрачынных пастановак. Зрэшты, тут рана ставіць кропку: яшчэ ёсць некалькі адрасоў, дзе артыстаў вельмі чакаюць, і ёсць ахвотныя прывезці радасць людзям, якія засталіся без апекі блізкіх ці апынуліся ў няпростай жыццёвай сітуацыі.

Адным са спецыяльных гасцей сёлетняга фестывалю стаў айцец Васіль — святар з Палесся, які якраз у гэтыя дні адзначыў 90-ы дзень нараджэння. Нягледзячы на вельмі шаноўны ўзрост, ён працягвае весці службы і захоўвае варты пераймання жыццёвы аптымізм — што юбіляр і пацвердзіў, пажадаўшы прысутным «ціхамір'я, спакою на ўсім зямным шары і жыць па 150 гадоў», а таксама выканаўшы некананічную, але вельмі прыгожую палескую духоўную песню.

Адразу некалькі ўзнагарод юбілейнага фестывалю, у тым ліку асобную падзяку арганізатараў за захаванне народнага духу і культурных традыцый батлейкі, атрымаў сямейны тэатр Аляксандра і Ларысы Быцко, якія заснавалі аграсядзібу і культурны цэнтр у пакінутай людзьмі вёсцы Стойлы на Пружаншчыне. «Пасля 50 гадоў мы пачалі з мужам зноў гуляць у лялькі, — смяецца Ларыса, — стварылі сваю сямейную батлейку і пераканаліся, што гэта патрэбна не толькі нам! Нашаму тэатру ўсяго два гады, а мы пабывалі ўжо на некалькіх міжнародных фестывалях, у тым ліку двойчы — на «Нябёсах», дзе адкрываюцца душы і сэрцы...» Таксама некалькімі дыпломамі быў адзначаны дзіцячы драматычны гурток «Жаронцы» з Ракаўскага цэнтра народнай творчасці, які паказаў народную драму «Цар Ірад» на беларускай мове. Шэраг уласных прызоў уручылі партнёры фестывалю — прадстаўнікі Рассупрацоўніцтва (расійскага цэнтра навукі і культуры ў Мінску). Найлепшым дэбютам назвалі «Шарсцяную казку» тэатра «Ліхтарык» з Таліна. «Я, натуральна, не прарок, але чамусьці ўпэўнены, што ваш фестываль — такое асаблівае месца, дзе раскрываецца ўсё самае лепшае і светлае ў чалавечых душах, — хутка пашырыцца і выйдзе на вялікія сцэны», — падзяліўся меркаваннем кіраўнік эстонскага тэатра Роберт Вааб.

Спецыяльны дыплом памяці заснавальніцы фэсту Людмілы Ждановіч «За самы вясёлы і гарэзлівы спектакль» атрымалі масквічы з тэатра «У чамадане», а Гран-пры за найлепшы спектакль журы прысудзіла тэатру «Душагрэі» (на фота), які ўваходзіць у міжнародную асацыяцыю «Вандроўныя лялечнікі» (Масква) за спектакль «Вінаградная ягадка».

Пра асаблівую атмасферу фэсту гаварылі таксама замежныя госці. «Мы не артысты, а звычайныя настаўнікі, якія працуюць у школе. Але тут адчулі сябе «сваімі», часткай адной вялікай творчай сям'і, — расказалі ўдзельнікі камернага тэатра «Пілігрым» з Каломны. — І гэта проста выдатна, што існуе такая пляцоўка, дзе на роўных могуць сустрэцца, выступіць, абмеркаваць важныя пытанні і прафесійныя тэатры, і самадзейныя калектывы, і сямейныя гурткі — людзі розных узростаў, адукацыі, сацыяльнага статусу, якіх аб'ядноўвае любоў да мастацтва і дэвіз фэсту «З лялькай да Бога». А «чалавек-аркестр» Альфонсас Рамейка, які зрабіў моцнае ўражанне сваім монаспектаклем «Падарожжа да караля адказаў Таму», эмацыянальна прызнаўся наўпрост са сцэны: «Я такі шчаслівы, што прыехаў на свой першы фестываль і знайшоў столькі новых сяброў!» Не дзіва, што пад занавес дзеі неафіцыйны гімн фэсту, які Дзмітрый Цувараў з Санкт-Пецярбурга, па ўласным прызнанні, напісаў днямі літаральна за тры хвіліны пад уражаннем ад спектакляў, спявалі хорам усе прысутныя, дарослыя і дзеці. І развітваліся з усмешкамі і слязамі, каб налета сустрэцца зноў — тут, на «Нябёсах».

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Пабываць на «Нябёсах»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Успаміны бортмеханіка верталёта пра Афганістан

Успаміны бортмеханіка верталёта пра Афганістан

У лётнай кніжцы Сяргея Пацкевіча — 970 гадзін налёту.