Вы тут

Ян Янавіч Глябовіч


Ян Янавіч Глябовіч, які з 1571 да 1585 года займаў пасаду менскага кашталяна, — адна з самых выдатных постацяў у гісторыі Менска, Заслаўя. І ў гісторыі Беларусі ён пакінуў значны след.


Род Глябовічаў паходзіў з праваслаўнай магілёўскай шляхты, яго маці Галіна была заслаўскай княгіняй. Бацька меў высокае палітычнае становішча, на схіле жыцця займеў нават пасаду канцлера. Да таго ж роднасныя сувязі з Гедымінавічамі давалі маладому Глябовічу добрую магчымасць зрабіць бліскучую дзяржаўную кар'еру. Аднак Ян не шукаў гаспадарскай ласкі пры двары. З маладосці ён нёс вайсковую службу ў Полацку і ўдзельнічаў у абароне яго ад войска маскоўскага цара Івана Грознага. Смелы юнак не пагадзіўся з полацкім ваяводам Станіславам Давойнам, які адмовіўся прыняць у замак 20 тысяч уцекачоў. Ян Глябовіч хацеў узначаліць уцекачоў і павесці іх у бой. Ваявода не дазволіў. А можа, і дарэмна... Полацк не ўстаяў. Ян Глябовіч трапіў у палон.

Іван Грозны меў свае інтарэсы да знатнага літвіна, прыхільна ставіўся да яго, вёў з ім дыскусіі аб рэлігіі. А пасля прапанаваў яму пасадзейнічаць схіліць літвінскіх і польскіх дыгнітарыяў абраць яго польскім каралём і вялікім князем літоўскім. Глябовіч, каб вырвацца з няволі, даў згоду на справу, якую не збіраўся ажыццяўляць, і быў вызвалены з палону.

Свой шлях на вяршыні ўлады Ян Глябовіч пачаў з пасады менскага кашталяна, якую атрымаў у 1571 годзе. Пэўна, выбар Глябовіча на гэта месца быў абумоўлены тым, што ён жыў у Заслаўі і меў павагу сярод менскай шляхты. Апроч палітычнай і дзяржаўнай дзейнасці менскі кашталян шмат увагі аддаваў і асветніцкай справе. У Заслаўі ён пабудаваў велічны рэфарматарскі збор, дзе сам служыў пастарам, заснаваў друкарню. Некаторы час па запрашэнні Глябовіча ў Заслаўі жыў і славуты беларускі філосаф і тэолаг Сымон Будны. Менавіта ў Заслаўі ў 1574 годзе быў надрукаваны пераклад Бібліі Сымона Буднага.

Значэнне менскага кашталяна ў дзяржаве паступова ўзрастала. Тагачасныя дакументы сведчаць пра найактыўнейшы ўдзел Глябовіча ў палітычным жыцці краіны. Асабліва прыкметная ягоная роля ў прызнанні Стафана Баторыя вялікім князем літоўскім. У 1576 годзе Глябовіч узначаліў літвінскую дэлегацыю да Баторыя. Ад імя літвінскіх станаў Глябовіч указаў Баторыю (якога тытулаваў толькі каралём) на дагавор уніі, дзе гаварылася, што адзін народ не павінен нічога абмяркоўваць без ведама іншага, а таксама асобна выбіраць уладара. А Баторый, нягледзячы на тое, што літвіны не выбіралі яго і не запрашалі на велікакняжацкі пасад, ужывае тытул вялікага князя літоўскага. А таму Літва не прызнае яго за свайго гаспадара. Рэзка і прама Ян Глябовіч заявіў у сенаце: «Вы, палякі, вырвалі ўсё з нашых рук, вы несправядлівым чынам зняважылі нас, не далі нам удзельнічаць у элекцыі і каралеўскай каранацыі. Таму мы пратэстуем супраць парушэння нашых правоў праз каранацыю, якую ўчынілі супраць нашага ведама, і мы ўжо вызвалены ад вузаў уніі з Польшчай».

Тым не менш Ян Глябовіч падтрымаў батарыянскую партыю і разам з Янам Хадкевічам агітаваў літвінскую шляхту і магнатэрыю прызнаць Баторыя вялікім князем. Іх намаганні займелі поспех. Выбранне Баторыя ўладаром Вялікага Княства Літоўскага паспрыяла і ўзвышэнню аўтарытэту Яна Глябовіча. Характэрны такі выпадак: калі ў сенаце польскі бок пачаў прэтэндаваць на Лівонію, дык угневаны Глябовіч пакінуў сенатарскую палату. Дэмарш менскага кашталяна прымусіў Баторыя шукаць кампраміс — падзяліць Лівонію паміж Каронай і Княствам.

Палітычная вага Глябовіча ўзрасла пасля таго, як ён атрымаў пасаду падскарбія — узначаліў дзяржаўную скарбніцу. Прызначэнне было дарэчы, бо паўплывала і на лёс Менска. У 1581 годзе ў Вялікім Княстве быў створаны вышэйшы апеляцыйны суд — Трыбунал. І Менск разам з Вільняй і Наваградкам выбралі для пасяджэнняў Трыбунала.

У 1585 годзе Ян Глябовіч стаў троцкім кашталянам, а праз год — і троцкім ваяводам. Вяршыняй дзяржаўнай дзейнасці Яна Глябовіча па праве трэба лічыць выдатную дыпламатычную перамогу — зацвярджэнне трэцяга Статута Вялікага Княства Літоўскага. Ян Глябовіч узначаліў літвінскую дэлегацыю да выбранага ў 1588 годзе палякамі караля польскага Жыгімонта Вазы. Перад ім стаяла адказная задача — дамагчыся зацвярджэння ранейшых прывілеяў Княства і Статута. У значнай ступені лёс беларускай дзяржавы залежаў ад палітычнай сталасці і дыпламатычнай вытрымкі Яна Глябовіча. Ён выдатна справіўся з пастаўленай задачай. Глябовіч і ягоны паплечнік падканцлер Леў Сапега занялі цвёрдую пазіцыю ў адносінах да Жыгімонта Вазы, патрабуючы ад яго прызнання літвінскіх умоў, паводле якіх ён мог быць выбраны вялікім князем. Жыгімонт Ваза пад націскам польскіх саноўнікаў адмаўляўся прымаць літвінскія ўмовы. І тады Глябовіч і Сапега пайшлі на хітры дыпламатычны крок: атрымаўшы раней за прыхільнікаў Вазы паведамленне аб перамозе польскага войска над другім прэтэндэнтам на пасад Рэчы Паспалітай — Максіміліянам Габсбургам, яны катэгарычна заявілі, што калі Жыгімонт і каранацыйны сойм не прымуць умоў Вялікага Княства, дык яны пакінуць Кракаў. Ваза і сойм саступілі. Былі прызнаны перамір'е Рэчы Паспалітай з Масковіяй, падзел Лівоніі паміж Каронай і Княствам, а галоўнае — без вывучэння, абмеркавання і згоды палякаў зацверджаны Статут. Бліскучая дыпламатычная перамога! Статут аднаўляў палітычныя страты Вялікага Княства пры заключэнні Люблінскай уніі. Вялікае Княства Літоўскае не толькі захавала свой дзяржаўны суверэнітэт, але і атрымала самы дасканалы звод законаў у Еўропе.

Вітаўт ЧАРОПКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?