Вы тут

Гістарычны музей адкрыў выставу «Любчанскі край. Людзі і час»


Учора ў Нацыянальным гістарычным музеі Беларусі адчыніўся своеасаблівы працяг выстаўкі «Сава Сіўко (1888—1978). Фатограф Любчанскага краю. Да 130-годдзя з дня нараджэння», якая паспела палюбіцца наведвальнікам. Нагадаем, што гэта выстаўка стала магчымай дзякуючы таму, што ў звычайнай вясковай хаце былі знойдзены старыя негатывы, якія і сталі асновай выстаўкі. Новая экспазіцыя з'яўляецца яе працягам і называецца «Любчанскі край. Людзі і час».


Арганізатары адзначаюць, што стварэннем такой экспазіцыі яны імкнуцца зберагчы, вывучыць фатаграфічную спадчыну Савы Сіўко і працягнуць фоталетапіc Любчанскага краю праз адкрыццё новых імёнаў у гісторыі беларускай фатаграфіі.

На выстаўцы прадстаўлены фатаграфіі такіх беларускіх аўтараў, як Альберт Цэхановіч, Андрэй Васкрасенскі, Марыя Банэ і Вольга Сяргеева. Усе яны праз родзічаў звязаныя з Любчанскім краем. Тут жа можна ўбачыць і работы фатографа-аматара з вёскі Нянькава Івана Ігнатавіча Камара.

На жанравых здымках Альберта Цэхановіча — вясковыя доўгажыхары, якіх фатаграфаў Сава Сіўко, і якія добра памятаюць фатографа. Другая серыя прадстаўляе партрэты нашчадкаў герояў з фотаздымкаў Савы Сіўко, зробленыя на фатаграфічным фоне, адрэстаўраваным мастаком-рэстаўратарам музея Юліяй Дранец.

Фатаграфічная серыя «Сямейны альбом» Андрэя Васкрасенскага, галоўным героем якой з'яўляецца яго сын Леў, распавядае пра таямніцы памяці і радавое дрэва, частка каранёў якога па матчынай лініі таксама схавана ў Любчанскім краі.

Тэма твораў Марыі Банэ звязана з Нёманам і згадкамі пра яго. Працуючы над тэмай, яна своеасабліва пераасэнсавала і аб'яднала ў адной мастацкай прасторы ўласныя дзіцячыя ўспаміны, «дарослы» вопыт і архіўныя фотаздымкі родных, жыхароў Любчы і ваколіц.

Сучасны выгляд мясцін, якія фатаграфаваў Сава Сіўко, — панарама Любчы, крыж на магілу Пуслоўскіх і царква ў вёсцы Гнесічы, — прадстаўляюць творы Вольгі Сяргеевай.

Падчас экспедыцый па мясцінах, звязаных з жыццём і творчасцю Савы Сіўко, і сустрэч c землякамі майстра і сведкамі яго працы высветлілася, што 98-гадовы жыхар вёскі Нянькава Іван Ігнатавіч Камар на працягу дваццаці гадоў, з 1958-га да 1979-га, фатаграфаваў жыхароў роднага краю. Такім чынам, у гісторыі беларускай фатаграфіі з'явілася яшчэ адно імя. На выстаўцы ён прадстаўлены серыяй аўтапартрэтаў (па сучаснаму «сэлфі») і фатаграфіямі родных і аднавяскоўцаў з маленства да сталасці.

Выстаўка будзе працаваць да 3 лютага.

Варвара ГОМАН

Загаловак у газеце: Сэлфі з 1970-х

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.