Вы тут

Калядны баль прайшоў у палацавым комплексе «Мір»


Маскарад у стылі ампір прайшоў напярэдадні старога Новага года ў музеі «Палацавы комплекс «Мір». За шыкоўнай імпрэзай назірала і наш карэспандэнт.


Ды што там назірала — танчыла, колькі моцы ставала! У гэты вечар тут панавалі даўно забытыя, нават незвычайныя і дзіўныя ў сучасных умовах, але такія гарэзлівыя полька-тройка, паланэз, мазурка, падэспань і, канешне ж, кароль бальных танцаў — венскі вальс! Тыя, хто не надта валодаў танцавальнымі рухамі, маглі атрымаць неабходныя навыкі на месцы — майстар-класы, прызнацца, спатрэбіліся не мне адной. Але тое, што адбывалася пазней, апраўдвала ўсе высілкі — зала віравала пад гукі чароўнай музыкі!

Як расказаў дырэктар музея «Палацавы комплекс «Мір» Алесь Лойка, прыгожую традыцыю правядзення ў Радзівілаўскім замку баляў тут адрадзілі ў 2012-м, і яны адразу сталі карыстацца попытам — прыйшлося нават павялічыць іх колькасць, дадаўшы вясеннія і восеньскія імпрэзы. А яшчэ з'явіліся дзіцячыя святочныя балі. Але самым шыкоўным, бясспрэчна, лічыцца Калядны баль-маскарад, да якога рыхтуюцца загадзя, абдумваючы вобраз у дэталях... Каб увесь час захоўваць навізну, кожны раз абіраецца новая тэматыка: раней прайшлі Венскі баль, імпрэзы ў стылі 20—30-х гадоў мінулага стагоддзя. Сёлета арганізатары прапанавалі баль-маскарад у стылі ампір з адпаведным дрэс-кодам: дамам — сукенка «да падлогі», пальчаткі, абутак на нізкім абцасе, кавалерам — строгі касцюм (смокінг ці фрак), гальштук-бабачку і зноў жа пальчаткі. І, безумоўна, — добры настрой і маскі для ўсіх! Які ж маскарад без іх?!

Паўдзельнічаць у гэтым балі госці прыехалі з усіх куткоў Беларусі, а таксама з Расіі і нават з Германіі і Вялікабрытаніі.

Галоўнай мэтай правядзення баляў, па словах суразмоўніка, з'яўляецца нават не камерцыйны складнік, а хутчэй асветніцкі: маўляў, гэта не проста старажытны замак, які пераўтварыўся ў прыгожы музей з цікавымі і дарагімі экспанатамі, а жывая ўстанова з інтэрактыўнай часткай. Сапраўды, музей можа мець і іншае аблічча, якое адрознівае яго ад усіх іншых. Жывым Мірскі замак робяць менавіта такія імпрэзы: назіраючы за тым, што адбываецца ў танцавальнай зале, часамі ўяўляеш, што ў гэтых старажытных мурах ажывае мінулае...

Дарэчы, на балі ажывалі не толькі вобразы, але... скульптуры і карціны — вось такую анімацыйную частку падрыхтавалі для гасцей арганізатары. Дух эпохі дапаўнялі салонныя гульні з ХVІІІ стагоддзя: усе, хто жадаў, змаглі навучыцца гуляць у «Тру мадам» і «Гусь, якая збегла». Між іншым, гэтыя забаўкі па сваёй захапляльнасці маглі б скласці нядрэнную канкурэнцыю сучасным «настолкам». Словам, адчуванне, што ты перанёсся ў старажытныя часы, мяне, напрыклад, не пакідала ўвесь вечар. Не хапала толькі прывіду замка...

— Ведаеце, мы часам ладзім і такія «неспадзяванкі» для гасцей, што застаюцца на ноч у гатэлі, — расказалі ў адміністрацыі музея. — Калі нашы наведвальнікі чагосьці жадаюць, мы імкнёмся апраўдаць іх спадзяванні.

Між іншым, тут ладзяцца нават карпаратыўныя балі. Найбліжэйшым павінен стаць 23 лютага афіцэрскі, дзе вайскоўцы закружацца ў чароўным рытме вальса са сваімі дамамі сэрца.

Вольга АНУФРЫЕВА

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Прывіду не чакаеце?

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.