Вы тут

Сенсацыяй сёлетніх «Вечароў» стаў італьянскі гітарыст


Чуткі аказаліся неперабольшанымі, Том Сінатра, які ўваходзіць у першую дзясятку гітарыстаў свету, зачараваў брэсцкую публіку. Яго неверагоднае музычнае майстэрства ў спалучэнні з харызмай сталі падзеяй фестывалю.


Яшчэ перад першым канцэртам музыкант даў невялікую прэс-канферэнцыю для прадстаўнікоў сродкаў інфармацыі. Расказаў, што дома ў яго захоўваецца 27 гітар. Яны выкарыстоўваюцца ў адпаведнасці з тым, якія творы трэба выконваць. А яшчэ ён іграе на скрыпцы, раялі, мандаліне. Але ў Брэст Том узяў адну гітару, якую і пацалаваў на першым вечары пасля таго, як публіка ўзарвалася шквалам апладысментаў. У першы вечар ён абяцаў выканаць адзін твор, як той казаў, для запеўкі. Таму пасля паклону са сцэны забралі крэсла, на якім сядзеў музыкант. Але ён не разгубіўся ў адказ на шчырыя апладысменты — пашукаў вачыма, дзе сесці, сышоў на другую прыступку, сеў на краёчак сцэны і прадоўжыў віртуозную ігру. Ён ва ўсім падаваўся сціплым: ну зусім няма зорнай хваробы ў чалавека. Арганізатары на папярэдняй прэс-канферэнцыі расказвалі: ніякіх асаблівых умоў для пражывання не агучвалася, што для зоркі яго ўзроўню выглядае дзівам. Ну і потым, калі журналісты прасілі за кулісамі адказаць на пытанне, Сінатра нікому не адмаўляў. І трэба было бачыць, як пасля канцэрта яго акружылі дзяўчаты для здымкаў! І як задаволеныя мужы шчоўкалі тэлефонамі, калі Том абдымаў і хіліў да сябе іх шчаслівых жонак! Вось з гэтага, відаць, і складаецца харызма.

Музыкант прыляцеў у нашу краіну па бязвізе з Варшавы. У яго хутка пачынаюцца вялікія гастролі па ЗША. Сказаў, што яму спадабаўся Брэст, яму падалося, што ўсё тут дыхае культурай. Абяцаў прыехаць праз некаторы час зноў. І запрашаў у Італію наш сімфанічны аркестр. Аркестр, дарэчы, быў на сцэне, падчас першага выступлення Тома Сінатры. Аўтар гэтых радкоў з першага рада ўважліва назірала за рэакцыяй прафесійных музыкантаў і бачыла на іх тварах і павагу, і захапленне. Іграў Том чароўна. У другі вечар на сваім заяўленым канцэрце быў яшчэ больш непасрэдна разняволены. Заспяваў вядомую песню з фільма «Хросны бацька». І трохі нават хуліганіў: сыграў губамі і языком на гітары вядомы хіт «Бесаме муча». Няцяжка ўявіць, якая атрымалася рэакцыя. А Том не разгубіўся, растрыбушыў кошык з кветкамі, які напярэдадні, падчас урачыстага адкрыцця, унеслі ў залу са словамі: «Кветкі ад губернатара», ды стаў кідаць хрызантэмы ў залу. Адным словам, падарыў многа кветак жанчынам... Думаю, губернатар не пакрыўдзіўся.

Ад многіх гледачоў давялося чуць у розных варыяцыях, што сёлетні фестываль «зрабілі італьянцы». І ў гэтым вялікая доля праўды. Тэнары «Ла Скала» Джані Манджардзіна і Альда Капута шмат разоў выходзілі «на біс». Парадавалі і расійскія оперныя выканаўцы з Вялікага тэатра Тамуна Гачашвілі, Вікторыя Каркачова, Алуда Тодуа, а таксама саліст Марыінскага тэатра Вадзім Кравец. Добрым геніем фэсту чарговы раз назвалі польскую спявачку Іаанну Наўрот. Яна, дарэчы, сказала, што прыехала ў Брэст чацвёрты раз, а калі запросяць, прыедзе і пяты. Яе Сільва з аднайменнай аперэты Кальмана была чароўная.

«Вечары» падарылі гараджанам незабыўныя ўражанні і асалоду ад вечна жывой класічнай музыкі. Яшчэ перад адкрыццём старшыня Брэсцкага аблвыканкама Анатоль ЛІС адзначыў асаблівасць сёлетняга фестывалю, які Брэст сустракае ў год свайго тысячагоддзя ў статусе культурнай сталіцы СНД. А намеснік міністра культуры Сяргей ШАРАМЕЦЬЕЎ прыгожа назваў фестываль святам, якое сагравае сэрцы ў калядныя дні, а таксама агучыў прывітальны адрас, дзе гаворыцца: «У горадзе з тысячагадовай гісторыяй замацаваліся традыцыі новай эпохі. Гэта перш за ўсё правядзенне мерапрыемстваў, якія маюць высокадухоўныя і высокамаральныя мэты. На працягу многіх гадоў брэсцкі фестываль «Студзеньскія музычныя вечары» карыстаецца вялікай папулярнасцю сярод аматараў класічнай музыкі, уносіць адметны ўклад у захаванне традыцый беларускага і сусветнага музычнага мастацтва».

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота Аляксандра ШУЛЬГАЧА

Загаловак у газеце: Парад тэнараў. Ла Скала і бліскучы Том Сінатра

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».