Вы тут

Быць у трэндзе. На які ўрок вучні пабягуць з радасцю?


«Вы можаце не змяняцца. Выжыванне — справа добраахвотная», — гэтыя словы вядомага вучонага і спецыяліста ў галіне менеджменту якасці Уільяма Дэмінга як мага лепш падыходзяць да сучаснай школы. Вучыць пакаленне Z — задача няпростая: паспрабуйце завалодаць увагай дзяцей, для якіх не існуе ніякіх аўтарытэтаў і якія ўпэўнены, што ўсё, што ім трэба, можна знайсці ці ўдакладніць у сеціве, таму навошта штосьці запамінаць? Яны не будуць слухаць доўга маналог настаўніка. Нельга прыйсці ў клас, штосьці ім расказаць, а потым патрабаваць, каб дзеці гэту інфармацыю паўтарылі. Ранейшыя педагагічныя прыёмы ўжо не працуюць — трэба гэта прызнаць і вучыцца разам са сваімі вучнямі. Бо ты маеш права вучыць, толькі пакуль сам вучышся...

Ці не таму Рэспубліканскі калядны фестываль педагагічнага майстэрства карыстаецца сярод педагогаў, якія цікавяцца апошнімі адукацыйнымі трэндамі, проста шалёным попытам. Пры гэтым удзел у ім — абсалютна добраахвотны... Ідэя яго правядзення належыць Акадэміі паслядыпломнай адукацыі і Беларускаму педагагічнаму таварыству.


Кацярына СКРЫГАН: «Мы можам запісваць штосьці ў сшыткі, а можам выразаць, клеіць і маляваць...»

Феерверк педагагічных ідэй

— Восем гадоў таму мы пачыналі з 300 удзельнікаў, а два апошнія гады ў фестывалі ўдзельнічалі ўжо паўтысячы педагогаў: настаўнікі-прадметнікі, настаўнікі пачатковых класаў, выхавацелі дашкольных устаноў і педагогі-псіхолагі. І мы ўжо проста абмежаваныя нашымі фізічнымі магчымасцямі, бо колькасць ахвотных трапіць на педагагічнае свята значна іх пераўзыходзіць, — падкрэслівае рэктар Акадэміі паслядыпломнай адукацыі Андрэй МАНАСТЫРНЫ. — Калі падчас першага фестывалю ў праграме значыліся 33 майстар-класы, то ў праграме восьмага — 115 мерапрыемстваў. Упэўнены, што фестываль паспяховы яшчэ і таму, што ён ствараецца намаганнямі саміх педагогаў: настаўнікі выдатна навучаюць адзін аднаго. Да таго ж ніякая дыстанцыйная камунікацыя, артыкулы, блогі не заменяць педагогам жывыя стасункі.

VІІІ Калядны фестываль педагагічнага майстэрства прайшоў пад дэвізам «Пазнанне. Інтэлект. Творчасць». Тэматыка заяўленых тэм майстар-класаў, творчых майстэрняў і ўрокаў для дарослых была на самы розны густ: «Медыя + творчасць», «Нясумнае праграмаванне. Беларускі арнамент», «Робат крочыць наперад», «Рэцэпт поспеху вучнёўскага даследавання», «Развіцце крэатыўнасці праз выкарыстанне скрайбінгу», «Лайфхак: узлом па жыцці. Як зрабіць навучанне больш цікавым?», «Лэпбук на ўроках інфарматыкі», «Мультымедыйная тэхналогія: ФотаШоу на службе ў сучаснага педагога» і іншыя.

На спатканне... з водарасцямі

— Мы можам распачаць урок традыцыйнай фразай «Добры дзень, каго няма ў класе?», а можам расказаць захапляльную гісторыю, каб усе прачнуліся і адцягнулі ўвагу ад сваіх смартфонаў. Можам чытаць з вучнямі падручнік, а можам паглядзець навучальнае відэа на тую ж тэму. Можам запісваць штосьці ў сшыткі, а можам выразаць, клеіць і маляваць. Можам выклікаць вучняў па журнале або выкарыстоўваць жэрабя, як гэта робіцца ў актыўнай ацэнцы. Можам правесці звычайную кантрольную, а можам арганізаваць міні-канферэнцыю. Новую тэму можа растлумачыць настаўнік, а могуць — самі вучні, як гэта адбываецца ў перакуленым класе. Дзеці могуць працаваць у адзіночку, а могуць у парах ці групах — усё ў нашых руках, — у гэтым упэўнена настаўніца біялогіі са сталічнага Ліцэя № 1 Кацярына СКРЫГАН. — Нашым вучням, напрыклад, вельмі падабаецца быць дарослымі, ім падабаецца такая форма работы, як канферэнцыя і дэбаты. ХХІ стагоддзе — гэта стагоддзе біялогіі, і ў настаўніка ёсць шмат рэсурсаў, якія ён можа задзейнічаць, каб захапіць сваім прадметам вучняў.

Я падзялюся некалькімі сваімі лайфхакамі. Традыцыйна пабудова нуклеінавых кіслот — тэма, якая цяжка даецца дзецям. Нуклеатыды лінейна спалучаюцца паміж сабой, утвараючы малекулы нуклеінавых кіслот. Ланцужкі малекул ДНК з'яўляюцца самымі доўгімі біяпалімерамі. Мы на ўроках разам з вучнямі клеім ДНК з папяровых нарыхтовак, яны гэта робяць з вялікай ахвотай. У выніку ва ўсіх атрымліваюцца розныя па дызайне, але аднолькава правільныя мадэлі ланцужкоў. Тэму «Грыбы і водарасці» я падаю ў форме «хуткіх спатканняў». Усе ў класе атрымліваюць анкеты. Адзін становіцца грыбам, а другі — водарасцямі. А потым яны пачынаюць адзін з адным знаёміцца. У кожнай анкеце ёсць пункты, якія трэба запоўніць: «Дзе вы пражываеце?», «Ваш знешні выгляд», «Асаблівасці ўнутранага свету» , «Размнажэнне бясполае», «Размнажэнне палавое», «Ваша «іскрынка». Ёсць і месца для «фота». А потым, як у перадачы «Каханне з першага погляду», дзеці вызначаюцца, хто ж ім больш спадабаўся. Так мы выбіраем пары. Такім чынам сумная і незразумелая тэма напаўняецца эмацыянальна, а гэта, у сваю чаргу, спрыяе запамінанню...

Яшчэ адзін лайфхак — купіце танныя шпалеры і няхай вучні выкарыстоўваюць іх для стварэння ілюстрацый да самых розных творчых заданняў. Мы заўважылі, што, калі дзецям прапануеш працаваць са шпалерамі, а не з ватманам, у іх адсутнічае страх чыстага ліста — сапсаваць шпалеры не шкада. Вы можаце сказаць, што творчасць — не для вас, а вы паспрабуйце... Нават калі не атрымаецца творча па форме, атрымаецца творча па змесце. Вы баіцеся, што вас усур'ёз не ўспрымуць калегі? Але калі такая форма працуе, то якая розніца, што пра вас падумаюць?

Згуляць на ўроку... у гульню

Настаўніца гісторыі з мінскай гімназіі № 43 Вера СЯЧКОВА на сваіх уроках разам з дзецьмі стварае гістарычныя мемы і рэкламу.

— Элементы медыяадукацыі можна і трэба выкарыстоўваць на кожным уроку, — запэўнівае яна. — Напрыклад, яны вельмі падыходзяць для першаснага замацавання матэрыялу — яно вельмі важнае, бо дазваляе папярэдзіць страту нейкіх важных паняццяў і фактаў. У нас ёсць усяго 10—15 хвілін напрыканцы ўрока. Мы ўсе выдатна ведаем, што літаральна пасля секунднага маўчання ў дзяцей у руках аказваецца смартфон. Дык давайце паставім яго на службу сабе. Напрыклад, тэма ўрока — «Вайна 1812 года». Прапаную дзецям зайсці ў інтэрнэт і знайсці там чатыры любыя карціны, змест якіх адносіцца да пазначанай тэмы. Затым можна прапанаваць ім расставіць творы мастацтва ў правільнай храналагічнай паслядоўнасці: якія падзеі і калі адбываліся? Можна таксама запытацца, ці ёсць у карцінах гістарычныя неадпаведнасці? Выдаткавалі зусім няшмат часу, а паўтарылі падзеі ўсёй вайны...

Вера СЯЧКОВА: «А паспрабуйце прарэкламаваць калектывізацыю...»

Можна прапанаваць дзецям стварыць гістарычны стыкерпак ці мем. Гэта гульня на добра знаёмым ім полі: стыкерпакамі і мемамі дзеці актыўна абменьваюцца ў месенджарах. Кароткім словам або малюнкам і кароткім словам мы выражаем сваю эмоцыю. Гэта цэлая інфармацыйная сістэма. Гістарычны стыкерпак служыць замацаванню матэрыялу не толькі праз візуалізацыю, але і з дапамогай стварэння кароткіх тэкстаў-подпісаў. Ён разнявольвае навучэнцаў, падключае фантазію і гумар, можа служыць добрай разрадкай, асабліва напрыканцы ўрока, спрыяе больш лёгкаму засваенню матэрыяла, фарміруе гібкае і творчае мысленне. Тэма «СССР у 1930-я гады». Можна знайсці савецкія плакаты ці фота і прапанаваць прыдумаць да іх подпіс: варыянт да фота са Стаханавым — «Не лодарнічай на рабоце!», сялянскі мітынг — «Толькі б не рабіць!».

«Любую карцінку можна прадставіць у форме дыялога са схаваным сэнсам, стаць аўтарам гістарычнага жарту, — падкрэслівае Вера Сячкова. — У любым жарце ўтрымліваецца інтэлектуальная аснова. Можна стварыць і рэкламу. Напрыклад, прапанаваць прарэкламаваць калектывізацыю — «Калі вам сумна, уступайце ў калгас». Канешне, рэкламаваць нэп прасцей, а вы паспрабуйце прарэкламаваць стаханаўскі рух — з'ява, калі людзі шматразова перавыконваюць устаноўленыя нормы вытворчасці, нашым дзецям зусім няблізкая. З рэкламай добра працуюць як малодшыя, так і старшыя вучні, хоць старшакласнікі і сцвярджаюць, што рэкламу яны не глядзяць».

Яшчэ адзін эфектыўны прыём — работа з хэштэгам. Хэштэг — гэта ключавое слова ці фраза, перад якімі ставіцца сімвал # і якія выкарыстоўваюцца ў публікацыях у сацыяльных сетках: у выніку ваш пост робіцца даступным людзям з такімі ж інтарэсамі, нават калі яны не падпісаны на вашы абнаўленні.

— Упершыню я ўбачыла, як працуе з хэштэгамі мой калега на конкурсе «Настаўнік года». Ён разам з вучнямі складаў воблака хэштэгаў па выніках урока на тэму «Прыгоннае права». Гэта адначасова і абагульненне, і замацаванне ключавых паняццяў, — кажа настаўніца. — Можна прапанаваць дзецям стварыць мультымедыйную музейную экспазіцыю, напрыклад знайсці ў інтэрнэце артэфакты, якія звязаны з падзеямі Стогадовай вайны. Слова «артэфакты» — вельмі страшнае для сучасных дзяцей (смяецца.Аўт.)

Сумнымі ўрокамі дзяцей не зацікавіш. Прапаноўваць ім пагуляць у «Сваю гульню» ці «Што? Дзе? Калі?» бессэнсоўна. Яны кажуць: «Фу, якая плесень!» Шукайце тое, што цікава вашым вучням. А яны, як высвятляецца, глядзяць на канале ТНТ гульню «Дзе логіка?», у якой шукаюць лагічныя сувязі паміж аб'ектамі і з'явамі. Я прапаную вучням некалькі карцінак, напрыклад, на адной — байкапісец Іван Крылоў, а на другой — маршал Міхаіл Кутузаў. Што іх звязвае? Крылоў напісаў сем баек, прысвечаных вайне 1812 года, самая славутая з іх — «Воўк на псярні». Можна выкарыстоўваць у гульні для паўтарэння і літаратурныя сюжэты, і мастацкія творы, і цытаты... Усё гэта дазваляе выходзіць за рамкі стэрэатыпнага мыслення, карыстацца ведамі з іншых абласцей. Я лічу, што, дзякуючы прыёмам медыяадукацыі, мы робімся для дзяцей больш цікавымі, а замацаванне вучэбнага матэрыялу праходзіць больш эфектыўна.

Візуалізацыя Булгакава

На ўроку ў настаўніцы рускай мовы і літаратуры з салігорскай сярэдняй школы № 5 Алены ВОЛКАВАЙ дакладна не засумуеш. Сваіх калег яна пазнаёміла з методыкай eduScrum і стварэннем на занятках камандных скрайбаў.

Scrum першапачаткова выкарыстоўваўся ў сферы распрацоўкі праграмнага забеспячэння, а таксама ў бізнесе. Але гэта методыка кансалідуе людскія рэсурсы і намаганні незалежна ад сферы дзейнасці, таму ўсё больш прафесіяналаў знаходзяць спосабы прымянення Scrum у іншых абласцях, у тым ліку і ў адукацыі. EduScrum — сістэма навучання, у якой адказнасць за адукацыйны працэс перадаецца ад настаўніка вучням. Павышаецца іх уцягнутасць у навучальны працэс. Увесь клас дзеліцца на групы (каманды) па прынцыпе шматфункцыянальнасці, каб кожная мела ў сваім складзе навучэнцаў з розным тыпам паводзін, якасцямі характару і ўменнямі, бо ў такіх групах прасцей вырашаць пастаўленыя задачы і засвойваць новы матэрыял. EduScrum дапамагае не толькі палепшыць вучэбныя вынікі, але і развівае асобу, спрыяе развіццю камандных навыкаў работы.

Алена ВОЛКАВА: "Каб ствараць скрайбы, не трэба "ўмець" маляваць: малюнкі адмыслова робяцца максімальна простымі".

Вядома, што больш за 80 % інфармацыі чалавек успрымае візуальна. Праз тры дні ён у стане ўспомніць толькі 10 % ад усяго аб'ёму пачутага. Разам з тым вусны аповед «з малюначкамі» запамінаецца нашмат лепш, чым звычайная лекцыя. Псіхафізічныя асаблівасці школьнікаў такія, што яны лепш успрымаюць інфармацыю менавіта візуальна. А сучасныя дзеці яшчэ большыя візуалы, чым іх бацькі. Так у школьнае жыццё «пракраўся» скрайбінг, таксама запазычаны з бізнес-асяроддзя. Скрайб — гэта візуалізацыя моўнага паведамлення графічнымі вобразамі. Дзякуючы скрайбінгу ўрокі ажыўляюцца. А яшчэ скрайбінг развівае такія якасці, як лагічнае, вобразнае, крэатыўнае і крытычнае мысленне...

— Навучыцца ствараць скрайбы досыць лёгка, не трэба «ўмець» маляваць: малюнкі адмыслова робяцца максімальна простымі, — сцвярджае Алена Волкава. — Разам з тым пры рабоце над скрайбам дзеці самастойна шукаюць, аналізуюць, ацэньваюць, адбіраюць і арганізоўваюць інфармацыю. Напрыклад, на ўроках літаратуры скрайбінг дапамагае дзецям візуалізаваць іх чытацкія ўражанні.

Пры вывучэнні камедыі Мікалая Гогаля «Рэвізор» можна прапанаваць вучням расказаць у малюнках пра жыццё Хлестакова ў Пецярбургу да прыезду ў горад N: сапраўднае і ў яго фантазіях. Другой групе — аднавіць у карцінках паслядоўнасць уручэння хабару Хлестакову. Трэцяй — прыдумаць і адлюстраваць у карцінках, што адбылося ў горадзе пасля прыезду сапраўднага рэвізора, чацвёртай — намаляваць, што было далей з Хлестаковым. З дапамогай скрайбінгу можна «раскласці па палічках» і Булгакава, і Платонава.

— Я хачу навучыць дзяцей бачыць сімвалы: каб яны не малявалі гараднічага цалкам, бо досыць і генеральскіх зорак (гэта пра яго мары), і атрымліваліся не карціны, а, хутчэй, ментальныя карты з графічнымі элементамі, — канстатуе Алена Волкава. — Дарэчы, мае адзінаццацікласнікі ў сваіх скетчах узнімаюцца ўжо да ўзроўню метафары, што мяне, вядома, вельмі радуе.

Надзея НІКАЛАЕВА

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.