Вы тут

Прэзідэнт узгадніў назначэнне новых кіраўнікоў у Мінску і рэгіёнах Беларусі


Прэзідэнт узгадніў прызначэнне кіраўнікоў мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў.


Мінск

Так, на пасаду намесніка старшыні Мінскага гарвыканкама быў узгоднены Аляксандр Дараховіч, які раней займаў пасаду кіраўніка адміністрацыі Заводскага раёна Мінска.

Яшчэ адным намеснікам старшыні Мінскага гарвыканкама стаў Арцём Цуран, раней — кіраўнік адміністрацыі Фрунзенскага раёна сталіцы.

"Няма неабходнасці нешта дэталізаваць, мы з вамі сустракаліся, свой пункт гледжання я выказаў. Вядома ж, мы вашу рэакцыю і мінчан адсочвалі. Мне даложана, людзі ў агульным плане, нават у дэталях падтрымліваюць вынікі нашай нарады. Вельмі моцна прашу вас, паколькі вы будзеце разам з новым старшынёй гарвыканкама рэалізоўваць гэтую палітыку, прытрымлівацца тых даручэнняў, якія былі выказаны мною на нарадзе", — сказаў беларускі лідар.

Прэзідэнт падкрэсліў: Мінск неабходна зрабіць абсалютна ўтульным горадам для таго, каб мінчане ім ганарыліся. Ён нагадаў, што 2019 стане для сталіцы вельмі няпростым — і не толькі з-за чарговых выбараў і Еўрапейскіх гульняў. Галоўнае, на думку Аляксандра Лукашэнкі, тая праца, якую павінны прарабіць у гэтым годзе па ўладкаванні Мінска і галоўнае — добраўпарадкаванні. “Зрабіць гэта нефармальна, каб горад быў вельмі чыстым і акуратным", — адзначыў ён.

Яшчэ беларускі лідар нагадаў пра адказнасць за парушэнне законаў і прэзідэнцкіх даручэнняў.

Брэст

Намеснікам старшыні Брэсцкага аблвыканкама стаў кіраўнік адміністрацыі Ленінскага раёна Брэста Генадзь Барысюк. Яго месца зойме Валянцін Мілашэўскі, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Беларусі па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і моладзевай палітыцы.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што хутка Брэст адзначыць тысячагоддзе. "Брэст трэба дашліфаваць, па-народнаму кажучы. Каб у каралі Беларусі гэта была самая яркая жамчужына. Тым больш, гэта заходнія вароты велізарнага еўразійскага рэгіёну. І людзі, перасякаючы мяжу, павінны бачыць, што яны патрапілі ў іншы выдатны квітнеючы свет", — сказаў ён.

Гомельская вобласць

Кіраўнік дзяржавы ўзгадніў прызначэнне на пасаду старшыні Веткаўскага райвыканкама Паўла Сілівончыка, раней — старшыня Нараўлянскага райвыканкама. Яго зараз ужо папярэднюю пасаду зойме Руслан Смірноў, намеснік старшыні Жлобінскага райвыканкама.

На пасаду старшыні Рагачоўскага райвыканкама ўзгоднены Віталь Сушко, які да гэтага працаваў у якасці першага намесніка старшыні, начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання гэтага райвыканкама.

"Гомельская вобласць, скажу вам шчыра, мяне не ўражвае ў апошнія гады. Я ўжо губернатару пра гэта казаў. Магілёўскую і Гомельскую вобласці ў мінулым годзе і на працягу першай паловы гэтага года мы вельмі ўважліва рэвізуем. Мы будзем іх глядзець на прадмет заможнасці кіраўніцтва. Вынікі будуць падведзеныя за мінулы год. Паглядзім, на што выйшла Гомельская вобласць, — адзначыў Прэзідэнт. — Час выпрабаванняў, эксперыментаў і іншага даўно скончыўся і гамяльчане павінны не адставаць у сваім развіцці ад іншых абласцей".

Ён звярнуў увагу, што для Гомельскай обласці было зроблена больш, чым для любой іншай вобласці. Паводле слоў Прэзідэнта, час аддаваць даўгі.

Мінская вобласць

Старшынёй Вілейскага райвыканкама стаў Алег Бегунец, раней — першы намеснік старшыні, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Старадарожскага райвыканкама.

Беларускі лідар узгадніў прызначэнне на пасаду старшыні Нясвіжскага райвыканкама Аляксандра Ломскага. Да гэтага ён займаў пасаду старшыні Клецкага райвыканкама, якую зараз зойме Анатоль Ладыга.

Старшынёй Пухавіцкага райвыканкама стаў Віктар Каляда, раней ён быў старшынёй Лагойскага райвыканкама.

Таксама кіраўнік дзяржавы ўзгадніў прызначэнне на пасаду старшыні Жодзінскага гарвыканкама Дзмітрыя Заблоцкага, намесніка старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Беларусі па прамысловасці, паліўна-энергетычным комплексе, транспарце і сувязі.

Прэзідэнт адзначыў, што асабіста ўважліва назірае за развіццём Мінскай вобласці, бо "гэта палова краіны ў сельскай гаспадарцы і нават прамысловасці". На яго думку, тут не хапае выканаўчасці і дысцыпліны.

Беларускі лідар зноў нагадаў пра адказнасць за правапарушэнні, не сумяшчальныя са знаходжаннем на дзяржаўнай службе. Так, з Мінскай вобласці за гэта свае месцы страцілі двое. "Карупцыя. Двое знаходзяцца ў месцах, не такіх аддаленых. Ведаеце, я пасля таго, як кагосьці затрымліваюць, пачынаю чытаць усякія дзівацтвы, асабліва ў медыйнай прасторы, інтэрнэце, — сказаў Прэзідэнт. — “Ах, вось, добры быў, ды не можа быць, ды гэта не так". Запомніце адну рэч: пакуль на стол мне не пакладуць вычарпальныя факты, ніхто да вас дакрануцца не можа".

Ён папярэдзіў прысутных: калі ёсць канкрэтныя правапарушэнні, асабліва звязаныя з хабарамі, то "множце (пакаранне — “Звязда”) на два як мінімум".

Кіраўнік дзяржавы чарговы раз адзначыў, 2019 і 2020 гады будуць няпростымі, насычанымі палітычнымі падзеямі, калі з усіх бакоў Беларусь будзе падвергнута сур'ёзнай рэвізіі на прадмет нашага суверэнітэту і незалежнасці. Да гэтага неабходна быць гатовым.

"Але запомніце: ніхто нас не ссуне з месца, калі мы будзем працаваць эфектыўна і не пагоршым — як мінімум — жыццё нашых людзей. Беларусы заслужылі нармальнага жыцця, і мы абавязкова павінны, захаваўшы незалежнасць і суверэнітэт, палепшыць жыццё нашых людзей. У адваротным выпадку нікому гэты суверэнітэт не патрэбен будзе. Гэта найважнейшая задача для ўсіх", — дадаў ён.

Таксама беларускі лідар анансаваў свае візіты ў Брэст і Гомельскую вобласць.

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.