Вы тут

Падарунак пад Новы год


На Галоўнай ёлцы Беларусі ў Палацы Рэспублікі пабывалі сярод іншых і выхаванкі Беларускай нядзельнай школы “Вясёлка”


Аляксандр Лукашэнка з дзецьмі на свяце. Фота БЕЛТА

Спяшаемся падзяліцца радаснай навіною: перад Новым годам у нас былі хвалюючыя сустрэчы, новыя знаёмствы на беларускай зямлі. Калі 27 снежня ў Мінску ладзілася навагодняе свята для дзяцей у плыні дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці” з удзелам Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі, то запрошаны былі на яго сярод іншых і выхаванкі беларускай нядзельнай школы “Вясёлка” нашага Даўгаўпілскага беларускага культурна-асветніцкага таварыства “Уздым”.

Як вядома, у навагоднюю пару здараюцца розныя цуды. У тым пераканаліся й чатыры дзяўчынкі з Даўгаўпілса ды іх бацькі. Гэта здорава, што ў Беларусі памятаюць супляменнікаў з замежжа, што на дзяржаўным узроўні падтрымліваюцца з намі сувязі. Вось і запрасілі нас, як беларусаў замежжа, у Мінск: на галоўную ёлку краіны. Пераднавагодняя паездка стала магчымай дзякуючы Амбасадзе Беларусі ў Латвіі, з якой у нас даўно складваецца плённае супрацоўніцтва.

Школьніцы, іх бацькі ўбачылі, як запальваюцца агні на Галоўнай ёлцы Беларусі, прагуляліся па сталіцы, якая зіхацела ў навагодняй ілюмінацыі. Але ў асноўную падзею захапляльнай паездкі акунуліся мы раніцай 27 снежня, у Палацы Рэспублікі. Якраз там праходзіла навагодняе свята з удзелам Прэзідэнта ў плыні Усебеларускай дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці”. На яго запрасілі больш за 2300 дзяцей з усіх рэгіёнаў Беларусі: дзяцей-сірот, дзяцей з сем’яў бежанцаў, выхаванцаў кадэцкіх вучылішчаў, пераможцаў алімпіяд, творчых конкурсаў і фестываляў, спартыўных спаборніцтваў, юных грамадскіх актывістаў. Для іх падрыхтавалі насычаную культурную праграму. Спачатку дзеці гулялі, весяліліся ля ёлкі разам з пацешнымі мульцяшнымі героямі. Яны ж забаўлялі дзятву і ў канцэртнай зале перад пачаткам імпрэзы. Пад апладысменты на сцэну выйшаў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка. У сваёй цёплай прамове кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што дзеці — гэта галоўны набытак нашай Беларусі. Прычым гэта, прадоўжыў ён, не проста прыгожыя словы, за імі — шчырая любоў, а таксама жаданне дарослых клапаціцца пра дзяцей, абараняць іх.

Аляксандр Лукашэнка разам з дзецьмі глядзеў маляўнічае музычна-сцэнічнае шоу — на сцэне працавалі лепшыя творчыя калектывы Беларусі. Юныя гледачы, затаіўшы дыханне, суперажывалі дзяўчынцы й яе хворай маме, ганарыліся іх неабыякавымі сябрамі, назіралі, як энергічна светлыя сілы змагаюцца з ліхімі — а ўрэшце вывелі Формулу Дабрыні. Казачны мюзікл суправаджаўся эфектнымі сюррэалістычнымі кадрамі на трох вялікіх экранах. У фінале Дзед Мароз і Снягурка віншавалі дзяцей з Новым годам.

Пакідаючы Палац Рэспублікі, удзельнікі свята павезлі з сабой незабыўныя ўражанні, падарункі ад імя Прэзідэнта Беларусі. Дарэчы, у навагодні падарункавы камплект, прысвечаны Году малой радзімы, увайшлі паштоўка-віншаванне з календаром, вялікая скрынка беларускіх цукерак, штодзённік школьніка і заплечнік з лісянём Лесікам — талісманам ІІ Еўрапейскіх гульняў, якія ўлетку будзе прымаць Беларусь.

Усю дарогу дадому юныя даўгаўпілчане — Лайма і Лаліта Казлоўскія, Элеанора Марчанка і Сафія Блізнакова — расказвалі пра найяркія моманты, што іх уразілі, запомніліся. “Гэта проста навагодні цуд, неверагодны падарунак, яго нашы дзеці запомняць на ўсё жыццё!” — не ўтойвалі сваіх эмоцый таксама й бацькі выхаванак Беларускай нядзельнай школы “Вясёлка”.

Удзельнікі дэлегацыі выказваюць шчырую падзяку за магчымасць наведаць Мінск і Галоўную ёлку Беларусі — Амбасадзе Беларусі ў Латвіі, за візавую падтрымку — Генконсульству Беларусі ў Даўгаўпілсе, за высокі ўзровень прыёму — Кастрычніцкаму раёну Мінгарвыканкама, за арганізацыю паездкі — праўленню суполкі “Уздым”.
Дарэчы, беларусы Даўгаўпілса таксама далучаны ў плынь дабрачынных акцый, якімі ў Навагодне-Калядную пару поўніцца наша Бацькаўшчына. Напярэдадні Каляд, 24 снежня, моладзь Беларускага культурна-асветніцкага таварыства “Уздым” наведала выхаванцаў мясцовага дзіцячага дома-прытулку “Прыедытэ” — з падарункамі, канцэртам. Увогуле мы паслядоўна рэалізуем праграму дабрачынных акцый. А тут моладзь суполкі выступіла з ініцыятывай: падарыць свята тым, хто сустракае яго не дома з бацькамі, а ў дзіцячым прытулку. Валанцёры сабралі “Скрынку радасці” — кнігі, размалёўкі, гульні, канцтавары, прысмакі. Марозным ранкам паехалі ў Стропы: там дзіцячы дом — у сасновым бары, побач з возерам. Дабрадзеяў чакалі: дзеці з цікавасцю сустрэлі Вядучую і Фей, уважліва слухалі паэта Станіслава Валодзьку, песні пад гітару, актыўна ўдзельнічалі ў гульнях, чыталі вершы для Дзеда Мароза й Снягуркі, радаваліся падарункам. “Наша ўвага — найвялікі падарунак, які мы змаглі зрабіць дзецям. Спадзяемся, што дзякуючы такім добрым прыкладам яны будуць верыць у людскую дабрыню”, — адзначыла сябар праўлення суполкі “Уздым” Марыта Кавалеўская. І мы ўдзячны ўсім сябрам суполкі, якія паўдзельнічалі ў Каляднай дабрачыннай акцыі.

Жанна Раманоўская, старшыня таварыства “Уздым”, г Даўгаўпілс

Фота аўтаркі

Ад рэдакцыі. Як паведаміла на прэс-канферэнцыі ў Мінску супрацоўніца Міністэрства адукацыі Алена Сімакова, у ліку іншых на Галоўную ёлку краіны былі запрошаны й дзеці, што навучаюцца ў Вільнюскай беларускай гімназіі імя Францішка Скарыны і Рыжскай асноўнай беларускай школе імя Янкі Купалы. Ці сустракаліся з імі дзеці з Даўгаўпілса? “З намі была дэлегацыя з Рыгі: 22 школьнікі плюс 2 настаўніцы, — удакладніла Жанна Раманоўская. — А з вільнюскай дэлегацыяй не сустрэліся. Наша нядзельная школка ліцэнзаваная з праграмай — як гурток па інтарэсах, а не па навучальнай праграме як “сапраўдныя” школы. Але ж дзякуючы Амбасадзе нас дадалі да большай дэлегацыі Рыжскай школы. У наступным годзе, спадзяемся, будуць і месцы ўжо менавіта для дзяцей нашай школкі”. Спадарыня Жанна пахвалілася, што ў Мінску беларусы-даўгаўпілсцы купілі прыгожыя футравыя строі Дзеду Марозу й Снягурцы (Жлобінскай фабрыкі), таму і ў таварыстве, і ў нядзельнай школцы на Калядах былі яны ў новым убранні. “Цудоўнейшыя беларускія вырабы!” — не хавае эмоцый зямлячка.

Нагадаем: Усебеларуская дабрачынная акцыя “Нашы дзеці” праходзіла з 10 снежня па 11 студзеня. Пад час яе штогод адказныя службовыя асобы, кіраўнікі арганізацый і прадпрыемстваў, парламентарыі, бізнесмены наведваюць дамы-інтэрнаты, педцэнтры, установы адукацыі. Асаблівая ўвага надаецца дзецям з дзіцячых дамоў. Прычым, адзначала Алена Сімакова, у многіх устаноў, дзе выхоўваюцца дзеці-сіроты, дзеці-інваліды, ужо ёсць трывалыя шэфскія стасункі.

Вельмі прыемна, што Эстафету Дабрачыннасці падхапілі й беларусы замежжа. Бо калі ў свеце беларусаў будуць ведаць як людзей добрых, спагадлівых, міласэрных — гэта ж будзе толькі на карысць усяму беларускаму руху, нашай Бацькаўшчыне, кожнаму з нас. Так што — дзяліцеся сваім досведам беларускіх дабрачынных спраў, сябры!

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пастырскае Пасланне Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на Вялікдзень

Пастырскае Пасланне Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на Вялікдзень

Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, браты і сёстры!

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў у Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў у Беларусі

Ён прымеркаваны да Года малой радзімы.

Культура

Карэспандэнты «Звязды» сустрэліся са сваячкай Паўліны Мядзёлкі

Карэспандэнты «Звязды» сустрэліся са сваячкай Паўліны Мядзёлкі

12 верасня 1893 года ў сям'і Вінцэнта і Францішкі Мядзёлкаў нарадзілася дачка, якой далі прыгожае імя Паўліна. 

Культура

Вольга Падгайская: Калі праект і здараецца, то ў якасці ледзь не выключэння

Вольга Падгайская: Калі праект і здараецца, то ў якасці ледзь не выключэння

Гэта трэба, канешне, проста паслухаць — музыку аднаго з найдзіўнейшых сучасных беларускіх кампазітараў.