Вы тут

Калядныя вечары ў касцёле


У Мінскім касцёле Святога Роха ў святочную пару гучала інструментальная і арганная музыка


Артысты фальклорных гуртоў “Перлинка” і “Ватра” на канцэрце. Фота Віктара Кісценя

Касцёл Найсвяцейшай Тройцы (Святога Роха) збіраў на Калядныя вечары шмат прыхільнікаў духоўнай музыкі, якая дапамагае нам глыбей адчуць таямніцу Раства. Фэст “Калядныя вечары на Залатой горцы” ладзіцца з 2003 года. Хоць штораз там — новая праграма, ды нязменна пераважаюць кампазіцыі духоўнага зместу. Да таго ж у каталіцкай святыні абавязкова гучыць арган: унікальны інструмент чэшскай фірмы “Rіegerkloss” жыве ў Алтарнай частцы храма з 1986 года.

Гэтымі Каляднымі вечарамі на аргане гралі беларускія выканаўцы Вольга Падгайская, Аляксандр і Юлія Бурдзялёвы, Кацярына Нікалаева, госці з Санкт-Пецярбурга Дзіна Іхіна і Дзяніс Маханькоў. Ладзіўся канцэрт студэнтаў спецыялізацыі “Арган” Беларускай дзяржакадэміі музыкі (клас дацэнта Уладзіміра Неўдаха). Арганіст касцёла Віктар Кісцень граў творы І.-С. Баха, С. Манюшкі, М. Рэгера, Р. Свірыдава і свае ўласныя. Яшчэ студэнтам аддзялення кампазіцыі Акадэміі музыкі ён аблюбаваў залатагоркаўскі арган. У 1996-м прыйшоў у касцёл, каб агучыць свае “Варыяцыі для аргана”. Потым граў на Святой імшы. Так і прыкіпеў сэрцам да аргана, касцёльнай музыкі. Кампазітару яшчэ грэе сэрца, што яго асабістыя музычныя творы даспадобы парафіянам.

Каляднымі вечарамі ў касцёле гучалі й свецкія душэўныя мелодыі. 5 студзеня прайшлі Каляды ў фальклорным стылі: выступілі ўзорны фальклорны гурт з Украіны “Перлинка” ды гурт украінскай песні й абраду “Ватра” (дарэчы, ён з Мінска: дзейнічае пры Рэспубліканскім цэнтры нацыянальных культур). “На радаснае свята Божага нараджэння мы можам сабе дазволіць і крыху больш інструментальнай музыкі”, — патлумачыў мне мастацкі кіраўнік фэсту Віктар Кісцень.

Даў канцэрт ансамбль “Bon voyage”, што сабраў музыкантаў са скрыпкай, віяланчэллю, флейтай ды іншымі інструментамі. Канцэрт музыкі барока на гістарычных флейтах падараваў ансамбль “Brevіs”.

А сяброўства між касцёлам Святога Роха й выканаўцамі класічнай музыкі — даўняе: святыня была залай камернай ды арганнай музыкі пры Белдзяржфілармоніі ў 1983—2006 гадах. Потым філармонія між канцэртамі дазваляла каталікам праводзіць набажэнствы, цяпер жа вернікі не супраць музканцэртаў у будынку, які перайшоў да іх. Адно слова: добразычлівасць! Каталікі ўдзячныя музычным выканаўцам: калі б дзеля патрэб апошніх у савецкі час не быў устаноўлены ў святыні арган і яна не пераўтварылася ў канцэртную залу, то й невядома, ці была б увогуле адноўлена.

У плыні фэсту працавала фотавыстава “Арганы. Еўрапейская спадчына Беларусі”. Экспазіцыю блаславіў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі.

Ганна Лагун

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.