Вы тут

Крыж і крылы Уладзіміра Банцэвіча


На пачатку года, 2 студзеня, 70-гадовы юбілей адзначыў вядомы мастак, педагог, кіраўнік Саюза беларусаў Дону, які родам з Палесся


Уладзімір Банцэвіч разам з юнымі мастакамі-выхаванцамі ўрачыста дорыць мазаічны партрэт атамана Платава ў калекцыю Мірскага замка. 11 ліпеня 2018 года.

Віншуем Уладзіміра Мікалаевіча! Дзякуем яму за плённую супрацу з нашай газетай, за многія добрыя справы, што робіце з аднадумцамі ў імя Бацькаўшчыны, пашыраючы на растоўскай зямлі беларускую культуру. І ў тым шэрагу найбольш маштабны праект, як нам падаецца, — гэта Музей расійска-беларускіх этнакультурных традыцый “Изба-хата-курень”, створаны па ініцыятыве й сіламі актывістаў Саюза беларусаў Дону ў 112-й школе Растова-на-Доне. Яшчэ адзін каштоўны набытак мастака — створаны ім у 2007 годзе на базе ўласнай творчай майстэрні гурток юнага іканапісца з беларускай назвай “Абразок”.

Летась Уладзімір Банцэвіч дасылаў нам у рэдакцыю свае нарысы-абразкі, тлумачыў: “Трэба ж трохі адчытацца перад Бацькаўшчынай, чым я ўдалечыні ад яе займаюся. А як жа: на носе ўжо, як кажуць, і 70-гадовы юбілей... Я стараўся, як мог, увасобіць у карціне ўласнага жыцця тыя каштоўныя ўрокі, якія атрымаў калісьці ад сваіх беларускіх настаўнікаў — наш выпуск быў у далёкім 1966-м, у Гоцкай сярэдняй школе Салігорскага раёна. Між тым і пасляваеннае дзяцінства навучыла мяне выжываць, знаходзіць выйсце ў самых цяжкіх сітуацыях — а не ныць, не скардзіцца на тыя цяжкасці. Дарэчы, бацька ж мой быў кадравым афіцэрам, але гэта бацька — не з Гоцка, там у мяне ўжо вотчым быў: Ермаковіч Павел Іванавіч. З ім, калі па шчырасці, усялякае бывала, але ж я цяпер яму за многае і ўдзячны. І дзед мой быў кадравым афіцэрам, ён — беларус з вёскі Камень, што пад Пінскам, дзе я і нарадзіўся”.

Нам і чытачам газеты помняцца экспедыцыі-2018 Уладзіміра Банцэвіча ў Беларусь. Першая — зімовая (“Экспедыцыя на Бацькаўшчыну”, 14.03.2018), з адметным падзагалоўкам: “Нататкі пра тое, дзеля чаго вандроўнікі з Дона праехалі па зімовых дарогах Расіі ды Беларусі звыш чатырох з паловай тысяч кіламетраў”. І тое было ўжо адно з першых “святочных мерапрыемстваў” да знакавай даты. А ўлетку была й другая дзея: пленэрная гістарычна-патрыятычная экспедыцыя “Свяшчэнныя палі Расіі ды Беларусі ў малюнках дзяцей”. Уладзімір Мікалаевіч ладзіў яе з юнымі мастакамі новастворанага ім жа Растоўскага-на-Доне творчага аб’яднання “Нашчадкі. ХІІ — ХХІ стагоддзе” імя асветніка Кірылы Тураўскага. (Больш пра экспедыцыю — у нататках Уладзіміра Банцэвіча “Жывапіс белых дарог”, што друкаваліся летась у двух нумарах газеты: 31 ліпеня і 16 жніўня).

Як мне падаецца, вялікая грамадская праца Уладзіміра Банцэвіча ў сілавым полі беларускай культуры — гэта, вобразна кажучы, і крыж ягоны (бо дзейнасць такая патрабуе вялікіх намаганняў), і крылы (бо шмат узнёслых, радасных хвілін перажывае душа творцы ў высокай паяднанасці з Зямлёю Продкаў). І цяпер, ведаю, ва Уладзіміра Мікалаевіча шмат клопатаў, прычым не толькі святочных. У адказ на рэдакцыйнае віншаванне “Хай збываюцца Вашы найлепшыя мары — і раскрываюць свае цёплыя абдымкі лепшыя небасхілы новага дзесяцігоддзя!” ён з удзячнасцю напісаў: “Самае цудоўнае пажаданне новага дзесяцігоддзя, бо — амаль стагоддзя: цяпер я жыву як год за дзесяць. Трэба паспець не толькі малюнкі зрабіць, але ж і дзве кнігі падрыхтаваць: у працы беларускі зборнік “Мая Прыпяць” і фантастыка для дзяцей “Погружение в бездну будущего”. 

А перад Новым годам зямляк падзяліўся з намі прыемнай навіною: што стаў адным з пераможцаў конкурсу “Российская литературная премия-2018” у намінацыі “Малая проза”. Пра тое сведчыць дыплом 3-й ступені, медаль “За заслуги в области культуры и искусства” — яны дасланы з рэдакцыі літаратурнага часопіса “Российский колокол”. Па гэтай узнагародзе, патлумачыў творца, яго прымаюць у Інтэрнацыянальны Саюз пісьменнікаў.

Дыплом за літаратурную творчасць

Некаторыя з беларускіх па тэматыцы тэкстаў, што рыхтуе Уладзімір Банцэвіч для будучых кніг, прапануем вашай увазе.

Іван Ждановіч

Спадчыннасць

Я, можа, і не варты таго, каб гукаць думкі, шукаючы ў шляху сваім — удалечыні ад Бацькаўшчыны — нейкае сабе апраўданне. Ды жыццё — адно, і некалі ж трэба выгаварыцца.
Вельмі тужліва мне часам бывае ў сённяшнім побыце. Тая раніца светлая, з палескага дзяцінства, даўно знікла — нібы сіняя птушка незабыўная, калыхнуўшы ў нябёсах вясёлкавым крылом. А не знікла вясёлка, якую ў дзяцінстве ўпершыню пабачыў. Яе згадваю, калі навокал мяне штосьці вельмі маркотнае адчуваецца. І трывога, як тая рысь, крадзецца ў маім Заказніку: мягенька, бязгучна... Ды сэрца — не футра: кожны яе кіпцюрык адчувае балюча. Навошта мне тыя туга ды маркота, навошта трывога? Але ж пакуль жывы — не магу не пазіраці, не магу не адчуваці.

Там, на палескім балоце, я хацеў сюды: у сваю будучыню. Цяпер жа з ваколіц Дона — імкнуся ўсёй душой туды, дзе рэчка Лань яшчэ русалкаю лясною, з лотаццю-кветкамі ў космах зялёных водарасцяў, ціха сплывае між лазняку й крушыны, бяроз і алешын. Эх, няма цяпер толькі тых бяроз і алешын, а Лань ужо й не русалка лясная — у полі канава прамая. І ад яе дзявочай прыгажосці не засталося й рэшткаў.

“Дзе ж ты, казачны край мой?” — парываецца сэрца гукнуць. Толькі казкі ў дзяцінстве маім засталіся, а дзяцінства той кошык лазовы — мо ў лесе калісьці згубіў?.. Але ж, наперакор цемрыву, іду я да святла. І светлы абразок маёй цудоўнай Радзімы ніколі не знікне, пакуль на зямлі ёсць беларусы: дзе б ні жылі мы. Бо паўсюль з намі — наша спадчыннасць. Усюды родных мне людзей магу пазнаць па светлым і спагадлівым позірку, а яшчэ — па сціпласці прыроднай, працавітасці. Тая спадчына беларускасці ў нас у крыві, у душы, у розуме... Як векавечная ахова нам у свеце, пранізаным халоднымі скразнякамі трывог.

Кужалёвы ручнік

Мая любая Радзіма! Ты, як матуля, выпесціла, узгадавала мяне ў нялёгкую для цябе пасляваенную гадзіну. Роднае Палессе назаўсёды ў душы зберагаю — з верасковай дрымотай яго, журавіннымі коўдрамі, незабыўным духмяным настоем сунічных палян. Ах, як хочацца часам дадому! Дзесьці там, на поўнач, пад знаёмым каўшом Вялікай Мядзведзіцы мой позірк блукае па небе: шукае зорку дзяцінства, юнацтва майго.

Ніколі не забыць мне тых росных ранкаў. Там на поплаве, па світанні разгортвалі жанчыны доўгія шэрыя палотны: каб станавіліся яны пад сонечнымі промнямі, пад бялёсымі траўнымі росамі белымі й прыгожымі. Цудоўнай якасцю яшчэ адной валодаюць палатняныя “сцежкі”: як тыя абярэгі, дораць нам цяпло сонейка й матуліных рук. І кожны, хто апранае матуліну светла-вышываную кашулю, хто ўціраецца ўранні белізною пахучаю тых ручнікоў — праз кужалёвыя ніці таемныя повязі з родам, народам, радзімай зямліцаю ладзіць.

Уладзімір Банцэвіч. “Мая Беларусь”.

Заўсёды хвалююся трохі, як бачу ў крамах ільняныя ручнікі. Альбо з каляровымі кветкамі абрусы. Мне хочацца іх не тое што купіць — хоць бы патрымаць у руках, памацаць іх жасткаватую, але ж вельмі знаёмую фактуру. І адразу: нешта цёплае і радзімае нібы светлаю хваляй уздымаецца ў мяне ўнутры. А можа гэта вытворы з тых паплавоў майго дзяцінства?.. Хаця ж ведаю, што цяпер — машыны ўсюды, і палатно бялюткае ствараецца ўжо не так. Але ж сувязь — праз памяць далоняў, праз кужалёвыя ніці — з радзімай зямлёй, белымі росамі, з ранішнім сонейкам заўсёды паднаўляецца. І я купляю той абрус ці ручнік — як з дзяцінства дзівосную згадку, каб асвечвала хату часцінка жывая маёй любай старонкі.

“З добрым ранкам!” — кажу я штодзённа, калі ў рукі бяру гэты светлы ручнік кужалёвы.

Крыж

З дзяцінства помніцца: на сяле —  так у нашай вёсцы называўся цэнтр — пры скрыжаванні галоўных вуліц стаяў высокі драўляны крыж. Ён быў апаясаны мноствам палатняных ручнікоў з хрысціянскай сімволікай. Мы, вясковыя хлапчукі, у нейкіх сваіх гульнях насіліся паблізу, нібы й не заўважаючы той звычны для вока крыж. А ён, абветраны, пацямнелы ад дажджоў і сонечных промняў, стаяў — як былінны старац, і матылялася ў яго на ветры бялёсая палатняная “барада”. Нам ніхто ніколі не расказваў: хто яго і калі там паставіў, з якое патрэбы. Але ж таямнічае нешта для нашага дзіцячага розуму было ў тым простым вырабе. Чаму ён стаіць прама тут, у цэнтры сяла? Можа, гэта неяк звязана з нейкімі трагічнымі падзеямі ваеннага ліхалецця? Мы, дзеці, тое так і не ўведалі. У тыя суровыя гадзіны й не прынята было пытацца ў дарослых пра нешта патаемнае, адрываць іх ад штодзённых спраў. Рана станавіліся дарослымі дзеці нашага часу — у бацькавых керзавых чобатах, у паношаных да дзірак куфайках.

А нядаўна, раптоўна для сябе, я зрабіў невялічкае адкрыццё. Аказваецца, вуліцы сяла ў сваім плане, па баках свету, скрыжоўваліся з галоўнай вуліцай так, што нагадвалі ўсе разам праваслаўны крыж. Галоўная вуліца пралягла ад нізу таго крыжа на заходзе, дзе мясціны былі балотныя й называліся Чарцеж, на ўсход. Вяршыня крыжа з яго перакрэсцем — на самай высокай мясціне, якую называлі Гарой. А за ёй ужо было возера. Я палічыў: гэта не выпадкова, і вельмі сімвалічна. Бо й тое возера, над такім геадэзічным “крыжам”, было як неба: у ім люструюцца белыя аблокі. Пэўна, буслы, прылятаючы штогод у нашыя мясціны, такім вялікім крыжам, з небам на вяршыні, бачылі вёску з вышыні.

Мы, дзеці, усе былі роўныя перад будучыняй на гэтых вясковых вулачках. А мінулае, вайна былі вельмі блізка, нагадвалі ўсюды сваімі смяротнымі слядамі. Дарослыя імкнуліся пра мінулае не думаць. Як вандроўнік збягае ад гіблай мясціны, так і люд са сваімі добрымі марамі — кіруецца ў будучыню, падалей ад гора, бяды і страт. Месцам діцячых гульняў была невялікая плошча на Гары, дзе й стаяў крыж. Нібы добры Гасподні вартаўнік, ён ахоўваў нас і нашае ціхае шматклапотнае жыццё ад розных непрыемнасцяў. А мы, вераб’інае племя, дзеці пасляваенных 50-х, ужо ў 70-я разляталіся хто куды. Мы выраслі пад крыжам нашага дзяцінства, і далей кожны ўжо нёс жыццёвы свой крыж — хто як мог.

Напоўненыя вятрамі юнацтва, мы ўжо адчувалі сябе шчаслівымі, бо не ведалі, якая будучыня чакае нас. Незнаёмыя шляхі, далёкія мясціны й гарады... І ў мяне ўжо быў горад мары. Пра Растоў-на-Доне часта расказвала мая маці, бо гэты горад быў некалі горадам яе дзяцінства і юнацтва. Праўда, прайшлі яны ў дзіцячым доме, бо яе маці рана пакінула свет, а бацька ў тыя гады быў кадравым ваенным.

Не раз на сенакосе я праз шапатлівую лістоту дрэў, балотнага кустоўя ўглядаўся ў паўднёвае неба, пад якім, ведаў, жыве той цудоўны горад. Прыцягвала таямнічая далеч, і ў балотных міражах нібыта бачыліся абрысы яго. Там, пэўна ж, усё не так, як на балоце... Мая маленькая мара заўсёды мне дапамагала ў цяжкія хвіліны. Вечарам, кінуўшы позірк на поўдзень, я радаваўся, што бачу тыя ж зоркі, што й жыхары горада, і тое збліжала мяне з імі. Але сялянскае жыццё з яго суровай рэальнасцю моцна трымала мяне пры сабе. Мы, агальцы, нароўні з дарослымі неслі ўжо — кожны свой крыж.

Толькі з гадамі я спазнаў сапраўдны кошт пары пад назваю дзяцінства. Хоць і трохі пакутлівай ды нясытнай была тая пара, ды ўсё роўна — цудоўнаю. Бо там я быў чыстым, светлым, як кажуць, душой і целам. І нёс невялікі свой крыжык са шчаслівымі марамі пра светлую, лепшую будучыню. Ды хто ж ведаў, якія спакусы ў той будучыні ўжо чакалі нас, як чакае здабычу хітры драпежнік, стаіўшыся ў зараслях. А яны ж чакалі нас, гатовыя накінуцца на даверлівых вясковых прастачкоў.

У школе, помню, вучылі нас у першую чаргу — атэізму. Хаця паўсюль вакол нас былі абразы, былі вернікі. То мы верылі — і не верылі, бо шмат чаго не разумелі. Усё змяшалася ў вясковым свеце з новымі парадкамі-павевамі. Да народных, прадаўніх стараславянскіх і хрысціянскіх святаў дадаліся — савецкія. Новае і старое часта супярэчыла адно другому. Таму ў школе было для нас адно жыццё, дома — другое, а на сяле — ужо нашынскае, дзіцячае. Нашы гульні былі, вядома ж, больш ваенныя. Хаця, помню, было вельмі няпроста дзяліцца на сваіх і чужых. Мы знаходзілі ў лясах зямлянкі, бліндажы, нямала розных ваенных рэчаў, у тым ліку й смяротна небяспечных. Але ж — Бог літасцівы, і ў школе нас добра вучылі.

“Здымак ля роднай хаты. Я пакінуў яе, пайшоў у людзі ў 1967 годзе. Ужо няма на свеце бацькоў, брата. І мне часам вельмі балюча, калі здаецца: здрадзіў я тады хаце, у якой вырас. У 2017-м у канцы жніўня ў яе заходзіў. Там жыве мая равесніца: разам у школу хадзілі. То на душы паспакайнела, бо хата – не пакінута, з гаспадарамі”

Што найбольш яднала людзей у цяжкім ваенным ліхалецці? Народ і дзяржава, хоць яны й спрадвечныя антыподы, як тыя перакладзіны крыжа, у цяжкую для іх пару, аказаўшыся ў пастцы адной вялікай бяды, стойка разам неслі свой адзіны крыж. Перакрэсце крыжа было тым месцам, дзе ядналіся іх надзеі, справы. Цяпер жа для мяне крыж ёсць сімвал планетарнай канструкцыі: зямнога прастору й нашай бытнасці на зямлі. Мы, вядома ж, прывязаны да гэтай “канструкцыі” жыццёвай пупавінай. Крыж — паяднанне вертыкалі й гарызанталі, як зямных арыенціраў. Мы не можам жыць інакш, як “на крыжы”, бо такі наш фізічны лёс. Вертыкаль — галоўны арыенцір, азначае кірунак руху ўверх (узыходжанне) ці то ўніз (сыходжанне). Падаецца мне, ніякія іншыя ўмоўнасці не адолеюць прыродныя інстынкты жыццёвага выяўлення. Але — каму ўверх, а каму ўніз? Вечнае пытанне. Кажуць нават, што ў жыцці многае прадвызначана, ды, хочацца верыць, што й мы сваім разуменнем, характарам, дзейнасцю (ці бяздзейнасцю...) нешта можам выяўляць, карэктаваць у сваім лёсе. Гарызанталь крыжа, як і лінія гарызонту, дзеліць нашу сутнасць на дзве часткі. Верхняя частка, мяркую, сімвалізуе ўсё нябеснае, узвышанае ў нас, у тым ліку й галаўны мозг з інтэлектам, а ніжняя ад гарызонту частка — зямное. 

Такія мае думкі на гэты конт. Зрэшты, у розных аўтараў, філасофскіх школах, рэлігіях па-рознаму прачытваецца сімволіка крыжа. Мне ж блізкае меркаванне, што тыя нашы арыенціры на зямлі — гэта й сімвалічныя вектары напрамкаў развіцця духоўнай, фізічнай, біялагічнай сфераў нашага быцця. Так што, пэўна, зусім не выпадкова крыж — галоўны сімвал розных рэлігій. Я ж не сумняваюся: усё, што я змог зрабіць і выявіць у сваім жыцці — гэта “разгортка ў часе й прасторы” таго імгнення, калі я, ад нараджэння, атрымаў свой крыж. Які нясу па жыцці й па гэты час.

Уладзімір Банцэвіч

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.