Вы тут

Як 89-гадовая бабуля з Быхава садзіцца на шпагат


Штодзённая прабежка раніцай і комплексныя фізічныя практыкаванні, халодны душ і бег па снезе басанож — гэта распарадак дня не адчайнага экстрэмала, а звычайнай жанчыны з горада Быхава. І ўсё б нічога, прыгожая палова чалавецтва сёння і не на такое здатная, але нашай гераіні амаль дзевяноста гадоў.


— Навошта пра мяне пісаць, падумаеш, зорку знайшлі, — сціпла кажа Феадосія Нічыпараўна Дудзенка, сустрэўшы нас каля пад'езда.

Але ўсё ж запрашае ў госці. Хутка, нібы і няма амаль векавога цяжару гадоў за плячыма, наша знаёмая падымаецца па лесвічных пралётах. Толькі паспяваем следам. Убачыўшы наша здзіўленне, Феадосія Нічыпараўна толькі ўсміхаецца.

— Што, не чакалі такога спрыту ад бабулі? Я і не тое магу, вось толькі ў кватэру зойдзем — самі пабачыце.

У аднапакаёвай кватэры, дзе жыве Феадосія Нічыпараўна, — ідэальны парадак, прыемна глянуць.

На самым бачным месцы красуюцца фотаздымкі родных, тут жа на трыльяжы можна пабачыць і граматы за добрасумленную працу, за ўдзел у творчых выступленнях.

Не чакаючы, пакуль дапытлівы карэспандэнт усё разгледзіць, Феадосія Нічыпараўна выконвае абяцанне і працягвае здзіўляць: ужо праз хвіліну мая суразмоўніца глядзела знізу ўверх на мой спалоханы твар, элегантна седзячы на шпагаце.

Нельга сказаць, што я не ведаў, куды ішоў, вядома, чакаў пабачыць «спартыўную бабулю». Але каб вось так у 89 гадоў — ды на шпагат! Пакуль я збянтэжана назіраў за акрабатычным трукам «гімнасткі», яна гэтак жа проста і без дапамогі ўзнялася на ногі.

— Сесці на шпагат — гэта справа не аднаго дня, — кажа Феадосія Нічыпараўна. — Трэба кожны дзень расцяжку рабіць і іншыя практыкаванні на гнуткасць цела, толькі тады толк будзе.

З добрай зайздрасцю назіраючы за суразмоўніцай, не мог не запытаць, як у такім паважаным узросце ёй удаецца весці актыўны лад жыцця. І ці ёсць у Феадосіі Нічыпараўны свой сакрэт даўгалецця? Бабуля запэўніла ў адказ, што не мае ніякіх сакрэтаў, акрамя спартыўных практыкаванняў і загартоўвання. А пра гэтыя «сакрэты» яна можа кожнаму расказаць.

— Раніцу пачынаю з зарадкі, — дзеліцца Феадосія Нічыпараўна. Яшчэ лежачы ў ложку, сорак разоў прыпадымаю ногі, затым раблю «нажніцы» і «кручу ровар». Потым устаю і раблю практыкаванні на гнуткасць. Пасля зарадкі выпіваю шклянку вады і з'ядаю ківі. Ну а затым ужо і час халодны душ прымаць. Раніцай бегаю. Зараз, калі выпаў снег, абавязкова — басанож. Ну а ўвечары павольна шпацырую па вуліцы.

Як яна кажа, такія халадовыя ванны дапамагаюць ёй не хварэць круглы год і падтрымліваць бадзёрасць увесь дзень.

У ядзе Феадосія Нічыпараўна прытрымліваецца поўнай свабоды.

— Усё без разбору, што Бог паслаў. Гэтая звычка яшчэ з дзетдома засталася. Калі бацькі памерлі, нас, чатырох дзяцей, адправілі ў дзетдом, там мы і сустрэлі вайну. Чаго толькі не нацярпеліся! Бывала, што і на сметніцах прыходзілася ежу шукаць, — дзеліцца горкімі ўспамінамі суразмоўніца.

...Не ўсім зразумела такое захапленне здаровым ладам жыцця з боку жанчыны. Бо сваім прыкладам Феадосія Нічыпараўна руйнуе ўсе стэрэатыпы аб беларускіх бабулях.

— Першы час здзіўляліся, калі бачылі сляды босых ног на снезе. Пыталіся: як гэта ты так, Феня? Каб было менш пытанняў, стараюся бегаць у час, калі мала хто мяне бачыць.

Занятак фізкультурай — не адзінае хобі Феадосіі Нічыпараўны Дудзенкі. Яшчэ раней, у гады маладосці, яна захапілася спевамі, і гэты творчы запал пранесла праз усё жыццё.

— Працуючы стрэлачніцай на чыгунцы, я заўжды знаходзіла час, каб схадзіць на гурток самадзейнасці ў Дом культуры. Любоў да спеваў жыве ўва мне і сёння. Разам з сябрамі я выступаю ў народным ансамблі «Гаспадыня», мы ўдзельнічаем у святочным жыцці нашага горада і раёна. Таксама, як валанцёр Чырвонага Крыжа, наведваю розныя мерапрыемствы, якія праводзіць гэтая арганізацыя.

Вось такое яскравае жыццё ў нашай гераіні. Няма ёй часу скардзіцца на лёс і цяжкую долю: страціўшы блізкіх, прайшоўшы праз жахі вайны, яна застаецца добрым і спагадлівым чалавекам.

Андрэй САЗОНАЎ

Фота аўтара

Загаловак у газеце: У 89 — на шпагат

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.