Вы тут

Ці варта святкаваць 40-годдзе?


У лісце з Бабруйска ад Валянціны К. пытанне: «Хутка мне споўніцца ,40 гадоў. Я чула шмат розных меркаванняў наконт гэтай даты. Адкажыце, дык святкаваць або не?»


Святкаванне нашых дзён нараджэнняў — пытанне складанае, далёка не адназначнае, шмат у чым супярэчлівае. Пакуль што яно застаецца зусім не даследаваным з боку славянскіх навукоўцаў. Складанасць пытання заключаецца ў тым, што дзень нараджэння чалавека знітоўвае ў сабе шэраг касмічных і сацыякультурных фактараў. Супярэчлівае — таму што даўняя традыцыя забараняе святкаваць некаторыя дні нараджэнняў і, наадварот, асобныя з іх надзяляе больш высокім статусам, напрыклад, так званыя круглыя даты.

Шматвяковая гісторыя культуры народа сфарміравала свой прынцып парадкавання часу, які атрымаў назву каляндар. Сістэмы парадкавання часу, або календары, бываюць розныя: месяцавыя — у адпаведнасці з рытмам змен фаз Месяца; сонечныя — у іх аснову пакладзена чаргаванне сонцастаянняў і раўнадзенстваў; у аснове хрысціянскага календара адначасова ляжыць рух Сонца па небасхіле і чарговасць фаз Месяца. Каляндар — рэч цыклічная, структурна дакладна ўпарадкаваная, як правіла, нязменная. Усе прадстаўнікі таго ці іншага этнасу або тыпу культуры адзначаюць кожнае свята як вялікую падзею.

Аднак у межах агульнанацыянальнага календара існуе яшчэ адзін цыкл святкаванняў, аснову якога складае часавая прымеркаванасць сямейна-родавых рытуалаў, якія суправаджаюць нараджэнне дзіцяці, вяселле сына ці дачкі, смерць каго-небудзь з дамачадцаў. Кожная з гэтых падзей мела сваю аўру, характар падрыхтоўкі і правядзення, свой перыяд існавання ў памяці чалавека, сям'і, рода або яшчэ больш шырокага соцыуму. Напрыклад, на працягу года пасля смерці мужа яго жонка-ўдава не мела права мыць бялізну ў той дзень тыдня, у які ён памёр, каб «не замыць сваю долю». У гэтым выпадку абрадавая забарона датычылася толькі аднаго чалавека. Разам з тым у той хаце, у якой не стала чалавека, забаранялася на працягу года рабіць рамонт (у поле рэгламентацый уцягнута ўжо ўся сям'я) і спраўляць вяселле (рытуальнае абмежаванне ахоплівала кола людзей, якое яднала нават некалькі родаў).

І ўсё ж бадай што самай складанай была градацыя святкавання дзён нараджэння чалавека. Так, сярод дзён нараджэння ў народнай традыцыі асобным статусам надзяляліся тры або сем гадоў, калі дзіцяці давалі развязаць сваю пупавіну і па тым, як яно гэта зробіць, меркавалі аб здольнасцях чалавека. Лічылася, калі дзіця здолее развязаць засохлы вузельчык, то яно будзе майстрам на ўсе рукі, і ў народзе казалі: «Што ні задумае, тое і зробіць», або «У яго руках усё гарыць», пазней сталі гаварыць «Майстар — залатыя рукі».
У гэтым жа ўзросце пачыналася размежаванне дзяцей у адзенні ў адпаведнасці з полавай прыналежнасцю.

Разам з тым старэйшыя прадстаўнікі роду не раілі святкаваць трынаццацігоддзе (відаць, на падставе адмоўнага стаўлення да ліку 13 у самых розных кантэкстах судакранання з ім; магчыма, у гэтым выпадку мы маем справу з моцным уплывам хрысціянскай традыцыі), а таксама яшчэ тры незвычайныя даты. Не святкавалі 21-ы дзень нараджэння (як пярэварацень касмічнага ліку 12). Не адзначалі і 33 гады — той узрост, у якім быў укрыжаваны Ісус Хрыстос. Людзі перасцерагаліся («Беражонага і Бог беражэ») і хацелі адвесці бяду ад членаў сваёй сям'і. Асабліва асцярожна ставіліся да святкавання 40-годдзя. Гэты ўзрост лічыўся пераломнай мяжой у жыцці чалавека. Нагадаем, што ў беларускай народнай традыцыі чалавечы век доўжыўся не 100 гадоў, як мы прызвычаіліся, а крыху менш — 80. У такім разе саракавы год нараджэння быў той пераходнай мяжой у зямным існаванні чалавека, калі «жыццё пераварочвалася» (ад маладосці да старасці). Гэтае сімвалічна-пераходнае пераварочванне выразна адлюстравана ў пахавальна-памінальнай абраднасці 0-3-9-40-1 год. Калі да саракавога дня памерлага называлі «нябожчык», гэта значыць яго душа яшчэ не паўстала перад Богам, то якраз на саракавы дзень адбудзецца вельмі важная падзея ў паслясмяротным жыцці чалавека, дакладней яго душы, якая пры спадарожніцтве анёлаў апынецца перад залатым прастолам і Творцам на судны час.

А вось пачынаючы з 50-годдзя кожны юбілей чалавечага жыцця станавіўся ганаровай падзеяй для ўсяго Роду. Юбілеі адзначалі шырока, як вялікае родавае свята, з удзелам шматлікіх гасцей.

Аксана КАТОВІЧ, Янка КРУК

Дасылайце свае пытанні аб каранях і прыстасаванасці да сучаснага жыцця каляндарных і сямейна-побытавых народных традыцый і абрадаў на паштовы або электронны адрас рэдакцыі з пазнакай «Пра радзіннае».

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».