Вы тут

Суботні канцэрт у Клайпедзе


У канцэрце, зладжаным Беларускай суполкай “Крыніца” ў гонар Году малой радзімы, паўдзельнічалі таленавітыя спевакі Валянціна Снігур і Сяргей Шабадалаў


Мікалай Логвін (у цэнтры) дзякуе за выдатны канцэрт артыстам Валянціне Снігур і Сяргею Шабадалаву

У суботні снежаньскі вечар Цэнтр нацыянальных культур горада Клайпеды ў чарговы раз адчыніў дзверы для ўсіх ахвочых далучыцца да беларускай культуры. Утульная зала цэнтра — перапоўнена, тут заўсёды рады нас бачыць: сяброўская атмасфера, цёплыя й шчырыя стасункі. Тут можам адпачыць, пагаварыць па-беларуску, атрымаць добрую параду ці дапамогу. Прадстаўнікі розных нацыянальнасцяў адгукнуліся на запрашэнне наведаць канцэрт “Усё, што поўніла нам сэрца...”, зладжаны Беларускай суполкай “Крыніца” й прысвечаны Году малой радзімы. Імпрэза падаравала слухачам мора станоўчых эмоцый, прыемных успамінаў аб Радзіме, гадах дзяцінства ды юнацтва. І ўсім было што ўспомніць, бо пакінулі ж мы родныя мясціны даўно, і справы, межы, кіламетры заўжды паміж намі й Бацькаўшчынай. Дапамаглі ж нам зноў наблізіцца да яе таленавітыя выканаўцы, пра якіх і раскажу.

Валянціна Снігур — салістка, нязменная кіраўніца фальклорнага гурта беларускай песні “Купалінка” пры Беларускай суполцы “Крыніца” города Клайпеды з моманту яго стварэння (кастрычнік 2005). Гурт не раз ужо станавіўся лаўрэатам міжнародных конкурсаў, паўдзельнічаў у розных літоўскіх фестывалях і святах, у другім Фэсце мастацтваў беларусаў свету ў Мінску (2014). Гурт запрашаюць выступаць у розныя гарады Літвы, за яе межы. А тры гады таму па ініцыятыве Валянціны, пад яе кіраўніцтвам і таксама пры беларускай суполцы горада ўзнік дзіцячы фальклорны гурт “Верасок”. Ён ужо — дыпламант Міжнароднага фальклорнага фестывалю “Покровские колокола” ў Вільнюсе. Не толькі за шэраг заслуг любяць клайпедчане Валянціну Снігур — найперш за яе сардэчнасць і шчырасць, за вялікі прыродны талент. Ведаю: на гарадскіх імпрэзах яе выступу на сцэне гледачы чакаюць з нецярпеннем. І мы, сябры “Крыніцы”, некалькі гадоў чакалі яе сольны канцэрт. Але ж — і сціпласць Валянціны, і клопаты, жаданне зрабіць усё як найлепш уносілі карэктывы ў планы. Ды шчаслівы выпадак звёў яе на адной сцэне з Сяргеем Шабадалавым. Таленавіты выканаўца беларускіх песень — з Вісагінаса, гэта больш за 400 км ад Клайпеды. Пры падтрымцы, непасрэдным удзеле гэтага рознабакова адаронага чалавека і ўдаўся, пры поўным аншлагу, канцэрт у Клайпедзе. А “маторам”, галоўным арганізатарам імпрэзы стаў Ганаровы консул Беларусі ў Клайпедзе, старшыня суполкі “Крыніца” Мікалай Логвін.

З радасцю віталі мы ў сябе Сяргея Шабадалава. Ён — саліст гурта “Світанак”, актывіст БКЦ “Крок” з Вісагінаса, член Кансультатыўнага савета па справах беларусаў замежжа пры МЗС Беларусі, сябра Рады Згуртавання беларускіх грамадскіх арганізацый Літвы. Цягам 10 гадоў Сяргей — і аўтар сцэнара, і рэжысёр, і вядучы штогодняга “Свята беларускай песні”: яго ладзіць ЗБГА Літвы. Ён і шматразовы ўдзельнік, вядучы свята “Купалле”. Хоць апошнія тры гады Сяргей сольна выконвае беларускія песні, але застаецца й салістам гурта  “Світанак”. Удзельнічаў у многіх міжнародных фэстах, творчых сустрэчах, канцэртах у Літве, Беларусі, памежных краінах. Песні аб роднай Беларусі, малой Радзіме, пра каханне, а таксама жартоўныя песні, пародыі, вершы, жарты — шмат чаго ёсць у яго рэпертуары. На канцэрце кожнаму нешта лягла на сэрца. Сяргей асобна вылучыў песні на словы Станіслава Валодзькі, творчасць якога ведаюць многія гурты й выканаўцы Літвы. Прагучаў блок песень на вершы беларускага паэта з Даўгаўпілса ў выкананні Сяргея й Валянціны: “Позірк Еўфрасінні”, “Матулін пірог”, “Чаромха”, “Рабіны”, “Сена духмянае”, “Касцёр для дваіх”, пераклад на беларускую мову песні “Галіна”. Сяргей плануе запісаць кампакт-дыск песень на словы Станіслава Валодзькі, з якім даўно плённа супрацоўнічае.

Канцэрт пачаўся ды скончыўся дуэтам таленавітых выканаўцаў. Напрыканцы імпрэзы Мікалай Логвін падзякаваў усім прысутным у зале за іх любоў і цікавасць да беларускай культуры, а выканаўцам — за выдатны канцэрт. Мікалай Аляксеевіч таксама ўручыў Валянціне Снігур і Сяргею Шабадалаву падзякі за працу й таленты, а таксама сувеніры на памяць пра цёплую сустрэчу.

Наталля Дамненка, намесніца старшыні Беларускай суполкі “Крыніца”, г. Клайпеда

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?