Вы тут

Янка Купала на Мінскай кніжнай выставе


Прысвечаная Песняру выстава будзе дэманстравацца на вялікім Кніжным форуме


Алена Ляшковіч з юнымі беларусамі Аргенціны

Па традыцыі ў Мінску з 6 па 10 лютага 2019 года пройдзе чарговая Мінская міжнародная кніжная выстава-кірмаш. Сярод іншых прэзентацый, імпрэз, аўтограф-сесій — і адмысловая перасоўная выстава “Завуся я толькі Янка Купала” (на беларускай і англійскай мовах). Арганізатар яе — Дзяржаўны Літаратурны музей Янкі Купалы. “Мы ведаем, што ў 2019 годзе Краінай — Ганаровым госцем на беларускім кніжным кірмашы будуць Злучаныя Штаты Амерыкі, — расказвае дырэктар Купалаўскага музея Алена Ляшковіч. — Відавочна, шырока будзе гучаць англійская мова. Таму мы вырашылі расказаць пра творчасць нашага класіка і па-англійску. Магчыма, і гасцям са Злучаных Штатаў Амерыкі будзе цікава даведацца пра повязі народнага песняра Беларусі з амерыканскай тэмай. Янка Купала быў добра знаёмы з амерыканскай літаратурай. У адным са сваіх публіцыстычных артыкулаў пісаў пра свае чытацкія зацікаўленні творчасцю Эдгара По, Уолта Уітмэна, Тэадора Драйзера і Эрнэста Хэмінгуэя”.

Таксама Купалаўскі музей правядзе ў час кніжнай выставы-кірмашу грамадска-культурную акцыю “Чытаем Купалу разам”, у час якой будуць гучаць вершы беларускага класіка на розных мовах народаў свету. У чарговы раз будзе прэзентаваны і адмысловы зборнік Янкі Купалы “А хто там ідзе?” на мовах свету”, дзе легендарны верш класіка надрукаваны на 101 мове. Магчыма, чытачы ўбачаць і перавыданне зборніка “Санеты” Янкі Купалы — кнігі, дзе будуць змешчаны творы славутага цыкла ў перакладзе болей як на дваццаць моў. Над гэтым творчым праектам рупяцца ў выдавецтве “Мастацкая літаратура”. Вось што на гэты конт патлумачыў дырэктар выдавецтва, паэт і літаратурны крытык Алесь Бадак: “У свой час кніга купалаўскіх санетаў на мовах народаў свету, укладзеная вядомым літаратуразнаўцам Вячаславам Пятровічам Рагойшам, мела шырокі розгалас. Цяпер да ўжо добра вядомых перакладаў дадаліся й перастварэнні “Санетаў” на сербскую, чачэнскую, чувашскую, кітайскую ды іншыя мовы. І праца над укладаннем кнігі яшчэ доўжыцца. Хацелася б у гэтым міжнародным творчым праекце аб’яднаць розныя народы, розныя краіны, розныя нацыянальныя літаратуры”.

Кастусь Ладуцька

Ад рэдакцыі. На сайце Купалаўскага музея ў інтэрнэце перад Новым годам змешчана была цікавая інфармацыя (з прыгожымі фотаздымкамі!) пра тое, што 14 снежня 2018 года ў Нацыянальным кангрэсе Аргенціны адкрылася выстава “Завуся я толькі Янка Купала” з фондаў Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы. Прайшла там і ўрачыстасць-прэзентацыя, зладжаная сумесна Купалаўскім музеем ды Амбасадай Беларусі ў Аргенціне. “На адкрыццё сабралася больш за сто чалавек! — паведамляюць купалаўцы-музейшчыкі. — Гучалі вершы Янкі Купалы на мове арыгінала і ў перакладзе на іспанскую мову”. Шчырую ўдзячнасць захавальнікі Купалаўскай спадчыны выказваюць Надзвычайнаму і Паўнамоцнаму Амбасадару Беларусі Уладзіміру Астапенку і Консулу Беларусі Паўлу Міронаву — за ўшанаванне памяці Песняра ў Аргенціне.
На сайце ж чытаем: 15 снежня выстава “Завуся я толькі Янка Купала” прэзентавалася і ў клубе суайчыннікаў “Виссарион Белинский” у прыгарадзе Буэнас-Айрэса, Сан Марцін. У тым клубе, што вельмі парадавала гасцей з Беларусі, ёсць зала Янкі Купалы. Там прадстаўлены й матэрыялы з Дзяржаўнага Літаратурнага музея Янкі Купалы, што былі перададзены яшчэ ў 2002 годзе. “Цяпер мы перадалі ў дар клубу адбіткі графічных работ Янкі Раманоўскага і Арлена Кашкурэвіча, — удакладняюць музейшчыкі. — Было немагчыма без хвалявання глядзець і слухаць беларускія, украінскія ды рускія песні й танцы ў выкананні самадзейных артыстаў! Як важна, што яны любяць сваю гістарычную Радзіму і ганарацца ёй! Наша выстава перададзена ў дар Амбасадзе Беларусі ў Аргенціне, яна праедзе па ўсёй краіне і будзе паказана ў клубах дыяспары”.
У тых, хто ездзіў за акіян — а на здымках бачым і дырэктара Купалаўскага музея Алену Ляшковіч — засталіся самыя цёплыя й шчымлівыя ўражанні ад сустрэч з беларусамі Аргенціны.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?