Вы тут

Гісторыя МЗС незалежнай Беларусі словамі былых міністраў


Пётр Краўчанка, міністр замежных спраў Беларусі (27 ліпеня 1990 года — 28 ліпеня 1994 года):

— Мы зрабілі сапраўдны дыпламатычны прарыў у свет. Калі да гэтага часу нас практычна ніхто дыпламатычна не прызнаваў, акрамя Германіі, з якой у нас былі стасункі з 1922 года, Польшчы, якая нас прызнала 18 сакавіка 1921 года ў час падпісання Рыжскага пагаднення. Іншыя дзяржавы не лічылі мэтазгодным абменьвацца ратыфікацыйнымі граматамі, адкрываць консульствы ці пасольствы, падпісваць двухбаковыя пагадненні. Пасля Белавежскага пагаднення, калі Беларусь атрымала рэальную незалежнасць, прыйшла так званая паласа прызнанняў. Мы заўсёды былі паміж Расіяй і Польшчай, паміж Масквой і Варшавай. І вось упершыню ў нашай нацыянальнай гісторыі наш лёс, нашы стратэгічныя кірункі вырашае Мінск і будзе вырашаць Мінск, не Масква і не Варшава. Мы дабіліся рэальнай незалежнасці.


Уладзімір Сянько, міністр замежных спраў Беларусі (28 ліпеня 1994 — 13 студзеня 1997 года)

— Перыяд з сярэдзіны 1990-х гадоў прынята лічыць знакавым для інтэграцыйных праектаў. Сапраўды гэта так. Перад усім, ключавое значэнне меў Дагавор аб стварэнні Саюзнай дзяржавы з Расіяй. Прынцыпова важнае значэнне мелі ініцыятывы нашага кіраўніцтва па ўмацаванні інтэграцыйных аб'яднанняў на постсавецкай прасторы. Невыпадкова, нашага Прэзідэнта многія на гэтай прасторы называлі інтэгратарам. Асноўная ініцыятыва ў гэтым плане зыходзіла ад яго.


Іван Антановіч, міністр замежных спраў Беларусі (13 студзеня 1997 — 4 снежня 1998 года)

— Захад не згадзіўся з нашымі двума рэферэндумамі. Ва ўмовах палітычнай ізаляцыі было зразумела, што знешнепалітычная стратэгія стагніруе. Мы нясём расходы, добрасумленна выплачваем узносы ў Арганізацыю Аб'яднаных Нацый, ЮНЕСКА, Міжнародную Арганізацыю Працы і гэтак далей. Мы не былі даўжнікамі нідзе. Усё ідзе прахам, і я дакладваю Прэзідэнту: «Ёсць міжнародныя арганізацыі, дзе нас зразумеюць, — Сусветны парламенцкі саюз». Там старшынствавала адна з арабскіх краін — Егіпет. Тады апазіцыя чамусьці вельмі радавалася, што я еду да арабаў: мы правалім перагаворы, нас не возьмуць. Я праехаў па арабскіх краінах — выдатны быў адказ. Не ведаю, што такое быць у ізаляцыі. Нас прымаюць пад апладысменты ў Сусветны парламенцкі саюз.


Урал Латыпаў, міністр замежных спраў Беларусі (4 снежня 1998 — 27 лістапада 2000 года)

— Мы вывучылі вопыт шматлікіх краін, але вырашылі нікога не капіраваць, а з улікам замежнага вопыту стварыць беларускую мадэль кіравання міжнароднымі сувязямі дзяржавы. І ў выніку Прэзідэнт падпісаў Указ, згодна з якім замест трох міністэрстваў арганізавалася адно пад назвай Міністэрства замежных спраў, якое брала на сябе адказнасць за ўсе віды міжнародных сувязяў краіны. Для замацавання добрых, кваліфікаваных кадраў важна было стварыць справядлівую сістэму прасоўвання па асабістых і дзелавых якасцях. У адрозненне ад іншых міністэрстваў, у МЗС ёсць замежслужба. І для дыпламата працаваць у пасольстве так натуральна, як для лётчыка лётаць і для марака хадзіць у мора. Прэзідэнт вельмі востра рэагаваў на інфармацыю аб тым, што хтосьці з сувязямі бязвылазна сядзіць за мяжой, а старанны, кваліфікаваны спецыяліст без сувязяў выехаць не можа. І каб таго не было, мы вырашылі стварыць у новым міністэрстве конкурсную сістэму адбору на работу за мяжой.


Міхаіл Хвастоў, міністр замежных спраў Беларусі (27 лістапада 2000 — 21 сакавіка 2003 года)

— Пабудаваўшы ўстойлівыя сувязі з Расійскай Федэрацыяй, мы дабіваліся такіх жа адносін і з Еўрапейскім саюзам. І я лічу, што сённяшняя палітыка наша павінна заключацца ў атрыманні такіх жа гарантый ад Еўрапейскага саюза нашай палітычнай, эканамічнай і ваеннай бяспекі, якую мы маем сёння ад Расійскай Федэрацыі.


Сяргей Мартынаў, міністр замежных спраў Беларусі (21 сакавіка 2003 — 20 жніўня 2013 года)

— Фактычна Беларусь з'яўляецца краінай, размешчанай на такім цывілізацыйным разломе паміж Еўропай у чыстым выглядзе, да якой Беларусь належыць гістарычна і геаграфічна, і Еўразіяй. Размяшчэнне на гэтым цывілізацыйным разломе ўсё жыццё было ў вядомай ступені пракляццем для Беларусі. Усе буйныя ваенныя канфлікты паміж Усходам і Захадам, Еўропай не проста ўцягвалі Беларусь як тэрыторыю, а як мінімум двойчы пракатваліся самым жахлівым чынам па нашай краіне на шляху ў адзін бок, потым на шляху ў другі бок. І вось задача знешняй палітыкі заключалася і заключаецца ў тым, каб гістарычнае ці геаграфічнае пракляцце Беларусі ператварыць у благаславенне, калі так можна сказаць. Увогуле, задача знешняй палітыкі складаецца ў тым, каб праблемы ператвараць у перавагі і выгаду для дзяржавы.

З дакументальнага фільма «Дыпламатыя Беларусі. Станаўленне і развіццё».

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.