Вы тут

Стары замак у Гродне пачалі ўпрыгожваць скульптурна-мастацкімі элементамі


У хуткім часе на ўязной арцы з'явіцца барэльеф анёла з крыламі. Масіўны дэкор напрыканцы мінулага года пачалі вырабляць на Гродзенскім заводзе па перапрацоўцы каменя. Частка кесонаў ужо зманціравана. Аздабленне вядзецца паралельна з будаўніцтвам першай чаргі каралеўскага палаца.


Анёл вагой у паўтоны

Да аднаўлення замка падключыліся майстры па камені і скульптары. Спецыяльная брыгада створана на Гродзенскім заводзе па перапрацоўцы каменю. Адказны заказ трапіў на найбуйнейшае ў сваёй галіне прадпрыемства вобласці.

Цяпер зманціраваны партал з боку аркі, зроблены парапеты пад дахам і балюстрадай. І гэта толькі пачатак маштабных работ па дэкарыраванні палаца, адзначаюць на прадпрыемстве.

Працэс даволі працаёмкі. Як расказаў гродзенскі скульптар Уладзімір Панцялееў, на падрыхтоўку толькі аднаго кесона, памерам 60х60 сантыметраў, патрэбна каля 10 дзён. Кожны элемент — гэта індывідуальная работа.

Зараз ужо гатовыя дэкоры з кветак, гронак вінаграду, галавы льва. Элементы даволі масіўныя — кожны важыць не менш за 200 кілаграмаў. А галава анёла з крыламі — удвая больш. Гэта скульптура зойме сваё пачэснае месца ў цэнтры аркі. Дарэчы, увесь дэкор робіцца ў адпаведнасці з гістарычным воблікам палаца часоў Стафана Баторыя. З такога самага пясчаніку, што ўпрыгожваў замак у ХVІ стагоддзі. Пошукі радовішча занялі шмат часу, адзначыў навуковы кіраўнік праекта Алег Шымбарэцкі. І нарэшце знайшлі падобны пясчанік у Польшчы, непадалёку ад Варшавы.

Блокі адтуль паступаюць трох колераў — белыя, шэра-зялёныя і бледна-чырвоныя. На тыдзень завод прымае некалькі фураў з 20 тонамі пясчаніку. Пакуль зроблена 10 кесонаў — архітэктурных элементаў для арак. Усе яны зманціраваны. Да канца студзеня тут мяркуюць поўнасцю аздобіць уязную арку. А ўвогуле работы па дэкоры значна даўжэйшыя, бо ім упрыгожаць як вонкавы, так і унутраны аб'ем замка. А ён, як вядома, узводзіўся з уласцівым для каралеўскага палаца размахам.

У пошуках страчанага

Фота: grodnonews.by

Стары замак — адзіная каралеўская рэзідэнцыя, якая захавалася ў Беларусі. Таму і было вырашана аднавіць замак у такім выглядзе, які ён быў падчас кіравання караля Стафана Баторыя. У свой час кароль зрабіў палац сваёй рэзідэнцыяй і з дапамогай архітэктара Санта Гучы надаў яму раскошны выгляд. Але да нашага часу замак дайшоў без былой велічы. Пасля рэканструкцыі ён зноў набудзе рысы каралеўскага палаца ХVІ стагоддзя.

Вось ужо больш як год тут вядуцца работы. І разам з гэтым не сціхаюць спрэчкі вакол гістарычнага аб'екта. Да дыскусіі падключыліся і нашы суседзі-палякі. Экспертная група на чале з кіраўніцтвам міністэрства культуры не так даўно пабывала на будоўлі і нават вынесла свой вердыкт — рэканструкцыя адпавядае аўтэнтычнаму выгляду.

А вось унутраны праект пакуль не вызначаны. Гэта звязана не толькі з вялікім аб'ёмам работы па ўзнаўленні сцен, але і з адсутнасцю поўнай карціны гістарычных матэрыялаў па размяшчэнні пакояў замка. Такая блытаніна звязана з інвентарнымі дакументамі. І хоць іх даволі шмат — 10—12 тамоў, сустракаюцца супрацьлеглыя звесткі па размяшчэнні тых жа пакояў. Напрыклад, цяпер вядуцца спрэчкі, у якім з іх кароль правёў апошнія дні свайго жыцця.

— Есць эскізны праект рэканструкцыі Старога замка 80-х гадоў, які зрабіў мінскі архітэктар Бачкоў. І яго праект не разыходзіцца з гістарычным інвентарным планам. Новыя інтэрпрэтацыі выклікаюць пытанні, — зазначае Алег Шымбарэцкі. — У канчатковым выглядзе гэты план існуе, і, згодна з ім, у праект Бачкова ўносяцца карэктывы. Напрыклад, спальня Баторыя магла знаходзіцца ў іншым месцы.

Асобы, якія рабілі інвентарызацыю, часцей за ўсё звярталі ўвагу на нейкія праблемы, якія існавалі ў пакоі. Напрыклад, рыпелі дзверы альбо не працаваў замок... У такіх выпадках гэты пакой адзначаўся ў дакументах. Калі ўсё добра, пакой маглі і не ўпісваць у план. Таму гэтае пытанне не столькі пра з'яўленне новых звестак, колькі пра іх інтэрпрэтацыі, лічыць Алег Шымбарэцкі.

— У каралеўскіх замках праходзіла інвентарызацыя перад прыездам караля, напярэдадні важных падзей альбо пасля разбурэння. Так і ў Старым замку было некалькі такіх інвентарных перыядаў, звесткі пра якія дайшлі да нашых часоў. Але трэба разумець, што пісары больш зазначалі тыя моманты, якія патрабавалі нейкага паляпшэння стану будынка, рамонту. І часцей за ўсё не звярталі ўвагі на мастацкія асаблівасці пакояў, наяўнасць нейкіх каштоўных рэчаў. Іх задача была — скласці каштарыс для рамонту, — рэзюмуе Алег Уладзіміравіч.

Пакуль ідзе рэканструкцыя першай чаргі, гісторыкі, археолагі і праектанты шукаюць кампраміс. Галоўнае, каб гэтыя спрэчкі не сталі тормазам у аднаўленні. Дастаткова прыгадаць, што рэканструкцыя палаца з-за праектных спрэчак і так зацягнулася на дзесяцігоддзі.

Таямніца пад камяніцай

Сёння тэрыторыя замка — гэта не толькі маштабная будоўля. Тут вядуцца археалагічныя раскопкі, якія значна папоўнілі экспазіцыю гісторыка-археалагічнага музея. Дарэчы, ён месціцца якраз у Старым замку.

Літаральна нядаўна, ужо ў новым годзе, знойдзена чарговая шахматная фігура ХІІІ стагоддзя. Гэта драўляная пешка, на якой бачны знак Сонца — кола са спіцамі. Гэта знаходка стала ўжо чацвёртай у так званай партыі Замкавай гары. Разам з трыма шахматнымі фігурамі — ладдзёй і дзвюма пешкамі, знойдзены і фрагмент шахматнай дошкі.

Нядаўна археолагі раскапалі касцяныя пласціны, якія ўпрыгожвалі сядло. Прадметы адлюстроўваюць быт жыхароў гэтых зямель канца ХІV стагоддзя. Гэта — кераміка, рэшткі скураных вырабаў — рамянёў і абутку. Знойдзены бронзавы пярсцёнак і завушніца.

Сапраўднай сенсацыяй сталі рэшткі сцяны часоў Вітаўта. Яе выявілі падчас пракладкі цеплатрасы. Адкрыта каля 20 старажытных драўляных пабудоў. Усе спілы адпраўлены на даследаванні ў сталіцу. Многія ўжо вызначаны па даце — гэта ХІV—ХV стагоддзі.

Раскопкі вядуцца на той частцы гары, дзе некалі была камяніца — гаспадарчая пабудова часоў каралеўскай рэзідэнцыі. На месцы раскопак плануецца стварэнне музейнай экспазіцыі. І гэта будзе наступным этапам рэканструкцыі. Першы, самы складаны этап, завершыць узвядзенне аркі, сярэдняй вежы, галерэі і сцяны над Нёманам.

— Кожны ўзровень патрабуе свайго асаблівага падыходу, а вопыт рэканструкцыі такога аб'екта пакуль не напрацаваны, — адзначае Алег Шымбарэцкі, — прыходзіцца літаральна паказваць, куды класці цэглу. Гэта замаруджвае ход работ.

Таксама шмат часу патрабуе пошук патрэбных будаўнічых матэрыялаў — керамічнай пліткі, той жа цэглы... Выбар іх сярод мясцовых прадпрыемстваў даволі нізкі, таму прыходзіцца шукаць за межамі краіны. А між тым, часу застаецца ўсё менш. Першую чаргу рэканструкцыі намечана завяршыць на будучы год.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Дэкор, яшчэ дэкор...

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.