Вы тут

Наколькі зараз актуальны погляды Махатмы Гандзі?


Аднойчы індыйскі лідар Махатма Гандзі садзіўся ў цягнік. Адна з яго сандаляў зляцела з нагі і ўпала на зямлю. Цягнік ужо пачынаў рух, і не было ніякай магчымасці падняць яе. Тады Гандзі, не раздумваючы, скінуў на зямлю і другую сандалю. На пытанне сябра пра свой учынак ён адказаў, што адна сандаля не прынясе яму ніякай карысці, а дзве сандалі абавязкова каму-небудзь спатрэбяцца. Гэту гісторыю прыводзіць на старонках сваёй кнігі «Мудрасць будучыні» гарвардскі прафесар Дэвід Перкінс. Часцей за ўсё яе ўспрымаюць як прыклад шчодрасці, але насамрэч яна пра іншае — пра разуменне таго, што трэба людзям, і пра ўменне хутка знаходзіць правільнае рашэнне...


Місія — злучаць пакаленні

Мінулай восенню ў Мінску на тэрыторыі Лошыцкага сядзібна-паркавага комплексу прайшла ўрачыстая цырымонія пасадкі дрэў, прымеркаваная да 150-годдзя з дня нараджэння выдатнага індыйскага палітычнага і грамадскага дзеяча, чалавека свету Махатмы Гандзі. Яго філасофія ненасілля аказала значны ўплыў на рух прыхільнікаў мірных перамен. Але Махатма Гандзі быў яшчэ і выдатным педагогам, які сцвярджаў, што ў адукацыі заключаецца адзіна магчымы шлях негвалтоўнага змянення свету. Яго педагагічная спадчына складае больш за 400 крыніц, сярод якіх восем кніг, буквар, сотні артыкулаў і публічных выступленняў.

«Адукацыя можа даць вынікі, якіх нельга дасягнуць прымяненнем любой сілы», — лічыў Гандзі. Сімвалічна, што помнік яму некалькі гадоў таму з'явіўся ва ўнутраным дворыку Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, дзе стаў першым манументам у галерэі вядомых дзеячаў сусветнай палітыкі і навукі.

Арыгінальная і самабытная педагогіка Гандзі з'яўляецца шмат у чым аўтарскай, яна арыентаваная на агульначалавечыя каштоўнасці, што прадвызначае іх вечную актуальнасць. Першая місія адукацыі — злучаць пакаленні, перадаваць назапашаны стагоддзямі вопыт, забяспечваць пераемнасць у развіцці культуры і цывілізацыі. Гандзі лічыў, што з гэтай функцыяй цалкам спраўлялася традыцыйная сістэма адукацыі Індыі. А вось парушэнне пераемнасці развіцця можа прывесці да «трансплантацыі» на нацыянальную глебу чужой сістэмы каштоўнасцяў і прынцыпаў.

На думку Гандзі, важную ролю адукацыя мае і для забеспячэння паступальнага і прагрэсіўнага развіцця краіны. Старанна ўлоўліваючы змены, прадыктаваныя жыццём, яна павінна рыхтаваць да перамен людзей і дапамагаць ім прымаць правільныя рашэнні.

У лютым 1926 года для педагагічнага дадатку газеты «Наваджыван» Гандзі напісаў артыкул «Што такое адукацыя?» Адказваючы на пастаўленае ў загалоўку пытанне, ён выказаў думку, што этымалагічна англійскае слова «еduсаtіоn» азначае «выцягванне вонкі», маючы на ўвазе спробу развіцця схаваных талентаў. Галоўная мэта ўсяго адукацыйнага працэсу — «прыкласці намаганні, каб дастаць усё самае лепшае, што ёсць у навучэнцаў, звяртаючыся да іх сэрцаў і розуму». Пры гэтым асноўная роля адводзілася фарміраванню маральнага стрыжня. «На вучнях ляжыць, мабыць, самая вялікая адказнасць. Будучыня залежыць ад іх жадання, сумленнасці, стараннасці і патрыятызму. Настаўнікі не могуць даць таго, чаго няма ў вучняў, а могуць толькі дапамагчы «выцягнуць вонкі» тое, што ў іх ёсць.

Якія веды найбольш каштоўныя?

Асаблівую ўвагу хочацца звярнуць на разуменне Гандзі вынікаў адукацыйнай дзейнасці — тое, што ў сучаснай педагогіцы называюць кампетэнт-
насным падыходам, калі на змену «ведам, уменням, навыкам» прыходзяць кампетэнцыі...

Махатма Гандзі пісаў: «Веды, атрыманыя праз вопыт, куды больш каштоўныя і нашмат больш карысныя, чым кніжныя. Наконт гэтага ў мяне няма сумненняў». Акрамя таго, да вынікаў адукацыйнай дзейнасці Гандзі адносіў дасягненне пэўнага (пажадана высокага) узроўню сфарміраванасці маральнага характару ў чалавека (сацыяльна-асобасныя кампетэнцыі), дастатковага ўзроўню авалодання мастацтвам карміць сябе (гэта значыць, самастойна зарабляць сабе на жыццё). А таксама «быць упэўненым у сабе» (што прадугледжвала ўменне самому забяспечваць задавальненне сваіх патрэб, каб ні ад каго не залежаць). Гандзі выказаўся і за неабходнасць пашырэння часавых рамак мэтанакіраванай адукацыі. Такім чынам, намнога апярэдзіўшы час, менавіта Гандзі першы сфармуляваў актуальную і агульнапрызнаную сёння канцэпцыю «адукацыі праз усё жыццё».

Ён неаднаразова падкрэсліваў, што галоўная праблема адукацыі не столькі ў тым, каб вырашыць, чаму і як вучыць, колькі ў тым, дзе ўзяць добрых настаўнікаў, каб ажыццявіць задуманае на практыцы. Такім чынам, у цэнтры педагагічнай сістэмы Гандзі стаіць педагог. У адным са сваіх артыкулаў ён пісаў: «Палітык можа дасягнуць сваёй мэты, нават калі ў яго і няма характару, але народны настаўнік не можа абысціся без характару. Настаўнік без характару, што соль без смаку». Цікава, што яшчэ ў старажытнай Індыі адрознівалі тры катэгорыі педагогаў: выкладчык, які транслюе веды, настаўнік, які навучае і выхоўвае, і гуру (педагог самага высокага рангу).

Каб свет не аслеп

Наведваючы мемарыял Махатмы Гандзі ў Нью-Дэлі, Генеральны сакратар ААН Антоніу Гутэрыш назваў яго «найвялікшай» асобай. «Міжнародны дзень ненасілля (2 кастрычніка — Дзень нараджэння Махатмы Гандзі) — гэта даніна памяці найвялікшаму чалавеку з усіх, якія жылі на Зямлі, — падкрэсліў кіраўнік ААН. — На пасадзе Генеральнага сакратара я магу толькі спадзявацца, што ўсе, хто надзелены палітычнай уладай, змогуць падняцца да ўзроўню Махатмы Гандзі і зразумець, што дасягнуць мэты можна шляхам дыялогу, захоўваючы прыхільнасць праўдзе і дзейнічаючы ў інтарэсах іншых. Гандзі даказаў, што «ненасілле можа змяніць ход гісторыі».

Напрыканцы прапаную прыгадаць гісторыю аб цягніку і сандалі Mахатма Гандзі. Што пакінуць, а ад чаго адмовіцца? Вось галоўныя пытанні, на якія мы павінны знайсці адказ, калі выбіраем сённяшнім навучэнцам і студэнтам «сандалі», патрэбныя ім для падарожжа ў будучыню. Устаноўку індыйскага педагагічнага Гуру — «жыць правільна, думаць правільна, рабіць правільна» — складана пераацаніць, як і яго перасцярогу, што прынцып «вока за вока» можа зрабіць увесь свет сляпым.

Ігар ГАНЧАРОНАК, прафесар, старшыня праўлення Таварыства дружбы «Беларусь — Індыя»

Загаловак у газеце: «Настаўнік без характару, што соль без смаку»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».