Вы тут

Навум Гальпяровіч. Гонар беларускага музычнага мастацтва


Аднойчы, калі я быў уласным карэспандэнтам Дзяржтэлерадыё, мой добры таварыш Віця Цыганкоў, жонка якога працавала выкладчыцай у Наваполацкім музычным вучылішчы параіў: «Расказаў бы ты па рэспубліканскім радыё пра ўнікальнага хлопчыка-баяніста Уладзіка Плігаўку. Міхаіл Іванавіч Івашкін узяў яго ў наша вучылішча, калі яму споўнілася пяць гадоў! Такога яшчэ не было!»

Сапраўды, я быў здзіўлены і заінтрыгаваны. Івашкіна я ведаў як цудоўнага педагога, вельмі інтэлігентнага, адукаванага чалавека. І, адшукаўшы яго тэлефон, папрасіў пазнаёміць мяне з яго юным выхаванцам. Ці мог я тады ўявіць, што ціхі бялявы хлопчык, які прыйдзе разам з настаўнікам на карпункт беларускага радыё, стане гонарам нашай музычнай культуры, уладальнікам «Кубка свету» на конкурсе ў Шатландыі, Гран-пры на міжнародным конкурсе ў Балгарыі, першай прэміі на Вышэйшай лізе акардэоннага майстэрства ў Кіеве, лаўрэатам міжнародных конкурсах ў Парыжы, Маскве, Пекіне?..

А тады больш гаварыў Міхаіл Іванавіч. Уладзік жа адказваў на пытанні ціхім голасам, яўна саромеючыся. Я звярнуў увагу, што на яго баяне нязвыклая клавіятура.

— Спецыяльна зрабілі пад левую руку, — патлумачыў Івашкін. Адчувалася, што ён вельмі любіць і ганарыцца сваім выхаванцам. Што ж, гэты выдатны спецыяліст выхаваў нямала таленавітых музыкантаў, але слава Уладзіслава Плігаўкі зрабіла найбольш яркую старонку ў паслужным спісе педагога.

Мала хто мог уявіць, каб сямігадовы хлопчык выканаў на баяне фартэпіянны «Дзіцячы альбом» Пятра Чайкоўскага, што складаецца з 24-х п’ес і доўжыцца больш за гадзіну. Дарэчы, далейшы шлях юнага музыканта быў звязаны таксама з земляком з Полацка, выдатным баяністам Мікалаем Сеўруковым, выкладчыкам Беларускай акадэміі музыкі.

А сёння і сам Уладзіслаў прыходзіць у класы акадэміі, каб выхоўваць будучых музыкантаў. Любоў да музыкі, асновы майстэрства Плігаўку прывілі з самых першых гадоў жыцця бацькі-музыканты. У іх доме ў Полацку беражна захоўваецца старажытны раяль, прывезены з Баку ад дзядулі. А тата і мама — самі педагогі-музыканты, таму хлопчык рос у музычным асяроддзі. Сёння графік выступленняў беларускага музыканта распісаны на многія месяцы наперад. Дарэчы, я вычытаў такі цікавы факт: у Партугаліі адзін прыхільнік яго таленту скупіў усе білеты на канцэрт Плігаўкі, каб атрымліваць асалоду ад яго майстэрства аднаму.

Уладзіслаў лаўрэат больш як сарака прэстыжных міжнародных конкурсаў, ажно 14 разоў станавіўся стыпендыятам і лаўрэатам спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. І, успамінаючы нашу першую сустрэчу, я цешуся, што некалі паспрыяў вядомасці майго земляка, здолеў пазнаёміць нашых беларускім слухачоў з будучым віртуозам-музыкантам.

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.