Вы тут

Яўген Ляцкі. Еўрапейскі праваднік беларушчыны


Адным з нямногіх вельмі аўтарытэтных, палітычна не ангажаваных навукоўцаў, якія ў 1920-я гады вялі сістэмную работу ў напрамку папулярызацыі беларускай культуры ў краінах Еўропы, быў прафесар Яўген Аляксандравіч Ляцкі (1868—1942) — фалькларыст, літаратуразнаўца, пісьменнік.


Яго даследчыцкае прызнанне адбылося ў Расійскай імперыі ў канцы ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя. З 1922 года Яўген Ляцкі жыў у Празе, працаваў у Карлавым універсітэце, узначальваў выдавецтва «Пламя», быў куратарам беларускага студэнцтва. Знаёмства з гэтай уплывовай асобай шукалі многія эмігранты, рэгулярную перапіску з ім вялі выбітныя прадстаўнікі рускай літаратуры: Аляксандр Купрын, Зінаіда Гіпіус, Дзмітрый Меражкоўскі, Уладзіслаў Хадасевіч, Марына Цвятаева, Надзея Тэфі і інш.

Доўгі час у гісторыі беларускай навукі Яўген Ляцкі пазіцыянаваўся выключна як фалькларыст. Напрыклад, Ніл Гілевіч у сваёй кнізе «З клопатам пра песні народа. Кароткі нарыс гісторыі і даследавання беларускіх народных песень» (Мінск, БДУ, 1970) даў наступную характарыстыку працы вучонага, апублікаванай у «Известиях Отделения русского языка и словесности Императорской академии наук» (1904, т. ІХ, кн. 4): «…яго запісы каштоўныя не толькі як матэрыял для вывучэння жывой народнай мовы — яны маюць і немалую мастацкую вартасць»; «Не будзе лішнім заўважыць, што запісаны песні якраз у тых мясцінах, дзе ў дзіцячым і юнацкім узросце іх слухаў і ўбіраў у сэрца будучы вялікі пясняр Беларусі Янка Купала». Нагадаем, што сам збіральнік вусна-паэтычнай творчасці нарадзіўся ў Мінску, у аўтабіяграфіі настальгічна-ўзрушана адзначаў: «Я провел раннее детство в зеленой сказке необъятных лесов — минской Белоруссии».

У чэшскі перыяд жыцця і творчасці допісы Яўгена Ляцкага пра Беларусь рэгулярна змяшчаліся ў славістычных выданнях Чэхаславакіі, Італіі, Францыі, Швецыі, Англіі, але толькі некаторыя з іх сталі аб’ектамі ўвагі спецыялістаў. Спадчына Яўгена Ляцкага спакваля выяўляецца і вяртаецца ў Беларусь, што стварае глебу для яе комплекснага даследавання і аналітычнага асэнсавання. Праўда, за апошнія 20 гадоў адбываецца гэта спарадычна і, як правіла, вакольнымі шляхамі: праз аглядны артыкул Івана Цішчанкі («Полымя», 1999, № 1); зборнік матэрыялаў да біяграфіі, падрыхтаваны расійскім беларусістам Сяргеем Міхальчанкам (Бранск, 2000); манаграфію Марыны Чмаравай (Магілёў, 2004); тэматычны артыкул маскоўскага калегі Аляксандра Жыгалава («Русская речь», 2014, № 1); пераклады з італьянскай Аксаны Данільчык («Запісы 39» БІНІМа, 2017).

У распараджэнні аўтара гэтых радкоў аказалася каля сотні сканаваных старонак рукапісаў і дакументаў з Літаратурнага архіва ў Празе (фонд Яўгена Ляцкага), публікацыя некаторых з іх ажыццёўлена намі ў часопісе «Нёман» (2018, № 12). Аб’ёмістая фактура першакрыніц узнаўляе цэлую сістэму асобасных узаемадачыненняў, міжнароднага супрацоўніцтва, індывідуальна-аўтарскай творчасці. Разам з ужо вядомымі фактамі гэта стварае цікавую фактаграфічную панараму часу, з усімі яго праблемамі, клопатамі, заваёвамі і стратамі.

Нашы ў Празе

Беларуская грамадска-культурная чыннасць у Чэхаславацкай рэспубліцы (ЧСР) міжваеннага перыяду — з’ява беспрэцэдэнтная і вельмі адметная як у нацыянальнай гісторыі, так і ў летапісе міжнародных культурных узаемадачыненняў. Яна звязана з новым узроўнем культурнай ідэнтыфікацыі, супрацоўніцтва, актуалізаваных у многіх еўрапейскіх народаў працэсаў уласнай дзяржаватворчасці. Невыпадкова гэту краіну часта называлі Еўропай у мініяцюры або Славянскай Меккай.

Прага — адзін з цэнтраў эміграцыі з былой Расійскай імперыі. Акрамя выдатных чэшскіх, нямецкіх спецыялістаў тут актыўна працавалі рускія і ўкраінскія інтэлектулы, якія яшчэ ў часы Расійскай імперыі ў многім вызначалі развіццё гуманітарнай навукі, ход славістычных (літаратуразнаўчых, гістарычных, фалькларыстычных) даследаванняў. Невыпадкова ў эмігранцкім асяроддзі Карлаў універсітэт часта называлі «Рускім Оксфардам».

Беларуская грамадска-культурная чыннасць у ЧСР колькасна і «якасна» вельмі моцна саступала рускай і ўкраінскай, ды і па сацыяльным складзе адрозненне было відавочнае. З аднаго боку — прафесура, былыя афіцэры, вядомыя пісьменнікі; з другога — у асноўным небагатыя выхадцы з сялянскіх мас Заходняй Беларусі, якія насуперак перашкодам афіцыйнай Польшчы наважыліся атрымаць вышэйшую адукацыю ў неблагіх умовах, гарантаваных спецыяльнай урадавай праграмай Прагі. Курс на нацыянальную ідэнтычнасць беларусам даводзілася ажыццяўляць ва ўмовах унікальнай «канцэнтраванасці» інтэлектуальных эліт і розных поглядаў на нацыянальнае пытанне, палітычнай размежаванасці.

Гэтая сітуацыя выдатна абмалявана ў рамане Віктара Вальтара «Роджаныя пад Сатурнам» (1931). Адзін з эпізодаў эпічнага твора прадстаўляе славянскую вечарыну, арганізаваную з запрашэннем ганаровых гасцей — універсітэцкай прафесуры. У праграме разам з прафесійнымі выканаўчымі калектывамі заяўлены самадзейны хор беларускіх студэнтаў. Выступаць давялося пасля знакамітага чэшскага квартэта, пачуццё адказнасці і псіхалагічная напружанасць ад гэтага толькі ўзмацніліся: «У гэты час падняўся на сцэну высокі і прыгожы прафесар Ляцкі. Ён паведаміў прысутным, што зараз выступяць беларусы, што беларусы — адзін з славянскіх народаў, які мы яшчэ мала ведаем. Ён доўга гутарыў аб беларусах, аб беларускай літаратуры, аб беларускім руху».

Славістычныя форумы

Прага здаўна сцвердзілася як адзін з цэнтраў славянства. У міжваенны перыяд гэтае рэнамэ падмацоўвалася шэрагам міжнародных ініцыятыў. У 1924 годзе тут быў праведзены з’езд славянскіх этнографаў і географаў, на якім Расійскую акадэмію навук прадстаўляў Яўхім Карскі. Уладзімір Жылка, студэнт філасофскага факультэта Карлавага ўніверсітэта, пісаў Антону Луцкевічу ў Вільню 24 чэрвеня 1924 года: «Карскі дзяржаўся вельмі хораша і крытычна да саввлады і заставіў добрае ўражанне на прысутных сваёй незалежнасцю і нат (як ні дзіўна)… беларускасцю»; «На пытанне аб літаратурным жыцці даслоўны адказ Карскага: “— Купала, кажуць, п’ець, а вось Каласок наш расце; цяпер можна смела сказаць, што светавая велічына”».

Яўген Ляцкі напісаў станоўчую рэцэнзію на трэці том «Беларусаў» Яўхіма Карскага, выдадзены ў Петраградзе ў двух выпусках (1921, 1922). Яе рукапіс захоўваецца ў Літаратурным архіве ў Празе, а выдавецкі лёс пакуль што не вядомы. Паводле назіранняў гісторыка мовазнаўства Дзмітрыя Дзятко, менавіта ў гэты час у Савецкім Саюзе на Карскага ўздымаецца хваля афіцыйнай, публічнай дыскрэдытацыі. У 1929 годзе, калі ў Празе адбудзецца першы міжнародны з’езд славістаў, Яўхім Карскі стане акадэмікам Чэшскай акадэміі навук.

У 1926 годзе афіцыйным лістом кіраўніцтва Інбелкульта Яўген Ляцкі ў ліку вядучых еўрапейскіх славістаў быў запрошаны ў Мінск на Акадэмічную канферэнцыю па рэформе беларускага правапісу і азбукі. Прафесар паехаць не змог, а чарнавік яго ліста з пражскага архіва нечакана прадстаўляе нам беларускамоўнага Яўгена Ляцкага:

Я надзвычай пацешаны запрошаннем камітэта… і прашу прыняць маю шчырую ўдзячнасць. Сочучы з найвялікшай увагай за культурнымі дасягненнямі майго роднага краю, радуюся яго поспехам і жадаю самых спрыяючых варункаў для іх дальнейшага развіцця. Шчыра шкадую, што мае універсітэцкія абавязкі ў Празе перашкаджаюць мне асабіста прыняць удзел у гэтым з’езду. Але спадзяюся, што абставіны дазволяць мне ў бліжэйшым будучым асабіста пазнаёміцца з тымі дзеячамі, якія кладуць такі бліскучы пачатак будучаму слаўнаму развіццю беларускай культуры.

Зайздрошчу тым, хто мае шчасце быць у сучасны момант яе будаўнікамі. Прашу Вас, Грамадзянін Старшыня, прыняць і перадаць зьезду маё гарачае прывітанне.

Аўгень Ляцкі.

На мінскай канферэнцыі ў прывітальным слове ад імя рэдакцыі часопіса «Прамень» і беларускага студэнцтва ў Чэхаславакіі Уладзімір Жылка адначыў наступнае: «…там у нас на Захадзе, дзе ідзе цяжкае змаганне ня толькі за сваю культуру, але і за нацыянальнае існаванне, за права “людзьмі звацца”, там к здабыткам беларускай навукі асабліва прыслухоўваюцца. Кожны новы крок, кожны новы поспех беларускай культуры з’яўляецца там, на Захадзе, новай сілаю, новай зброяй у руках беларускіх мас, якія ў апошнія гады паднялі сцяг змагання».

Спачатку было «Слова…»

Шырокая вядомасць і непахісны аўтарытэт помніка старажытнарускай пісьменнасці, даследаваннем і выданнем якога займаўся Я. Ляцкі, даюць магчымасць наглядна праілюстраваць спецыфіку навуковых падыходаў даследчыка і гістарычнае значэнне вынікаў яго працы ў еўрапейскім маштабе рэтраспектыўнага бачання.

Прафесар Карлавага ўніверсітэта апублікаваў шэраг сваіх прац, прысвечаных «Слову пра паход Ігаравы» ў Чэхаславакіі і Югаславіі, быў навуковым кіраўніком доктарскай дысертацыі Любові Вернікоўскай «“Слова…” як мастацкі і гістарычны помнік», абароненай у 1930 годзе.

Спробы праясніць некаторыя «цёмныя месцы» помніка знаходзім у перапісцы з Вацлавам Ластоўскім, які ў лісце ад 26 чэрвеня 1926 года пісаў свайму пражскаму калегу: «…упамінаецца “бусово время”. Гэты зварот “Слова”, здаецца, тлумачыць запісаны ў б. Новааляксандраўскім павеце зварот крыўскай мовы. Там называюць час і працэс налівання і даспявання ягад і зярна словам “бусьнець”. Дык “бусово время” павінна значыць час даспявання, набірання паўнаты і росквіту пладародных сіл».

Звароты «Паважаны грамадзянін!» або «Вельмі паважаны Пане Прафэсару!» адразу сведчылі пра грамадскі лад краіны паходжання карэспандэнцыі.

У Літаратурным архіве (Прага) захоўваюцца два лісты Цішкі Гартнага да Яўгена Ляцкага. Адзін напісаны па-руску і датаваны 19 лістапада 1925 года. У ім выказваецца спадзяванне, што пражскі адрасат пры больш спрыяльных умовах выдасць зборнік артыкулаў мінскага просьбіта. Другі, недатаваны, аформлены надзвычай ліберальна, з многімі праўкамі. Адрасант, які на той час узначальваў шэраг устаноў (Дзяржвыдавецтва, Галоўмастацтва, Цэнтральны архіў БССР), меў высокія пасады, замяніў іх пералік шматкроп’ем:

Старшыня…

Цішка Гартны

Паважаны Грамадзянін!

Ня ведаю, ці атрымалі Вы майго ліста, які я адрасаваў на Ваша імя. У ім я дзякаваў Вам за прысланыя кнігі. Чытаючы іх, ізноў звяртаюся думкай да Вас і яшчэ раз адчуваю патрэбу шчыра падзякаваць Вам за тую радасць, якую дае мне беларуская творчасць на нашай мілай мове.

Пастараюся, каб аб гэтых кнігах даведаліся і іншыя, што ня ўмеюць чытаць па-беларуску.

Жадаю Вам добрага поспеху ў Вашых пісьменніцкіх справах і культурнай працы.

Беларусазнаўчы плён Яўгена Ляцкага прадстаўлены ў рукапісах дзясяткаў артыкулаў, еўрапейскі публікацыйны лёс многіх з іх чакае свайго даследавання. Шаноўны прафесар рэпрэзентаваў беларускую літаратурную класіку, поспехі нацыянальнага культурнага будаўніцтва, арганічна ўлучаў найноўшыя беларускія даследаванні ва ўстаялую славістычную традыцыю, сучасны навуковы дыскурс. Вынікі яго працы маглі б скласці аб’ёмісты том публікацый, стаць гісторыяй і ўзорам культурнай дыпламатыі.

Мікола ТРУС, дактарант Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы НАН Беларусі, кандыдат філалагічных навук, дацэнт

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?