Напрыканцы 2018 года выйшла з друку паэма Якуба Коласа «Сымон-музыка» ў першай рэдакцыі, акурат да 100-годдзя яе стварэння. Гэта выданне з серыі «Без цэнзуры» адметнае тым, што магчыма прасачыць, як паэт працаваў, дакладней, перапрацоўваў паэму ў наступныя гады. Да выдання спрычынілася шмат неабыякавых. Ідэю выдання першай рэдакцыі «Сымона-музыкі» асобнай кнігай даўно выказваў малодшы сын песняра Міхась Канстанцінавіч Міцкевіч, які напісаў да яе натхнёную прадмову. Ідэю падхапіў і выступіў каардынатарам праекта Глеб Лабадзенка. Укладальніку кнігі Анатолю Трафімчыку, які прарабіў значную частку работы, аказвалі дапамогу ў наборы тэксту з захаваннем асаблівасцяў арфаграфіі 49 валанцёраў. Мастак вокладкі Зміцер Гулянец максімальна насыціў яе інфармацыяй. Кніга аздоблена ілюстратыўным матэрыялам, выдадзена накладам 500 асобнікаў на мелаванай паперы і, як заўялена ўкладальнікам, прызначана шырокаму колу чытачоў, мае папулярны характар. І гэта вельмі добра.
Але ў гэтую бочку мёду дабаўлена і лыжка дзёгцю. Маю на ўвазе аж 33 старонкі пасляслоўя (паслямовы) укладальніка пад назвай «“Кругі пакуты і блукання” “Сымона-музыкі” (яшчэ раз пра гісторыю твора: умовы і фактары ўзнікнення)». Заўважым, «яшчэ раз». Пад рознымі назвамі загалоўкаў і падраздзелаў адно і тое ж Анатоль Віктаравіч перадрукоўвае з артыкулаў у кнігі на працягу чатырох гадоў: газетныя публікацыі і інтэрв’ю, часопіс «Полымя» № 6 за 2015 год, кнігі «Колас зямлі беларускай: дапаможнік для настаўнікаў» (2017), «Крыніцы паэтычнага натхнення: перадумовы стварэння класічных твораў Якуба Коласа» (2017). Разлік на сенсацыйнасць амбіцыйных высноў не спраўдзіўся, таму ўкладальнік вырашыў паўтарыцца і ў гэтым, заўважым, літаратурна-мастацкім выданні для шырокага кола чытачоў.
Сутнасць высноў А. Трафімчыка зводзіцца да наступнага:
Карацей кажучы, ніякага крадзяжу рукапісу не было, Колас хлусіў пра гэты выпадак і надалей усё жыццё, жонка паэта не магла дапамагаць яму аднаўляць паэму, так званай трэцяй рэдакцыі не было. А каментарыі аддзела тэксталогіі акадэмічнага Інстытута літаратуразнаўства да 9-га тома 20-томнага збору твораў Якуба Коласа, у які ўключаны трэцяя, першая рэдакцыі і розныя варыянты паэмы «Сымон-музыка» (рэдактар тома М. І. Мушынскі), не выклікаюць у А. Трафімчыка даверу. Затое, на думку ўкладальніка, Якуб Колас выступіў у ролі ледзь не Настрадамуса, бабы Вангі ці Паўла Глобы, быццам прадказаўшы расстрэл апошняга расійскага цара. Ну чым не сенсацыя і як «абагацілася» коласазнаўства!
На старонках пасляслоўя А. Трафімчык прыводзіць словы малодшага сына песняра Міхася Канстанцінавіча «Колас ніколі не лгаў», але тут жа дапускае, што крадзеж рукапісу паэмы ў 1924 годзе — «усяго толькі невялікая алегорыя». Міхась Канстанцінавіч нарадзіўся ў 1926 годзе, шмат робіць для захавання памяці пра свайго бацьку і дай Бог яму яшчэ радаваць нас сваёю прысутнасцю. А вось яго старэйшаму брату Данілу Канстанцінавічу ў 1924 годзе было 10 гадоў і ён цудоўна памятаў гэту гісторыю, пра што занатавана ў ягонай кнізе «Любіць і помніць. Успамінае сын Якуба Коласа»: «Пасля выхаду ў свет паэмы “Новая зямля” (да 1 ліпеня 1923 года) у верасні-снежні таго ж года Колас прыступіў да карэннай перапрацоўкі “Сымона-музыкі”», гэта азначае, што перастварэнне паэмы адбывалася на працягу 6—9 месяцаў да ад’езду на лячэнне ў Кіславодск. А першым слухачом і крытыкам была жонка Марыя Дзмітрыеўна, якая мела выдатную памяць настаўніцы і з лёгкасцю запамінала тэкст. Дарэчы, Даніла Канстанцінавіч нам дома не раз апавядаў пра гэта. Нават яму, хлапчуку, запомнілася, як перажываў тады яго бацька: «У жніўні 1924 года Колас пачынае працу над трэцяй рэдакцыяй паэмы. Памятаю, што ў нас дома ўсе ўспрынялі гэту страту як вялікае няшчасце. Бацька многае аднаўляў у памяці, часамі памагала і мама, якой першай чыталася паэма».
Разважанні аўтара пасляслоўя пра незахаванасць чарнавікоў паэмы і для каго прызначалася памета Коласа трохгадовай даўнасці пра крадзеж на лісце да жонкі выглядаюць па меншай меры дзіўнымі. А з чым жа паехаў на курорт паэт, каб працаваць над завяршэннем паэмы? Якуб Колас памятаў пра гэта прыкрае здарэнне ўсё жыццё. А памету летам 1927 года на палях свайго ліста да жонкі з Кіславодска ён хутчэй за ўсё рабіў, парадкуючы рукапісы, кнігі, рэчы перад пераездам у свой уласны дом на Вайсковым завулку, які адбыўся ўвосень 1927 года. Дарэчы, якраз лісты Коласа да жонкі 1923—1926 гадоў дайшлі да нашых дзён таксама ў выніку... крадзяжу! Вельмі прафесійнаму крадзяжу, бо яны апынуліся ў Л. А. Бэндэ перад вайной (цяпер арыгіналы знаходзяцца ў Інстытуце расійскай літаратуры РАН, у Санкт-Пецярбургу). У лісце ад 31 сакавіка 1941 года Якуб Колас запытаў у Бэндэ: «Меня интересует, как очутились у Вас мои 29 писем?». Вось дзе дэтэктыўная гісторыя!
Чарнавыя ці чыставыя рукапісы твораў Коласа 1920-х гадоў можна пералічыць па пальцах. Усё, што было ў доме паэта, загінула 24 чэрвеня 1941 года.
А вось, цытую А. Трафімчыка, «збярогся, перажыўшы ўсе віхуры часу нават рукапіс першай рэдакцыі “Сымона”». Як? Выключна дзякуючы Коласавай шчодрасці. Паэт падараваў гэты каштоўны сшытачак прафесару хіміі Белдзяржуніверсітэта Б. М. Беркенгейму, калі той ад’язджаў на працу ў Маскву. А колькі кніг і ўнікальных фотаздымкаў, што былі падпісаны і падараваны Коласам сваім блізкім, сябрам і знаёмым, вярнулася пасля ў дом песняра.
Калі звяртацца да асобы Радзівона Канстанцінавіча Шукевіча-Траццякова, то зазначу, што яго біяграфія вывучана даволі павярхоўна і яшчэ патрабуе даследавання як асобы з акружэння песняра. Нават месца яго нараджэння ў даведніках і энцыклапедыях не супадае з сапраўдным і занатаваным уласнай рукою Р. К. Шукевіча-Траццякова ў дакументах пачатку 1920-х гадоў, што захоўваюцца ў Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь. У сапраўднасці Р. К. Шукевіч-Траццякоў нарадзіўся ў сяле Сотніцкае (цяпер назва іншая) Суджанскага павета Курскай губерні, а не на тэрыторыі Беларусі. Гэта прыблізна за 60—70 кіламетраў ад курскай Абаяні, адкуль зусім нядаўна, вясною 1921 года, вярнуўся на Бацькаўшчыну Якуб Колас. Лагічным бачацца іх сустрэчы на курорце і ў размовах, і за шахматамі (Шукевіч-Траццякоў быў прафесійным шахматыстам), і, зразумела, Колас даваў чытаць «Сымона-музыку» старшыні Галоўліта. Магчыма, гэта было нават у інтарэсах Якуба Коласа: пасля вяртання ў Мінск усё роўна трэба было б аддаваць паэму ў цэнзуру, а тут старшыня Галоўліта яе прачытаў, у цэлым гэтая (другая) рэдакцыя Коласавай паэмы яго задаволіла, пасля прыезду хутка аформілі б пратаколам і здалі ў друк. Р. К. Шукевіч-Траццякоў быў не з горшых рэдактараў. Акрамя беларускай і расійскай ён валодаў нямецкай, французскай, італьянскай, польскай мовамі, вывучаў эсперанта.
У тым жа 1924 годзе Р. К. Шукевіча-Траццякова перавялі на іншую працу. Да беларускіх пісьменнікаў, і ў прыватнасці да Якуба Коласа, ён ставіўся прыязна. Напрыклад, калі ў 1926 годзе святкавалі 20-годдзе творчай дзейнасці Коласа, у «Чырвоным сейбіце», дадатку газеты «Беларуская вёска», яе галоўны рэдактар ШукевічТраццякоў пісаў: «...ад “Палескай глушы” Колас пакуль што не дайшоў да сучасных падзей... Ён дойдзе да іх пазней, калі сучасныя дні ўжо стануць гісторыяй. Але адаб’е іх у сваіх творах і як добры мастак, і як праўдзівы летапісец... Не перашкаджайце ж Коласу!».
Цяпер што датычыць эпізоду вяртання Коласа з курорта дадому. Крадзяжы на чыгунцы былі звычайнай справай у першыя гады станаўлення краіны Саветаў, ды і ў пазнейшыя часы. Вось што пісаў Колас жонцы з наступнага каўказскага адпачынку ў 1926 годзе з Есентукоў: «У дарозе нічога асаблівага не здарылася. Заходзілі тры разы жулікі, укралі з нашага купэ туфлі ў аднае дзяўчыны з Бабруйска…Праўда, яго зараз жа, на першай астаноўцы, злавілі і адабралі туфлі» і далей пра іншыя здарэнні. А вось самому Коласу ў 1924 годзе, на жаль, не пашанцавала: яго скрадзены багаж па гарачых слядах не адшукалі.
Чамадан, з якім ездзіў у Кіславодск паэт, сапраўды быў цяжкі. У ім былі не толькі побытавыя рэчы і рукапісы другой рэдакцыі паэмы, але і добры дзясятак кніг («Новая зямля», «Казкі жыцця», «У палескай глушы» і інш.) і часопісаў. Амаль у кожным лісце да жонкі з Кіславодска Колас паведамляў, што ці ён сам чытае свае творы курортнай публіцы, ці кнігі ў яго для чытання бяруць. Так, чамадан сапраўды быў цяжкі для Коласа, які важыў на той час 61 кілаграмаў (гэта пры росце 179 см) і пакутаваў ад язвы страўніка. Вагу паэта можна вылічыць з яго лістоў, бо яна пададзена як 3 пуды 28 фунтаў 92 залатнікі! У адным з такіх лістоў да жонкі Колас напісаў: «Я ніяк не прыбываю… Пісаў мне Некрашэвіч. Ён пажартаваў з мае лёгкасці. Кажа, у гэтым ёсць і добры бок: можна залезці на Казбек, уставіць пяро і паляцець у Мінск». А вось для злодзея-бамбізы ці групы зладзюг чамадан наўрад ці быў цяжкі. Калі цяжкі, значыць, ёсць чым пажывіцца, — такі быў разлік.
Напалохаўся А. Трафімчык з’яўленнем супрацоўніка ГПУ (у сапраўднасці — АДПУ: у лістападзе 1923 года Галоўнае палітычнае ўпраўленне было пераўтворана ў Аб’яднанае дзяржаўнае палітычнае ўпраўленне) на этапе пошукаў чамадана. Гэта не «сведчанне палітычнай важнасці справы», як мроіцца аўтару пасляслоўя, а звычайная працэдура на чыгунцы ў той час. Калі казаць сучаснай мовай, функцыі транспартнай міліцыі тады выконвалі супрацоўнікі (агенты) АДПУ. Як вядома, Якуба Коласа абакралі на станцыі Ціхарэцкая, ён сышоў з цягніка на наступнай — Растоў-на-Доне, дзе на пару дзён спыніўся ў свайго даўняга сябра Якава Бязмена. Ведаючы, што ёсць, дзе спыніцца, Колас сышоў з цягніка, мяркую, каб заявіць аб крадзяжы багажу. Ён меў вялікае спадзяванне, што ўдасца хутка злавіць зладзюг і вярнуць дапрацаваную і прачытаную цэнзарам другую рэдакцыю паэмы, ну, каму ж патрэбны рукапісы!
Амаль праз месяц марнага чакання вынікаў пошукаў Колас з Мінска напісаў Бязмену: «навядзі ты спраўкі на ст.[анцыі] Растоў-на-Д.[оне] у агента ГПУ Мажарава... Рукапіс гэты выбіў мяне з сядла, дык парупся, браток». Звяртаем увагу — «на станцыі»: гэта чыгуначная станцыя, дзе рознымі здарэннямі займалася адпаведнае ведамства.
Далей Якубу Коласу давялося ў сціслыя тэрміны за чатыры — чатыры з паловай месяца аднаўляць паэму, пра што згадвалася вышэй. Ніякіх тут нестыковак, як піша ўкладальнік «Сымона-музыкі. Без цэнзуры», не было. У кнізе «Сымон-музыка» 1925 года ў прадмове ад выдавецтва на старонцы 3 чытаем: «Але Я. Колас не спыняецца перад такой цяжкай няўдачай. Ён мужна прыступае зноў да паэмы, і к пачатку 1925 г. з-пад яго пяра выходзіць “Сымон-музыка” ў трэцяй рэдакцыі». Заўважым, «да пачатку 1925 года». Рукапіс трэцяй рэдакцыі паэмы быў здадзены ў друкарню ў чэрвені 1925 года, а сама кніга выйшла з друку ў ліпені—жніўні таго ж года. Адсюль вынікае, што ў студзені — чэрвені 1925 года спачатку рукапіс праглядаўся цэнзарамі, пасля чаго быў дапрацаваны з улікам іх заўваг аўтарам паэмы. Тут, бясспрэчна, бачны больш жорсткі кантроль Галоўлітбела новага складу, а не пад старшынствам Р. К. Шукевіча-Траццякова.
Па сутнасці, чытачоў новай кнігі «Сымона-музыкі. Без цэнзуры» дастаткова было коратка пазнаёміць з гісторыяй стварэння найвыдатнейшага твора беларускай літаратуры.
Унутранага аўтарскага самакантролю не дастае А. Трафімчыку. Яго пасляслоўе (паслямова) загрувашчана патокам не вельмі зразумелых разважанняў, пры гэтым 35 працэнтаў тэксту складаюць цытаты. Колькі не прымяняў «комплексу метадаў» аўтар прадмовы і пасляслоўя (паслямовы), ён жа ўкладальнік, каментатар, стыльрэдактар, карэктар, па факце атрымалася няўдалая аб’ёмная кампаноўка матэрыялаў пасляслоўя, ды і на кошце кнігі гэта, безумоўна, адбілася.
Кропку ў літаратурна-мастацкім выданні Якуба Коласа «Сымон-музыка. Без цэнзуры» варта было паставіць там, дзе паставіў яе аўтар паэтычнага шэдэўра, а «Кругі…» няхай сабе ідуць па вадзе…
Вера МІЦКЕВІЧ
Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.
Прафесійна, аператыўна, па-добраму.