Вы тут

Пра карысць неспакою


Помніце дыялог бацькоў з мультфільма пра самастойнага хлопчыка дзядзьку Фёдара? «Трэба, каб у доме і сабакі былі, і кошкі, і прыяцеляў цэлы мех, і ўсякія там жмуркі-хованкі... Вось тады дзеці і не стануць прападаць», — даводзіў тата. — «Тады бацькі прападаць пачнуць!» — адрэзала мама. Літаральна ў дзвюх-трох фразах — сутнасць глабальнага канфлікту інтарэсаў розных пакаленняў.


Быць дзіцем, асабліва маленькім, насамрэч цяжка. Бо нармальнае здаровае дзіця, па трапным выразе знакамітага доктара Камароўскага, худое і актыўнае, з шылам самі ведаеце дзе. Яно прагне бегаць, скакаць, усё хапаць, спасцігаць свет з тысячай розных «чаму» і «як». А мы вучым спачатку хадзіць і гаварыць, а потым — сядзець і маўчаць. І часта патрабуем несумяшчальных рэчаў: так, ты займайся — і спортам, і музыкай, і верш на памяць, і англійскую паўтары, але не ўслых і не тут. Бо тата працуе, мама стамілася, у дзядулі галава баліць. Так што, калі ласка, пагуляй у іншым месцы, пасядзі хвіліначку ціха, не замінай, хоць трошкі памаўчы — а на думку суседзяў, лепш і плач бязгучна, і рухайся бясшумна.

Вы бачылі на свае вочы такіх міфічных персанажаў? Наўрад ці. Ціхія і зручныя для навакольных яны тады, калі «сядзяць» у гаджэтах — а гэта не проста не выйсце, а крыніца новых праблем у стасунках бацькоў і дзяцей. Альбо калі задумваюць ці ўжо здзяйсняюць якое-небудзь свавольства. Зноў жа, чаго далёка хадзіць: у нас у кватэры раптоўная цішыня абазначае, што малодшае цішком лезе ў камп'ютар «глядзець фатаграфіі» (тры секунды на здзяйсненне), трыбушыць татаву ці маміну рабочую сумку або торбы з пакупкамі (15—20 секундаў на навядзенне творчага беспарадку і мастацкай інсталяцыі на падлозе ці стале), падставіла крэсла і лезе да чаго-небудзь строга забароненага і крохкага (пяць секундаў на рэалізацыю, маштаб разбурэнняў непрадказальны). Таму, як толькі наступае гэта страшнае імгненне цішыні, трэба падхоплівацца, бегчы, забіраць недазволенае, пераключаць увагу і прапаноўваць штосьці больш захапляльнае.

З цягам часу прыходжу да высновы, што цішыня — злосны вораг бацькоў. Калі дзіця зусім маленькае, устаеш пасярод ночы ад пранізлівай цішыні: ці дыхае? Калі падрастае, то працяглая паўза — верны знак учыненай шкоды або зацішку перад бурай. Калі зусім дарослае і самастойнае, гадаеш, калі наступіць абазначанае ў СМС «хутка буду», і прыслухоўваешся, ці не звіняць ключы.

Натуральна, ад штодзённага шуму і мітусні стамляешся, і часам патрэбны спакой і адпачынак. Але на вечны, пагадзіцеся, заўжды паспеем. Тым больш калі перад вачыма шмат жывых прыкладаў ціхай, самотнай адзіноты, якая паглынае, забірае здароўе і дабаўляе гадоў не старым яшчэ людзям — нікому не пажадаеш...

Таму — не трэба, не абсякайце іх штохвіліны, патрабуючы цішыні. Пакіньце дзецям права быць дзецьмі — шумнымі, гарэзлівымі, якім цалкам неабходна і пасмяяцца, і пабегаць, і пагуляць у не самыя ціхія гульні, пакуль не сядзе ўнутраная батарэйка (мая бабуля называла гэты стан «сярэдзіна поўная, краёчкі іграюць»). Канешне, шумець трэба без фанатызму, аніякіх там начных караоке і футбольных матчаў на ламінаце — усё ж выхаванне і павагу да правоў іншых людзей ніхто не адмяняў. Але, па вялікім рахунку, калі дом шуміць, звініць, гудзе — значыць, ён жыве, і ў вас усе дома.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.