Вы тут

Мастацкі кіраўнік «Песняроў» пра радасці і складанасці сямейнага жыцця


Мастацкі кіраўнік «Песняроў» разам з жонкай у шчырым інтэрв'ю расказаў пра радасці і складанасці сямейнага жыцця

Здаецца, гэта было зусім нядаўна: падчас канцэрта прыхільнікі павіншавалі Рамана Козырава з нараджэннем двайнят. З таго часу прайшло дзесяць гадоў, і ён заўсёды з пяшчотай гаварыў пра сваіх дзяцей і жонку. Але толькі цяпер мужчына рашыўся расказаць пра няпросты дыягназ хлопчыкаў: як яго прыняць, як жыць, як не перакладаць свае праблемы на плечы іншых людзей.


— Раскажыце пра знаёмства з будучай жонкай.

Раман: — На Аксану ўпершыню звярнуў увагу падчас экзамену нашай агульнай знаёмай ва ўніверсітэце культуры. Аксана — харэограф, і вось менавіта ў танцы я яе і ўбачыў. Да таго ж яна вельмі прыгожая жанчына, і не заўважыць гэта было немагчыма. Мы тады пазнаёміліся, але сябраваць пачалі крыху пазней. І я, і Аксана з'ехалі працаваць па кантракце ў адну з усходніх краін. Падчас гэтай камандзіроўкі мы прыглядаліся адно да аднаго, а сустракацца пачалі ўжо ў Мінску.

— Колькі часу прайшло вось ад гэтага букетна-цукерачнага перыяду да вяселля? І ці быў у вас вопыт сумеснага жыцця да рэгістрацыі шлюбу?

Раман: — Ад знаёмства да вяселля прайшло чатыры гады. А, так бы мовіць, «рэпетыцыі» не было, бо мы ўвесь час у раз'ездах. Я лічу, што мужчына можа заводзіць сям'ю, калі ў яго ўжо ёсць сваё жыллё або выразная перспектыва, калі яно з'явіцца. Уласна, рашэнне пайсці ў загс было абумоўлена тым, што нам хацелася знаходзіцца разам, нягледзячы на гастролі. Да таго часу я купіў кватэру, так што не ўзнікала пытання, куды прывесці жонку.

— Аксана, а як вы ўспрынялі тую акалічнасць, што выходзіце замуж за артыста «Песняроў», што прадугледжвае наяўнасць паклонніц?

Аксана: — Дрэнна, калі ў артыста няма паклонніц. Трэба размяжоўваць тых, каму цікавая творчасць, і дзяўчат, якія «палююць» на артыстаў як на «статусных кавалераў». Я сама творчы чалавек, таму добра разумею гэта. Не думаю пра дрэннае, бо хочацца давяраць і жыць спакойна, тварыць, развівацца і радавацца жыццю.

— Раман, а вы былі знаёмыя з сям'ёй Аксаны да вяселля?

Раман: — Так, мая і Аксаніна бацькоўскія сем'і падобныя. Для нас гэта прыклад, як трэба жыць. Упэўнены: гэта вельмі важна, што мы выхаваны ў падобных традыцыях, на адных каштоўнасцях. Не скажу, што мы на сто працэнтаў зможам гэтак жа жыць, усё ж такі іншы час, але зараз мы глядзім на нашых бацькоў і думаем пра тое, што праз 20—30 гадоў хацелі б гэтак жа ставіцца адно да аднаго, да сваіх дзяцей і ўнукаў.

— Усе казкі заканчваюцца вяселлем. У жыцці ж самае цікавае пачынаецца пасля яго: тут і пытанні пра грошы ўсплываюць, і пра тое, хто будзе мыць посуд. Вы абмяркоўвалі гэтыя тэмы да таго, як пабраліся шлюбам?

Раман: — Не, я прытрымліваюся такой класічнай мадэлі: калі мы сям'я, значыць, у нас усё агульнае, і мы заўсёды разам. Гэта тое, што я бачыў у сваёй сям'і. Я не хацеў бы пачынаць сямейнае жыццё са складання шлюбнага кантракта.

Аксана: — Мы былі маладыя, шчаслівыя, усё было як у ружовых акулярах: прыгожа, радасна, з песнямі і танцамі. Бытавыя пытанні не ўзнікалі і не стаялі на першым плане. Мы дзяліліся творчымі ідэямі, разам нам было вельмі камфортна.

— А ўсё ж такі, як вы плануеце сямейны бюджэт?

Раман: — У прыярытэце ў нас  — выдаткі на дзяцей, на іх здароўе, развіццё. Абсалютна ўсё роўна, якой фірмы на мне адзенне. Нават калі б не было такіх абставін, мы не гналіся б за самым вялікім тэлевізарам і апошняй мадэллю халадзільніка. На мой погляд, і машына павінна быць бяспечнай і адпавядаць патрэбам сям'і, а не прэстыжнай маркі і моднага колеру. З бацькоўскай сям'і я вынес такі досвед: у жыцці заўсёды ёсць нейкі прыярытэт. Бацькі, два маіх браты — усе музыкі. У нас магло не быць новых джынсаў, але інструменты былі найлепшыя на той час, як і педагогі, — і тут, і ў Маскве. Зараз цэнтр нашага жыцця — дзеці.

— Іх у вас трое ...

Раман: — Мы доўга чакалі дзяцей. Нашы першынцы — двайняты Стас і Глеб нарадзіліся раней тэрміну, і, як следства, маюць рухальныя праблемы. Першыя тры месяцы жыцця хлапчукі правялі ў рэанімацыі. Потым ім рабілі аперацыі. Увесь гэты час яны праходзяць курсы рэабілітацыі ва ўмовах медустаноў. Кожны дзень ім неабходныя масаж, ЛФК і шмат усяго іншага. Вось на гэта і выдаткоўваюцца грошы. Бязмежна захапляюся Аксанай, таму што сям'я трымаецца на яе плячах. Калі я ў Мінску, вядома ж, дапамагаю. Мы аб'ездзілі рэабілітацыйныя цэнтры ў Беларусі, Украіне, Расіі, Польшчы. Усе імкнуцца трапіць у брэсцкі рэабілітацыйны цэнтр «Тонус» — там не толькі выдатныя спецыялісты, тэхніка, але і ўмовы. А вось у Мінску цэнтр на Валадарскага месціцца ў старым будынку — такі ж ліфт, сталовая ў калідоры ... Дзецям цяжка пераадольваць паверхі, бацькі вымушаныя насіць іх на руках, каб усюды паспець.

— Раман, у «Песнярах» даволі доўга вы былі музычным кіраўніком, як пры такой сямейнай нагрузцы рашыліся на пасаду мастацкага кіраўніка-дырэктара?

Раман: — Вячаслаў Шарапаў пасля 15 гадоў працы сышоў нечакана. Ён, напэўна, стаміўся. Зараз яго разумею і здзіўлены, як ён столькі пратрымаўся, бо гэта неймаверная нагрузка. У першую чаргу — псіхалагічная, вялікая адказнасць за людзей. Міністэрства культуры да канца не верыла, што ён сыдзе, таму за дзень да заканчэння яго кантракта, калі стала зразумела, што ён не жартуе, сабралі сход. І ўжо калектыў вырашыў, што кіраваць далей буду я, хоць і адмаўляўся. Мяне літаральна ўгаварылі на сходзе. Галавой я разумеў, што ўжо «ў тэме» і ведаю нашы праблемныя пытанні ў калектыве, але ў той жа час усведамляў, што цяпер гэтаму давядзецца прысвячаць усяго сябе. Таму былі сумненні. Са Славам мы працавалі ў тандэме, таму ён прасіў Міністэрства культуры ўлічыць меркаванне калектыву і яго асабістую рэкамендацыю. Мы да гэтага часу падтрымліваем сяброўскія адносіны. Як старэйшы калега, ён дапамагае парадамі, за што я ўдзячны яму.

— Аксана, а вы сумуеце па працы?

Аксана: — Вядома. Спадзяюся, што калі-небудзь вярнуся. А пакуль працую мамай і жонкай. І харэографам таксама — са сваімі дзецьмі. Калі тата на гастролях, мы любім зладзіць танцавальна-музычны вечар. Танцуем, куляемся, спяваем, іграем на музычных інструментах. Гэта разрадка для ўсіх — і вялікіх, і маленькіх.

— Як вы рашыліся на трэцяе дзіця?

Аксана: — Я вельмі хацела яшчэ адно дзіця. Гэта вымаленае дзіцятка, якое вельмі чакалі мы і нашы родныя. Наша Віялета — гэта сонейка для нас усіх. Хлопчыкі яе вельмі любяць. Яны робяць ёй кампліменты, захапляюцца яе танцамі, кажуць, што яна — наша радасць. У нас ёсць яшчэ вельмі разумная котка Шурка, яна — наш псіхолаг і выхавальнік, дапамагае разраджаць абстаноўку.

Раман: — Для мяне дзяўчынка — гэта нейкі неверагодны космас! У нас у сям'і былі толькі мужчыны, таму мае бацькі і я вельмі шчаслівыя. Аксаніны родныя, вядома, таксама рады ўнучцы.

— Розніца паміж вашымі дзецьмі восем гадоў. Як рыхтавалі Стаса і Глеба да з'яўлення сястрычкі?

Аксана: — Для іх не было сюрпрызам нараджэнне Віялеты. Мы ім расказвалі, што вельмі добра, калі ў чалавека вялікая сям'я, некалькі братоў і сясцёр. Яны не ўспрымаюць сястру як канкурэнтку. А мы дзелім любоў пароўну на ўсіх дзяцей.

— Дзе хлапчукі вучацца — у школе або настаўнікі прыходзяць дадому?

Раман: — У звычайнай школе, у інтэграваным класе. Я лічу, што сфера адукацыі для асаблівых дзяцей развіваецца лепш, чым медыцына. Магчыма, зараз нешта змянілася, але калі нарадзіліся нашы хлопцы, медыкі тлумачылі нам няшмат. Або вось такі пасыл: «Паглядзім, што будзе, калі ім споўніцца год». На Захадзе зусім іншы падыход: там з першых дзён жыцця, адразу пасля адключэння ад апаратаў штучнага дыхання, неданошаных дзяцей уключаюць у рухальную праграму. Распрацаваны цэлыя методыкі, якія запускаюць рухальныя функцыі. Там разумеюць, наколькі важна не марнаваць час. Калі б мы самі не пачалі цікавіцца, кансультавацца, паказваць хлопчыкаў розным спецыялістам, было б значна горш. На мой погляд, трэба даваць бацькам дакладныя інструкцыі, што і як рабіць з першага дня жыцця дзяцей, пры неабходнасці вылучаць цьютараў — памочнікаў. За мяжой робяць вялікі ўпор на лячэнне асаблівых дзетак менавіта ў першыя гады жыцця, каб потым зняць інваліднасць. Тады ў чалавека будзе зусім іншая якасць жыцця. Вядома, затраты нясе і дзяржава, але яны непараўнальна меншыя, чым калі чалавек застаецца інвалідам на ўсё жыццё.

Інтэграваныя класы я лічу добрай практыкай. Яны даюць магчымасць асаблівым дзецям сацыялізавацца. З іншага боку, нават хуліганістыя хлопцы пачынаюць адчуваць адказнасць за тых, хто слабейшы.

— Раман, а вы ніколі не думалі пра тое, што, карыстаючыся публічнасцю-папулярнасцю, можна было папрасіць дапамогі ў паклоннікаў, арганізаваць збор сродкаў, каб неяк палегчыць сабе жыццё?

Раман: — Не. Гэта нашы дзеці і наша адказнасць. Мне было б проста сорамна так рабіць, таму што ў тых жа цэнтрах рэабілітацыі я бачу сем'і з меншым дастаткам, чым наша. Нярэдка толькі адна маці клапоціцца пра дзіця. А ў нас усё добра. Нас вельмі падтрымліваюць бацькі. Перш за ўсё, яны любяць унукаў, прымаюць іх такімі, якія яны ёсць. Заўсёды адгукаюцца, калі патрэбна дапамога, калі я ў ад'ездзе. Аксаніны бацькі цяпер жывуць у доме каля Белавежскай пушчы. У іх вялікая гаспадарка, і яны забяспечваюць нас гароднінай, садавіной, мясам, малочнымі прадуктамі. На ўсё лета яны забіраюць да сябе хлапчукоў. Для іх там такое раздолле! Бацькі Аксаны вельмі ненавязліва, з элементамі гульні і, вядома, улічваючы магчымасці хлопцаў, прывучаюць іх да працы. Сыны пасуць качак, водзяць гусей на вадаём. Дзеці — сапраўдныя эксперты па хатняй птушцы! Яны ведаюць, якім «вакалам» курыца паведамляе, што знесла яйка. Стас і Глеб бяруць кошык і ідуць іх збіраць. Бабуля навучыла, што адно яйка трэба абавязкова пакінуць, каб курыца вярнулася на наседжанае месца. Калі я прыязджаю ў вёску, то іду з сынамі на рыбалку. На канікулах мы, вядома, пабываем у рэзідэнцыі Дзеда Мароза.

Уладзімір Мулявін-малодшы, Алег Жалезнякоў,  Аксана і Раман Козыравы, Марына Мулявіна, Сяргей Шкурдзе.

— Раман, калі ехала з «Песнярамі» на гастролі ў Гомель, чула, што вы інструктавалі калегу, як правільна павесіць жырандолю. А што яшчэ вы робіце ў доме
сваімі рукамі?

Раман: — Жырандолю я павесіў без старонняй дапамогі. Прыдумаў цэлую сістэму, як яе падняць, застаючыся на драбінках. Шкадую, што не зняў ролік... Так атрымалася, што ў гэтую кватэру я заязджаў адзін — Аксана была ў радзільні. У мяне было два месяцы, каб падрыхтаваць жыллё да прыезду сям'і. Не скажу, што ўсё зрабіў сам, — гэта проста немагчыма. Дапамагалі родныя, сябры, калегі. Люблю такую змену дзейнасці — гэта дае магчымасць цалкам пераключыцца, па-свойму адпачыць. Зноў жа ўсё ідзе з бацькоўскай сям'і: нас, траіх братоў, так выхавалі. Разам з бацькамі рабілі рамонт у кватэры, апаратуру з татам рамантавалі, усе ў вёсцы працавалі, так што для мяне гэта не ў навіну.

— Аксана, на вас — каласальная нагрузка. Як пры гэтым атрымліваецца добра выглядаць?

Аксана: — Мне падабаецца быць прыгожай! А калі сур'ёзна, то дзецям патрэбна прыгожая, жыццярадасная мама. Вядома, нам было няпроста прыняць сітуацыю з хлапчукамі. Было ўсё: слёзы, адчай, паніка. Але мы гэта пераадолелі. Дзеці павінны бачыць усмешку, адчуваць клопат і нашу любоў.

— Чытала, што ў часы мулявінскіх «Песняроў» нібыта быў клуб жонак. А зараз?

— Цяпер такога клуба дакладна няма (смяецца). Калектыў ансамбля невялікі, вядома ж, мы сябруем сем'ямі, падтрымліваем і дапамагаем адно аднаму.

Аксана ЯНОЎСКАЯ

Фота Святланы Коваль і з сямейнага архіва Козыравых

Загаловак у газеце: «Сям'я трымаецца на плячах жонкі»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Чым жыве найлепшая маладая сям'я штурмавой авіяцыйнай базы ў Лідзе

Чым жыве найлепшая маладая сям'я штурмавой авіяцыйнай базы ў Лідзе

Абодва яны спяваюць, пішуць вершы пра сваю сям'ю і іграюць на музычных інструментах.

Грамадства

Франтавы повар аб тым, чым кармілі чырвонаармейцаў

Франтавы повар аб тым, чым кармілі чырвонаармейцаў

Разам з карэспандэнтам «Звязды» ветэран Вялікай Айчыннай вайны франтавы повар Ганна Воранава ўспомніла пра самыя шчаслівыя і самыя горкія моманты жыцця.

Эканоміка

Як зберагчы ўласныя фінансы ў падарожжы

Як зберагчы ўласныя фінансы ў падарожжы

Неад'емным аксесуарам вандроўкі сёння з'яўляецца плацежная картка.

Грамадства

Ці лёгка быць маладым дырэктарам школы?

Ці лёгка быць маладым дырэктарам школы?

Поспех установы адукацыі — заслуга педкалектыву, а няўдача — памылка яе кіраўніка.