Вы тут

Небяспечныя гульні. На што трэба звярнуць увагу бацькам падлеткаў


Днямі суд Першамайскага раёна Мінска абвясціў прысуд удзельнікам вечарынкі, падчас якой 19-гадовая дзяўчына загінула ад ужывання псіхатропу. Моладзі ад 17 да 20 гадоў, студэнтам і абітурыентам, якія толькі паступілі ва ўніверсітэт у мінулым годзе, але так і не змаглі прыступіць да заняткаў, прад'яўлена абвінавачванне за незаконны абарот наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў. Гэта гучная справа ўзрушыла не толькі бацькоў, але і ўсё грамадства. Як здараецца, што маладыя людзі аказваюцца на лаве падсудных нечакана для саміх сябе і сваіх блізкіх? На што звярнуць увагу бацькам, каб уберагчы сваіх дзяцей ад праблем з законам, і як інспектары працуюць з сучаснай моладдзю, расказаў намеснік начальніка аддзела прафілактыкі УАПП ГУУС Мінгарвыканкама Яўген Абрамовіч.


Фота носіць ілюстрацыйны характар.

— Нягледзячы на век інфарматызацыі, дзеці ў сілу ўзросту і невялікага досведу не разумеюць небяспечнасць «гульні» з наркотыкамі. Нават разумныя падлеткі, якія добра вучацца, трапляюць у вельмі складаныя сітуацыі з-за небяспечных рэчываў. Адны становяцца залежнымі ці гінуць, іншыя — атрымліваюць тэрміны пазбаўлення волі. Я аналізую затрыманні непаўналетніх і бачу на лаве падсудных моладзь ад 14 гадоў. Наркадзялкі ведаюць, што за распаўсюджанне наркотыкаў даюць вялікія тэрміны зняволення, таму ўцягваюць у свае справы непаўналетніх. Часцей за ўсё дзеці «пападаюцца», калі робяць так званыя «закладкі» наркотыкаў. Помню хлопца, які ўладкаваўся на работу кур'ерам за 1000 долараў у месяц, каб больш не прасіць у маці грошы. У асабістай перапісцы яго паведамілі, што канкрэтна ён будзе дастаўляць. Ён асмеліўся не адразу, але спакуса аказалася вялікай, маўляў, зараблю на тэлефон і красоўкі — і ўсё. Але папаўся. Бацькі ж былі ўпэўнены, што іх дзіця проста малайчына, ганарыліся, што ўладкаваўся на работу... Здаецца, мы робім усё, каб данесці школьнікам інфармацыю аб тым, якую небяспеку тоіць у сабе ўжыванне і распаўсюджанне наркотыкаў. Праводзім лекцыі ў школах, гімназіях, каледжах, расказваем і тлумачым, але, на жаль, размовы не на ўсіх уплываюць.

— Якія яшчэ правапарушэнні распаўсюджаныя сярод падлеткаў?

— На самай справе вельмі розныя. Аднак часцей за ўсё затрымліваем дзяцей за распіццё спіртных напояў. Прычына банальная — жаданне пакаштаваць алкаголь. Прычым гэта ніяк не звязана з тым, у якой сям'і выхоўваецца падлетак. Паспрабаваць забароненае — уласцівасць пераходнага ўзросту. Яшчэ дзеці могуць пахуліганіць, напрыклад, сметніцы параскідваць ці пашкодзіць транспартныя прыпынкі. Гэта такая бравада з боку падлетка, спроба заявіць аб сабе грамадству, калектыву...

Але хачу адзначыць, што сучасныя дзеці сістэмна не ўжываюць наркотыкі, у большасці сваёй не п'юць і не хуліганяць. Здараюцца гучныя справы, але гэта хутчэй выключэнне, чым правіла. Помню, на маёй адказнасці быў падлетак, які свядома выбраў крымінальны шлях: маўляў, буду крымінальным аўтарытэтам. І тлумачылі яму, што гэта не так, як у фільмах, якіх ён нагледзеўся... Але хлопец на той момант, на жаль, ужо страціў давер да дарослых і таму аказаўся ў спецустанове.

— Якім чынам дзеці трапляюць у спецустанову?

— У нас як бывае? Падлетак напіўся ці скраў нешта ў краме. Разумее — гэта дрэнна і яго павінны пакараць. Яго і сапраўды выклікаюць на камісію. Ён чакае, баіцца. А камісія што робіць? Стараецца высветліць прычыну такіх паводзін, каб дапамагчы. Пагаварылі, паўшчувалі на камісіі і ўсё. На аднаго і сапраўды размова паўплывае, на іншага — не. Вось у апошніх зноў здараюцца парушэнні. Спецустанова — гэта як паказчык таго, што за правапарушэнне ў нашай дзяржаве рана ці позна прыйдзецца несці адказнасць. Калі на дзіця не ўздзейнічаюць ні размовы, ні іншыя мерапрыемствы, якія праводзяць інспектары ІСН, то мы такіх накіроўваем ва ўстанову закрытага тыпу. Гэта яшчэ не турма, а ўстанова адукацыі. Там знаходзяцца падлеткі з усёй краіны, яны жывуць пад назіраннем педагогаў і псіхолагаў круглыя суткі. Канешне, ёсць абмежаванне ў зносінах з сябрамі і бацькамі. Звычайна наступны крок пасля гэтага — турма. Але часцей за ўсё дзеці, пабываўшы ў такой установе, стараюцца туды не вяртацца.

— Ужо прайшло больш за год, як унеслі папраўкі ў закон «Аб асновах сістэмы прафілактыкі безнагляднасці і правапарушэнняў непаўналетніх». Ці былі яны на карысць?

— Так. Па-першае сёння стала значна менш дзяцей, з якімі неабходна праводзіць работу. Раней у нас не было ўзроставага абмежавання і тэрмінаў знаходжання на ўліку падлеткаў, якія здзейснілі правапарушэнні. Цяпер усё інакш. Мы можам праводзіць работу з дзецьмі, якім ужо ёсць 11 гадоў. Бо самі разумееце, што ў 7—10 гадоў дзіця яшчэ не можа асэнсаваць што дрэнна, а што добра. Але з 11 гадоў, мы лічым, да малых ужо можна прымаць меры выхаваўчага характару, напрыклад, накіраванне ў спецыяльную выхаваўчую ўстанову закрытага тыпу. Аднак адзінаццацігадовых у нас мала. Цяпер супрацоўнікі інспекцыі і адукацыі могуць удзяляць няпростым дзецям больш увагі, чым раней. Па-другое, людзі сталі прывыкаць да таго, што мы ўжо не ставім падлеткаў на ўлік. У нас проста існуюць дзеці, з якімі праводзіцца індывідуальная прафілактычная работа. Бацькі і самі дзеці пачалі ставіцца да нашай работы больш спакойна. Калі дзіця не парушае закон, то звычайна праз год работа з ім спыняецца. Праўда, калі яно асуджана, то знаходзіцца пад нашым назіраннем, пакуль не скончыцца выкананне прыгавору суда.

— Што вы маеце на ўвазе, калі гаворыце, што праводзіце работу з падлеткамі?

— Мы нашых падапечных далучаем да ўдзелу ў розных мерапрыемствах. Наведваем дзяцей дома і па месцы вучобы: адных — раз у месяц, іншых — кожны тыдзень. Супрацоўнік міліцыі сам выбірае форму работы, зыходзячы з асабістых характарыстык падлетка. У жыцці розныя сітуацыі бываюць... Часта малым проста не хапае мужчынскай увагі, а інспектар можа растлумачыць нешта падлетку і неяк скарэктаваць паводзіны. Інспектары, калі ёсць неабходнасць, таксама кантралююць працэсы навучання... І калі ёсць праблемы, разам з педагогамі, псіхолагамі стараюцца знайсці прычыну, напрыклад, чаму малады чалавек не робіць дамашняе заданне ці прапускае заняткі. У такіх выпадках дзіця бачыць, што яго кантралююць, з ім размаўляюць, расказваюць аб наступствах яго паводзін. Разумееце, перспектыва трапіць у спецыяльную ўстанову ці турму нікога не вабіць. Праўда, гэта толькі адзін з утрымліваючых фактараў для дзіцяці. Нашай задачай больш бачу выявіць прычыну недапушчальных паводзін.

— Вы гаварылі, што інспекцыя праводзіць мерапрыемствы...

— Так. Мы стараемся арганізаваць вольны час дзяцей. Праводзім розныя спартыўныя турніры па футболе, хакеі, валейболе... Летам у нас праходзіць маштабнае мерапрыемства пад назвай «Лета — пара актыўная!», калі мы разам з дзецьмі наведваем музеі, аквапаркі, заапаркі, кінатэатры... Падчас гэтай акцыі ў нашым горадзе адзначаецца зніжэнне падлеткавай злачыннасці. Таксама прапануем дзецям падчас канікул патрыятычныя летнікі, якія працуюць ўжо не першы год. Сталі актыўна супрацоўнічаць з БРСМ, напрыклад, летась яны праводзілі для нашых дзяцей лазартаг, а таксама турніры па футболе і тэнісе. Вядома, разам з малымі гулялі і нашы інспектары. Такія мерапрыемствы аб'ядноўваюць, паміж інспектарам і падапечным узнікае давер. Гэта важна ў нашай рабоце.

Увогуле стараемся заняць вольны час кожнага падапечнага з улікам яго інтарэсаў. А то ў нас як бывае — мама сказала, напрыклад — «Хадзі на бісер», — і ўсё! Ну, не хоча гэтае дзіця хадзіць «на бісер». Часта асноўнай праблемай «цяжкага падлетка» з'яўляецца яго незанятасць. Такіх мы накіроўваем, напрыклад, у Цэнтры, дружалюбным падлеткам, ды ўвогуле варыянтаў шмат. Калі ў падлетка з'яўляецца зацікаўленасць ў чымсьці, то праблемы вырашаюцца самі сабой.

— Іншымі словамі, вы робіце тое, з чым не справіліся бацькі?

— Я сказаў бы, што дапамагаем бацькам накіраваць дзіця ў патрэбнае рэчышча. Калі збіраецца камісія, кожны суб'ект прафілактыкі, а гэта педагогі розных узроўняў, псіхолагі і іншыя спецыялісты — прапаноўваць свае рэсурсы. З розных прычын не заўсёды бацькі могуць арганізаваць вольны час дзецям. Бывае, проста не дазваляюць фінансы, адсутнасць бабулі ці дзядулі, якія могуць кантраляваць дзяцей, — і падлетак застаецца адзін, без інтарэсаў і неабходнага догляду.

Увогуле, няма аднолькавых падлеткаў. Яны ўсе розныя. Індывідуумы. Дастукацца да іх, знайсці той самы ключык, схіліць да сябе, выклікаць давер — гэта і ёсць праца інспектара. Заўсёды трэба маніторыць дзіця. Што яму цікава, чым займаецца... Старонка ў сацыяльных сетках шмат што гаворыць аб падлетку. І нашы інспектары ўсё гэта вывучаюць, каб «выцягнуць» дзіця, знайсці яго інтарэсам законнае выйсце.

Наталля ТАЛІВІНСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як «маленькая «Заря» распальвала партызанскі рух на Брэстчыне

Як «маленькая «Заря» распальвала партызанскі рух на Брэстчыне

У 1943—1944 гадах легендарнай Хаваншчыны (Івацэвіцкі раён) немец баяўся як агню.

Культура

Андрэй Куціла: У параўнанні з ігравым  дакументальнае кіно — несумленнае

Андрэй Куціла: У параўнанні з ігравым дакументальнае кіно — несумленнае

Заўтра ў харвацкай сталіцы пачынаецца міжнародны фестываль дакументальнага кіно ZаgrеbDох, у асноўны конкурс якога адабраны і фільм беларускага дакументаліста Андрэя Куцілы Summа.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Піць — хваробу лячыць...

Эканоміка

Ці паўплываюць буйныя спартыўныя спаборніцтвы на кошт арэнды жылля ў Мінску

Ці паўплываюць буйныя спартыўныя спаборніцтвы на кошт арэнды жылля ў Мінску

Рынак нерухомасці заўсёды нестабільны перад значнымі мерапрыемствамі, якія прыцягваюць турыстаў.