Вы тут

Чаму Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа наймае сацыяльных няняў


У сярэднім у кожнай дзіцячай абласной клінічнай бальніцы на лячэнні штомесяц знаходзіцца па 10—15 дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, ва ўзросце ад некалькіх месяцаў і да 10 гадоў. Дактары і медсёстры абследуюць такіх дзетак, бяруць у іх аналізы, лечаць. Але ніхто з імі не гуляе, не бярэ іх на рукі, не размаўляе... У медсясцёр на гэта проста няма часу, а няня, якая займалася б з дзецьмі-сіротамі, у штатным раскладзе нашых бальніц не прадугледжана...


«Шкада было гэтых малютак да слёз!»

Сітуацыя крыху змянілася, калі ў Беларускім таварыстве Чырвонага Крыжа вырашылі запусціць праект «Няня замест мамы». Мая суразмоўніца Вольга Грыцкевіч у рамках гэтага праекта з ліпеня мінулага года працуе сацыяльнай няняй у Гомельскай дзіцячай абласной клінічнай бальніцы — у аддзяленні, дзе ляжаць дзеткі да двух гадоў, якія засталіся без апекі бацькоў.

Вользе Грыцкевіч 58 гадоў. Кажа, што да пенсіі працавала ў аддзеле кадраў у будаўнічай арганізацыі. «Раней няньчыла дарослых, а цяпер перайшла на дзяцей, — смяецца яна. — З дзецьмі лягчэй. А вось дарослыя будаўнікі, ведаеце, і на работу могуць не выйсці, і запіць... І з усімі трэба было аддзелу кадраў разбірацца».

— Ёсць сем'і, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, бацькі часцей за ўсё п'юць, — тлумачыць Вольга Іванаўна. — І калі дзеці ў такіх сем'ях недагледжаныя — галодныя і халодныя, брудныя, — сацработнікі іх з сям'і забіраюць. Малых змяшчаюць у бальніцу, дзе дактары іх абследуюць. А потым мы чакаем рашэння суда: што з імі рабіць далей. Некаторым бацькам даюць шанц выправіцца і аддаюць дзяцей назад у сям'ю, але гэта адзінкавыя выпадкі. Часцей за ўсё дзетак адпраўляюць у дом малюткі.

Сацыяльная няня расказвае, што бачыла малых, якія нават не рэагавалі на сваіх бацькоў, калі тыя прыходзілі іх наведаць. «У нас быў хлопчык, яму было паўтара года, і ён не хацеў ісці да мамы, плакаў, — кажа Вольга Грыцкевіч. — Ён да мяне больш ішоў, таму што прывык ужо. Я ж тут кожны дзень з паловы дзявятай і да пяці. Кармлю іх, мыю, пераапранаю, магу на ручках патрымаць, прылашчыць — дзіцяці, асабліва хвораму, такая ўвага проста неабходна. Гэта і выздараўленню спрыяе... Маленькаму дзіцяці як паветра патрэбна цяпло, ласка, і яго не падманеш: калі ты да яго добра ставішся — тады і яно да цябе з усёй душой. Гэта цяпер мае дзеці! У аддзяленні так і кажуць: дзеці Вольгі Іванаўны (смяецца). Вось у мяне зараз дзевяць дзяцей. Самай маленькай — пяць месяцаў»...

Вольга Іванаўна прызнаецца, што на работу зараз ідзе з вялікім задавальненнем, бо ведае, што яе чакаюць маленькія выхаванцы. Хоць так было не заўсёды. «Я спачатку наогул думала, што не змагу тут працаваць, — успамінае яна. — Шкада было гэтых малютак да слёз! І часам я абуралася нават, калі ў некаторыя сем'і дзяцей вярталі, лічыла, што гэтыя бацькі не заслугоўваюць такога шанцу. Вы б іх бачылі, якімі яны сюды прыходзілі: счарнелыя ад п'янак, дрыжачыя! Прыносілі даведку, што закадзіраваліся, але гэта часта было толькі да атрымання дзіцячай дапамогі. Таму ў нас былі выпадкі, калі дзеткі паступалі сюды зноў...»

У 2017 годзе грамадскасць сабрала сродкі на зарплату 18 сацыяльным няням

Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа працуе над праектам, які дапамагае знайсці няняў для дзяцей без бацькоў у бальніцах краіны, з 2016 года. У бальніцы любое дзіця перажывае моцны стрэс з-за таго, што яно ў незнаёмым месцы, вакол — незнаёмыя людзі, і заўсёды трэба быць гатовым да ўкола ці яшчэ нейкай балючай працэдуры. Але часцяком простай чалавечай цеплыні і ласкі бывае дастаткова, каб дзіця адчула сябе лепш. Медыкі нават адзначаюць, што ў малых, якіх гладзяць і носяць на руках, хутчэй праходзяць прастуды і іншыя захворванні!

Цесны кантакт з маці ці нават з любым іншым клапатлівым дарослым — пытанне эмацыянальнай бяспекі для любога дзіцяці. Таму Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа і вырашыла наняць такіх сацыяльных няняў. Па задумцы няні павінны былі стаць людзьмі, якія дораць малым свой клопат, пераапранаюць, кормяць, водзяць на працэдуры, а яшчэ — бяруць на рукі, гуляюць, чытаюць казкі...

Наогул, першая сацыяльная няня, якая даглядала малых-сірот, з'явілася ў дзіцячай бальніцы Гродна ў 2015 годзе. А ў 2017-м грамадскасць сабрала сродкі на зарплату ўжо 18 сацыяльных няняў у 16 бальніцах Мінска, Гомельскай, Гродзенскай, Брэсцкай і Мінскай абласцей.

Праект «Няня замест мамы» працягваецца, кажуць у БТЧК. Пры падтрымцы грамадскасці сацыяльныя няні, якія будуць даглядаць дзяцей-сірот, у найбліжэйшы час з'явяцца ў бальніцах ва ўсіх рэгіёнах краіны.

Святлана БУСЬКО

Загаловак у газеце: «Кармлю іх, мыю, пераапранаю, магу на ручках патрымаць...»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Аповед жанчыны, якая здолела вярнуць дачку з сацыяльнага прытулку

Аповед жанчыны, якая здолела вярнуць дачку з сацыяльнага прытулку

Жанчыну, якая здолела не толькі вярнуць дзіця з прытулку, але і далей выхоўвае яго, знайсці аказалася не проста. 

Грамадства

Чаму зараз варта далей трымацца ад вадаёмаў?

Чаму зараз варта далей трымацца ад вадаёмаў?

Люты больш нагадвае пазачарговы вясновы месяц.

Грамадства

Капыльскі раён. Мінулы год можна назваць стабільным

Капыльскі раён. Мінулы год можна назваць стабільным

Чым Капыльскі раён жыве сёння і якія планы на перспектыву?

Грамадства

Якую літаратуру здаюць у букіністычныя крамы?

Якую літаратуру здаюць у букіністычныя крамы?

Калі звычайныя кнігарні працуюць па формуле «кніга — чалавек», то букіністычныя трымаюцца на прынцыпе «людзі — кнігі — людзі».