Вы тут

Каб атрымаць адтэрміноўку ад прызыву


Паўтара года назад мы з жонкай пабраліся шлюбам, абодва ўпершыню. Нядаўна нашай дачцэ споўніўся год, а ў мяне скончылася адтэрміноўка ад службы ў арміі ў сувязі са станам здароўя. Ці маю я права цяпер не пайсці ў войска з прычыны нараджэння дачкі і на які час? Мае бацькі, дарэчы, пенсіянеры, аднак у іх, акрамя мяне, ёсць яшчэ паўналетнія сын і дачка. Ці магу я атрымаць адтэрміноўку як кармілец сваіх родных?

Л. Г., г. Мінск


На пытанне адказвае Дар'я ГРЫЦКЕВІЧ, галоўны спецыяліст упраўлення прававога рэгулявання сацыяльнай дзейнасці дзяржавы галоўнага ўпраўлення нарматворчай дзейнасці ў сферы дзяржаўнага будаўніцтва Міністэрства юстыцыі Беларусі:

— Падставы, па якіх даецца адтэрміноўка ад прызыву грамадзян на ваенную службу, службу ў рэзерве, вызначаны артыкулам 32 Закона Рэспублікі Беларусь ад 5 лістапада 1992 года «Аб воінскім абавязку і воінскай службе» (далей — Закон). Для вас прычынай адтэрміноўкі будзе з'яўляцца ўтрыманне жонкі і дзіцяці ва ўзросце да трох гадоў. Пры гэтым тэрмін дзеяння адтэрміноўкі скончыцца, калі малой споўніцца тры гады.

Адтэрміноўкай ад прызыву ў армію, згодна з Законам, могуць стаць наступныя прычыны:

  • па стане здароўя;
  • для працягу адукацыі;
  • для праходжання інтэрнатуры і здачы кваліфікацыйнага экзамену па спецыяльнасці інтэрнатуры;
  • па сямейным становішчы;
  • для атрымання ваенна-тэхнічных спецыяльнасцяў;
  • у сувязі з ажыццяўленнем дэпутацкіх паўнамоцтваў;
  • на падставе ўказаў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Заканадаўствам вызначана, што адтэрміноўка ад прызыву на тэрміновую ваенную службу, службу ў рэзерве, па сямейным становішчы даецца грамадзяніну, які мае:

  • жонку падчас цяжарнасці — пры наяўнасці пацвярджальных дакументаў;
  • жонку і дзіця ва ўзросце да трох гадоў;
  • двух дзяцей;
  • непрацаздольных бацькоў або іншых членаў сям'і, якія адчуваюць патрэбу па стане здароўя ў адпаведнасці з заключэннем урачэбна-кансультацыйнай (рэабілітацыйнай экспертнай) камісіі ў чужым пастаянным доглядзе, і не знаходзяцца на поўным дзяржаўным забеспячэнні.

Апошні пункт мае сілу як падстава для адтэрміноўкі ад арміі, калі ў непрацаздольных старых адсутнічаюць іншыя працаздольныя асобы, якія пражываюць на тэрыторыі Беларусі і абавязаны ў адпаведнасці з заканадаўствам краіны ўтрымліваць названых членаў сям'і і клапаціцца пра іх незалежна ад таго, пражываюць яны разам або асобна. Або калі працаздольныя асобы ёсць, аднак яны праходзяць тэрміновую ваенную службу, службу ў рэзерве, альтэрнатыўную службу.

У вашым выпадку тое, што вы клапоціцеся пра двух непрацаздольных бацькоў, якія дасягнулі агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту, не можа стаць безумоўнай прычынай для адтэрміноўкі па сямейным становішчы. Нават калі ўрачэбна-кансультацыйная (рэабілітацыйная экспертная) камісія прыме рашэнне аб іх патрэбнасці ў пастаянным чужым доглядзе і яны не знаходзяцца на поўным дзяржаўным забеспячэнні, вы маеце паўналетніх брата і сястру, якія таксама абавязаны ўтрымліваць непрацаздольных членаў сям'і, дасягнуўшых пенсійнага ўзросту.

Звяртаю вашу ўвагу, што рашэнне аб прадастаўленні адтэрміноўкі ад прызыву на тэрміновую ваенную службу, службу ў рэзерве, прымаецца раённай (гарадской) прызыўной камісіяй.

Шаноўныя чытачы, калі ў вас узніклі пытанні юрыдычнага характару, дасылайце іх на наш паштовы або электронны адрас sіdаrоk@zvіаzdа.bу. У «Прававой гасцёўні» разам са спецыялістамі Мінюста і іншых устаноў мы будзем шукаць на іх адказы.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Ежа ці сімвал? Самы час зацікавіцца роспісам яек

Ежа ці сімвал? Самы час зацікавіцца роспісам яек

Карэспандэнт «Звязды» схадзіла на майстар-клас па стварэнні «пісанак».

Культура

Карэспандэнты «Звязды» пабывалі на начных здымках нацыянальнага кінапраекта

Карэспандэнты «Звязды» пабывалі на начных здымках нацыянальнага кінапраекта

Гісторыка-прыгодніцкая стужка пра Беларусь, беларуса-ваяра і беларуса-вучонага.

Спорт

Тры медалі ў беларусаў на этапе Кубка свету па скачках на батуце

Тры медалі ў беларусаў на этапе Кубка свету па скачках на батуце

Больш за 150 спарт­сме­наў з 36 кра­ін све­ту — гэта са­мыя моц­ныя ба­ту­тыс­ты су­час­нас­ці.